Што адбываецца на мяжы Беларусі з Еўразвязам?


Латвія не будзе аднаўляць працы памежнага з Беларуссю пункту пропуску «Сілэнэ» (з беларускага боку – «Урбаны»). Ён не працуе з леташняга жніўня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта больш сімвалічны акт – даць сігнал і нашым, і вашым, што камунікацыя паміж намі цяпер непажаданая», – мяркуе палітычны аглядальнік з Латвіі Крыстыянс Розэнвалдс.

Урад краіны патлумачыў гэта пагрозамі ўнутранай бяспецы і жаданнем перадухіліць незаконны пераход мяжы. Вайну Расеі супраць Украіны і адкрытае падтрыманне рэжымам Лукашэнкі дзеянняў Масквы назвалі дадатковым фактарам рызыкі. Разам з тым Рыга не стала падаўжаць узмоцненага рэжыму аховы мяжы, бо апошнім часам памежнікі фіксавалі невялікую колькасць незаконных спробаў пранікнуць у Латвію з Беларусі.

«Ёсць агульная тэндэнцыя па краінах набліжаных да Расеі і Беларусі, што мяжа закрываецца і кантакты з гэтымі краінамі штучна скасоўваюцца, каб было менш патокаў і камунікацыі», – дадае Крыстыянс Розэнвалдс.

Напярэдадні Камісія нацыянальнай бяспекі Літвы запрапанавала закрыць два памежныя пераходы з Беларуссю. А да таго ж абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў у чыгуначным пункце пропуску «Кяна» ды зменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кіроўцаў на рэгулярныя аўтобусныя перавозы.

«Менш будзе трафіку ў бок рэжыму – не будуць закупацца ў Германіі, не будуць пераганяць машыны, не будуць абыходзіць санкцыі, – разважае дацэнт партнёрства Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс. – Не сакрэт, што Беларусь з’яўляецца транзітнай краінай. Зацікаўленыя ў ціску на рэжым, павінны быць радыя».

Літоўскія ўлады тлумачаць магчымыя абмежаванні ростам колькасці беларусаў, якія мінаюць мяжу. За апошні час плынь павялічылася на 50 адсоткаў. Жыхары Вільні кажуць:

«Заўважаю, што беларусаў і ўкраінцаў стала больш. Вельмі прыемна, што ёсць людзі з іншых краін, нашых суседніх».

«Не хацела, каб яны закрывалі пункты пропуску, але ўраду лепей ведаць – абарона ёсць абарона. Небяспека ўсялякая можа быць».

«Недзе 5 гадоў таму была сітуацыя, калі расейскай мовы амаль не было чуваць. А зараз мы столькі расейскай чуем! Я не кажу, што гэта добра ці дрэнна, я кажу пра кантраст. Цяпер ужыванне расейскай мовы вакол у разы павялічылася».

Між тым прапановы Камісіі нацыянальнай бяспекі Літвы выклікалі рэакцыю ў некаторых рэгіёнах краіны. Напрыклад, выказаўся мэр Друскенікаў – гораду непадалёк ад памежнага пераходу «Райгардас», які акурат прапануюць зачыніць.

«Мы – курорт. Курорт для ўсіх. Мы не лезем у геапалітыку, пытанні бяспекі, бо гэта не нашая функцыя і ўзровень. Мы за тое, каб да нас на адпачынак, лячэнне і аздараўленне прыязджалі ўсе ахвочыя, з добрымі намерамі. А хто добразычлівы – пра гэта мусяць паклапаціцца спецслужбы», – мяркуе мэр Рычардас Малінаўскас.

Цяпер на мяжы Літвы з Беларуссю дзеюць чатыры памежныя пераходы. Гэта «Мядзінінкай»,«Шальчынінкай», «Рагардас» і «Лаворышкес». Летась літоўскія ўлады зачынілі «Шумск» і «Твярачус».

«Абмежаваннем перасячэння мяжы яны спадзяюцца зменшыць колькасць літоўскіх грамадзянаў, якія ездзяць у Беларусь, але таксама колькасць беларусаў, якія ездзяць на выходныя ці шопінг у Літву, – разважае галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. – Ці дапаможа гэта – я не ведаю. Чэргі – павялічацца, многія, магчыма, не стануць ездзіць. Але, вядома, пацярпяць і тыя, хто ўбягае ад рэпрэсій, а гэтага нельга дапусціць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская мяжа. Крыніца: zagranportal.ru

Сітуацыя на межах Беларусі з іншымі краінамі ЕЗ яшчэ больш напружаная. Паміж Польшчай і Беларуссю дзеіць усяго адзін пасажырскі пераход у Тэрэспалі і адзін грузавы ў Кукурыках. І на латышскім памежжы з двух пераходаў працуе толькі адзін – «Патэрніекі».

«На кожнай сустрэчы Святлана Ціханоўская кажа, што трэба закрываць грузаперавозкі, якія ідуць праз мяжу. Але не для пасажыраў. Пасажырскі паток, пасажырскія сувязі трэба падтрымліваць. Трэба не дазволіць Лукашэнку загнаць Беларусь у ізаляцыю», – кажа Франак Вячорка.

Віціс Юрконіс зазначае: абмежаванні на межах можна разглядаць як метад ціску на рэжым Лукашэнкі. Пра поўнае ж усталяванне жалезнай заслоны гаворкі пакуль не вядзецца.

Ян Федаровіч, «Белсат»