У Беларусі – новы помнік: конная статуя вышынёю больш за 11 метраў. Гэта князь Аляксандр Неўскі – праваслаўны святы, які да нашай гісторыі мае вельмі ўскоснае дачыненне. Зрэшты, у Беларусі – шэраг іншых помнікаў асобам, наўпрост не звязаным з нашаю краінаю.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
У Менску ставяць помнік Аляксандру Неўскаму, цешацца прарасейскія рэсурсы. Раней манумент князю ўладзімірскаму паставілі ў Віцебску.
«Асоба Аляксандра Неўскага не мае асаблівага дачынення да гісторыі Беларусі. Ён не займаўся стварэннем нейкага протабеларускага княства. Ён фактычна быў той асобай, якая пайшла на супрацу з татара-манголамі», – кажа гісторык Яўген Дудкін.
У Беларусі стае помнікаў асобам, якія не маюць дачынення да нашае краіны. Стае і помнікаў замежнікам ды культурніцкім дзеячам. Гэтак, у Магілёве стаіць помнік нямецкаму кампазітару Баху, у Гомлі – расейскаму кампазітару Чайкоўскаму, у Горадні – расейскаму біёлагу Мічурыну. А ў 2002-ім у Беларусі быў год Тараса Шаўчэнкі з адкрыццём помніку яму ў Берасці. Але расейскіх класікаў у Беларусі, падобна, шануюць найболей. Гэтак, у Мазыры ў свой час з’явіўся другі помнік Аляксандру Пушкіну – усталявалі да юбілею паэта.
Застаюцца ў Беларусі і помнікі савецкім дзеячам, якія не маюць беспасярэдняга дачынення да нашай краіны. У Горадні – бюсты Чапаева і Шчорса. У Воршы – Кіраў на поўны рост. У Менску – Фрунзе і Дзяржынскі. Праўда, гэтыя два функцыянеры хаця б біяграфіяй з Беларуссю звязаныя. У Свіслачы стаіць бюст Сталіна. Ці ёсць будучыня ў гэтых помнікаў? І ці варта з імі змагацца?
«Вось гэтыя помнікі сведчаць пра пэўны перыяд нашай гісторыі, і так проста пазбаўляцца іх валюнтарысцкім чынам немэтазгодна. Індывідуальна, я думаю, будуць прымацца рашэнні што да большасці такіх помнікаў», – кажа дацэнт ЕГУ Сцяпан Стурэйка.
Вызначаючы лёсы спрэчных помнікаў, трэба звяртаць увагу на іх мастацкую значнасць і ступень убудаванасці ў навакольны архітэктурны ансамбль, мяркуе эксперт.
Валянцін Васіленка, «Белсат»