Падводзім вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь»


Беларусь не можа быць нейтральнай. Давядзецца абіраць шлях: на Усход – або на Захад. Транзіт улады цяпер немагчымы, бо ў Менску не жадаюць перамоваў з дэмакратычнымі сіламі. Медалём «Гонар і Годнасць» пасмяротна ўзнагароджаны Вітольд Ашурак. Анансаваныя зімовыя выбары ў Каардынацыйную раду, новае прызначэнне кіраўніка місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, звальненне Аляксандра Азарава з пасады прадстаўніка Кабінету ў справе аднаўлення правапарадку – найбольш заўважныя вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зрэшты, у Кабінеце спадар Азараў застанецца.

«Я – кіраўнік “BYPOL”, – нагадаў Аляксандр. – І таму план “Перамога” застаецца ў нас. І, як Святлана Ціханоўская сказала, я буду каардынатарам гэтага плану і каардынатарам падпольнага руху на Беларусі пры Кабінеце. Таму фактычна нічога не мяняецца ў маёй працы».

Кіраваць місіяй дэмакратычнае Беларусі ва Украіне будзе Генадзь Манько. У польскім дзяржаўным рэестры фондаў ён запісаны скарбнікам Беларускага дэмакратычнага фонду, якім кіруе Вераніка Цапкала. Да гэтага часу каардынаваў стасункі Кабінету з добраахвотнікамі. Цяпер перад ім стаіць задача: выбудоўваць адносіны з самой Украінай, з грамадзянскай супольнасцю, з нашай дыяспарай, якая там знаходзіцца, уключаючы вайскоўцаў.

Прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец падчас свайго выступу падкрэсліла, што цяпер галоўнае – вызваленне ўсіх палітвязняў. Не было на канферэнцыі асобнай панэлі, прысвечанай палітычным зняволеным. Пытанне абяцалі разгледзець асобна. Юльяна прапанавала таксама падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

Прадстаўнік каліноўцаў Паўло Кухта, у сваю чаргу, даволі рэзка выказаўся пра намаганні замежных беларускіх дэмакратаў:

«Няма стратэгіі. Ёсць стратэгія “з кімсьці дамовіцца на асабістых сувязях”. Ну, гэта не стратэгія вызвалення. Гэта стратэгія – захаваць для сябе месца. Гэты адзін правал. Іншы правал – тое, што сёння ўсе займаюцца падтрыманнем сваіх структураў. Ужо ні ў каго няма натхнення змагацца за Беларусь».

Дэмакратычныя сілы ўзгодняць супольныя дзеі на час прэзідэнцкіх выбараў 2024 года ў Беларусі і зладзяць альтэрнатыўную кампанію, заявіла Святлана Ціханоўская. У тым ліку плануецца праца з моладдзю ў мэтах палітычнай адукацыі. З гэткай ініцыятываю выступіла віцэ-спікерка Каардынацыйнай Рады Алена Жываглод:

«Калі мы выходзім толькі з асуджэннем: “выбары – гэта імітацыя, гэта фарс!”, і за гэтым не даем тлумачэнні, што тут не так, не залучаем у гэты працэс, а гаворым “ігнаруйце!”  ці “байкатуйце!”, – то мы спрыяем дэпалітызацыі, на якой працуе Лукашэнка. Гэта ў ягоных інтарэсах».

Канферэнцыя «Новая Беларусь»
Ахвочыя нешта спытаць – або пасварыцца, тут я не ўпэўнены. Канферэнцыя «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Алесь Наваборскі / Белсат

Акрэслілі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і доўгатэрміновыя задачы: памкненні далучыцца да еўрапейскае сям’і і, магчыма, да Паўночнаатлантычнага альянсу. Пра еўрапейскую перспектыву ўзгадвала абраная прэзідэнтка Беларусі:

«Былі ініцыятывы, якія лабіявалі ўступ у Еўразвяз. І зараз мы распачнем перамовы, каб дамагчыся таго, каб Беларусь стала кандыдатам».

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык выказаў перакананне, што «беларускае войска будзе на некалькі ўзроўняў больш баяздольным, калі яно прыме стандарты NATO і ўвойдзе ў яго склад. Але гэта, зноў-такі, маё меркаванне, якое я выношу на абмеркаванне».

Палітолаг і каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка назіраў за выступамі і абмеркаваннямі. Паводле яго, якіх-кольвек прынцыповых пераменаў не адбылося.

«Па шчырасці, я не чакаў тут якіхсьці суперзменаў, няма адкуль ім з’явіцца. Мінулая канферэнцыя праводзілася на кантэксце канфлікту, у тым ліку Ціханоўскай-Латушкі. І Кабінет у тым ліку гэты канфлікт паспяхова пагасіў. А зараз і канфлікту такога моцнага не было».

Вельмі зацікавіла ўсіх удзельнікаў канферэнцыі прэзентацыя пашпарта Новае Беларусі. Святлана Ціханоўская назвала гэта беспрэцэдэнтным праектам. І дадала: тут патрэбная дапамога беларусаў. Пакуль бракуе фінансаў і людскога рэсурсу.

Марына Яновіч, «Белсат»