«Савецкую капусту» заменіць Нацыянальны пашпарт Беларусі


Калі вы або хтосьці з вашых блізкіх згубіў пашпарт і няма як яго аднавіць, то гэтая навіна для вас. Платформа «Голас» запусціла апытанне аб праекце Нацыянальнага пашпарту Беларусі, які патэнцыйна зможа цалкам замяніць дзяржаўны пашпарт грамадзяніна з поўным захаваннем ягоных правоў. Пакуль што ёсць праект, і варта ацаніць неабходныя магутнасці друкавання гэтых пашпартоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Уявіце сітуацыю: вы за мяжой, у вас скончыліся старонкі для візаў або тэрмін дзеяння дзяржаўнага пашпарта, у Беларусь вы вярнуцца не можаце, а ў амбасаду трапіць цяжка або вы хвалюецеся за сваю бяспеку. Або чыноўнікі Лукашэнкі вырашылі завочна пазбавіць вас грамадзянства – за экстрэмізм. І вось дзяржаўны пашпарт ператвараецца ў непатрэбную паперку. Што рабіць?

Магчыма, неўзабаве можна будзе атрымаць Нацыянальны пашпарт Беларусі.

Дакумент, які пацвярджае беларускае грамадзянства, будзе мець у аздабленні нацыянальны герб «Пагоня» і гістарычны бел-чырвона-белы сцяг Беларусі. Ён будзе абаронены ад падробак заканадаўствам Еўразвязу, унутранымі еўрапейскімі дадатковымі пратаколамі бяспекі і, калі ўсё пойдзе добра, дазволіць беларусам атрымліваць візы і свабодна перасякаць межы шэрагу дзяржаваў. Прэзентацыя праекту, супольнага з літоўскімі партнёрамі, адбылася ў Варшаве.

«Гэта вельмі важны стратэгічны праект для нас, які падкрэслівае суб’ектнасць беларускага народу, дзе б ён ні знаходзіўся. Ва ўмовах, калі Беларусь пад пагрозай незалежнасці з боку агрэсіўнай Расеі, для нас вельмі важна паказваць, што мы шануем нашыя атрыбуты і сімвалы, што мы ўмацоўваем нашыя інстытуты», – патлумачыў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

Апроч гістарычных і мастацкіх сімвалаў Беларусі Нацыянальны пашпарт будзе ўтрымліваць полікарбанатную старонку са звесткамі і адмысловы пашпартны чып у вокладцы. На пачатку дакумент разлічаны для беларусаў замежжа.

«З таго, што я бачыў, гэта такі ж пашпарт, які сёння выпускаецца ў еўрапейскіх краінах. Ён будзе выпускацца такімі ж кампаніямі. Таму з пункту гледжання дакументу да яго не будзе ніякіх пытанняў», – мяркуе сузаснавальнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер.

Выява альтэрнатыўнага беларускага пашпарта на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Праект асабліва важны для тых, хто жыве ва Украіне – там беларускае консульства зачыненае і травой парасло.

«Каб выдрукаваць, выдаць пашпарты, каб даць у Еўразвяз на разгляд, таксама трэба будзе дапамога беларусаў», – паведаміла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Таму Абʼяднаны пераходны кабінет замовіў апытанне, каб ведаць запатрабаванасць дакументу і ў бліжэйшы час, і на будучыню. Праз Тэлеграм-бот ананімна можна пазначыць, колькі чалавек у сямʼі патрабуюць замены пашпарту і калі. Апытанне працягнецца тыдзень.

«Калі мы кажам пра 100 чалавек, то адзін сцэнар, калі дзясяткі тысячаў, то іншы сцэнар. Каб зразумець магчымы абʼём першай партыі, існуе гэтае апытанне», – тлумачыць Павел Лібер.

На сёння апроч дэталёва распрацаванага праекту ёсць і папярэдняя дамоўленасць з Еўракамісіяй. І перамовы працягваюцца.

«Мы разлічваем, што пад канец гэтага года ці трошкі раней у нас будуць фізічныя ўзоры дакументаў. Гэта будзе толькі пачатак на гэтым шляху. Дакументы будуць дасылацца ў Еўрапейскую камісію, а пасля будуць рассылацца па ўсіх краінах Еўразвязу з прапановай разгледзець пытанне аб прызнанні», – паведаміў Валер Кавалеўскі.

Беларусам унутры краіны пакуль не рэкамендуецца звяртацца па дакумент, ініцыяваны дэмакратычнымі сіламі, з прычынаў бяспекі. Пры замене па-за Беларуссю пашпарты з блакітнай вокладкай нікому нікуды здаваць не трэба.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»