Лукашысты знеслі крыж памяці святара


Касцёл Святога Роха ў Менску пазбавіўся згадкі пра Вінцэнта Гадлеўскага. З тэрыторыі святыні прыбралі крыж памяці ксяндза.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта вялікі беларус, які аддаў усё жыццё служэнню Беларусі і Богу. Ён абсалютна непрымальны быў для ўсіх ГБшных структураў Савецкага Саюзу, абсалютна непрымальны ў першую чаргу для кіраўніцтва рэжыму, бо яны маюць ГБшны характар», – упэўнены лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Вінцэнт Гадлеўскі – каталіцкі святар, грамадскі дзеяч ды публіцыст. Ён адзін з заснавальнікаў і лідараў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху, рэдактар газеты «Крыніца», выкладчык Нясвіжскай беларускай семінарыі. У час нямецкай акупацыі быў галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі. Праводзіў службы ў Чырвоным касцёле Менску. У 1942 годзе нацысты арыштавалі святара, змясцілі яго ў канцлагер Трасцянец, дзе закатавалі да смерці. Нягледзячы на гэта, праўладная актывістка Вольга Бондарава не хавае захаплення і дзякуе за барацьбу з рэабілітацыяй нацызму:

«Дзякуючы намаганням Камуністычнай партыі Беларусі горад-герой Менск больш не нявечыць непаразуменне, устаноўленае ў гонар “святога айца” Вінцэнта Гадлеўскага. Гэта было месца паломніцтва бчбесаў і ідэйных нацыстаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Svjazep.org

Гэта далёка не адзіны прыклад барацьбы з гістарычнай памяццю ды ціскам на вернікаў у лукашысцкай Беларусі. Ужо згаданая Бондарава раней дамаглася, каб дэмантавалі помнік паэтцы і патрыётцы Ларысе Геніюш у Зэльве. Менскія ж улады пазбавілі каталікоў магчымасці наведваць набажэнствы ў Чырвоным касцёле. Прадстаўнікі Ватыкану не абураліся гэтым, прынамсі, у публічнай прасторы.

«Гэта спецыфічны спосаб Ватыкану камунікаваць з дзяржаўнымі ўладамі ў розных краінах, – мяркуе каардынатарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч. – Асабліва ў краінах, дзе існуюць рэпрэсіўныя рэжымы. Гэтая кулуарная дыпламатыя ставіцца перад публічнымі заявамі. І гэта тая сфера, у якой вельмі цяжка ведаць, адбываецца нешта ці не».

Акрамя таго, працягваецца ціск на беларускіх уніятаў. Беларуская праваслаўная царква апублікавала паведамленне пра сустрэчу яе кіраўніка Веньяміна са спецыяльным пасланнікам Папы Рымскага Кляўд’ё Гуджэроцці ды апостальскім нунцыем Антэ Ёзычам.

Веньямін выказаў непаразуменне з нагоды пастановы Папы заснаваць Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі. На думку БПЦ, гэтая пастанова, цытата «не спрыяе сцвярджэнню міру на беларускай зямлі і, наадварот, можа ўнесці напружанасць у міжрэлігійныя адносіны ў Беларусі». Сучасныя ж суполкі беларускіх грэка-каталікоў нібыта не ёсць пераемнікамі ўніяцкай царквы, што з’явілася ў Беларусі ў выніку Берасцейскай уніі 1569 года.

«Якое мае дачыненне мітрапаліт Веньямін да ўнутранага жыцця Рыма-каталіцкай царквы Беларусі? Ніякага. Ні ў юрыдычным плане, ні ў кананічным царкоўным ён не мае права ніяк уздзейнічаць на іншую рэлігійную арганізацыю. Вызначаць статус, які гэтая арганізацыя будзе мець», – разважае Наталля Васілевіч.

Пад ціскам уладаў апынуліся не толькі вернікі, але і беларускія святары. Прычым, самых розных канфесіяў. Згодна інфармацыі «Хрысціянскай візіі», ад пераследу пацярпелі больш чым пяцьдзясят з іх. Як кажа Наталля Васілевіч, гэта толькі тыя выпадкі, што трапілі ў публічную прастору. Рэальная колькасць рэпрэсаваных святароў большая ў некалькі разоў.

Ян Федаровіч, «Белсат»