Прапаганда малюе ідылічнае жыццё беларускіх палітвязняў


Свежыя пасцелі, більярдная ды нават фантан і паўлін. Райскае жыццё. Усё б добра, але гаворка пра жыццё ў турме. І менавіта так яно выглядае вачыма айчыннай прапаганды. БТ паказала фільм нібыта з калоніі, у якой акурат загінуў асуджаны за пратэсты Вітольд Ашурак. А былыя палітвязні распавядаюць пра жудасныя ўмовы, створаныя для іх у так званых папраўчых установах. Навошта прапаганда ўвогуле ўзялася за гэтую тэму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шклоўская ПК-17, дзе пры няясных абставінах памёр палітвязень Вітольд Ашурак.

Спартовая зала, кухня з лядоўнямі, більярд, бібліятэка і, галоўнае, магчымасць усім гэтым вольна карыстацца. Нібы ў бюджэтным санаторыі. І палітычных нібыта не вылучаюць з агульнай масы зняволеных. Гэтак утрыманне ў папраўчай установе паказалі на дзяржаўным тэлеканале. Гэта хлусня, кажа былы палітвязень Віктар Пархімчык. Ён сядзеў у той самай калоніі.

«Бывалі такія выпадкі, што мы выходзім са сталовай, а хлеб браць з сабой забаронена. Абшуквалі толькі першыя шэрагі – палітзняволеных. Гэта, насамрэч, адзін з тысячы прыкладаў», – кажа Віктар Пархімчык.

Перасоўвацца можна толькі шыхтом, прыгадвае ён. Палітычныя наперадзе, навідавоку. Карыстанне лядоўнямі і спорт ім не даступныя. Да таго ж, пазбаўляюць ліставання, часцей за іншых адпраўляюць у штрафны ізалятар за выдуманыя парушэнні. А здымацца зняволеных у гэтым відэа, відаць, прымусілі, мяркуе былы палітвязень.

«Я ні ў якім разе не асуджаю гэтых людзей. Бо ніхто не ведае, які ціск яны зазналі, калі здымалася гэтае пастановачнае відэа. Там шмат інструментаў: там могуць любой асобе згодна з артыкулам 411 накручваць тэрмін бясконца», – кажа Віктар Пархімчык.

Лукашэнка адмаўляе наяўнасць у Беларусі палітзняволеных. Але сюжэт на дзяржаўным тэлеканале выйшаў пасля згадвання беларускіх палітвязняў у ААН і на Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Ці азначае гэта, што рэжым спрабуе сябе абяліць?

«Такія сюжэты заўсёды разлічаныя толькі на прыхільнікаў рэжыму, бо ў міжнароднай супольнасці такая адкрытая прапаганда можа выклікаць толькі спачуванні і крывую ўсмешку. А дэмакратычна настроенае грамадства ўнутры Беларусі разумее, што гэта – цырк на дроце», – мяркуе юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы працаўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Арцём Праскаловіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папраўчая калонія №5. Івацэвічы, Беларусь.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Нагадвае прапаганду часоў Брэжнева, але тагачасны СССР, на адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі, дбаў пра свой міжнародны імідж, адзначае журналіст і былы парламентар Сяргей Навумчык.

«Любы чыноўнік на любым з прыёмаў можа выйсці і, выбачайце, расшпіліць гузік і памачыцца. Гэта цалкам укладаецца ў норму іх цяперашніх паводзінаў», – разважае журналіст.

Сяргей Навумчык, аднак, нагадвае, што катаванні, якія зазнаюць палітвязні ў калоніях, – гэта злачынствы без тэрміну даўніны.

«Можна меркаваць з таго, што кажуць былыя палітвязні, яны дараваць не збіраюцца. Чалавек будзе несці адказнасць і праз 20, і праз 30 гадоў. І нават калі яму будзе 80 гадоў – ён сядзе за тое, што 40 гадоў таму ён здзекаваўся», – кажа Сяргей Навумчык.

Тыя, хто расстрэльваў людзей у Курапатах, адказнасці пазбеглі, хаця на момант падзення камуністычнай улады шмат хто з катаў яшчэ быў жывы. Але з лукашэнкаўцамі гэтага не паўторыцца, мяркуе былы дэпутат.

Валянцін Васіленка, «Белсат»