Расея абстраляла Украіну, ёсць ахвяры


«Прыйшлі сюды ў метро, бо трэба было хавацца, знаем, што гэта такое і як яно будзе, ужо не першы раз», – распавядаюць жыхары Кіева, якія правялі раніцу ў сховішчах і метро – праз паветраную трывогу. У сталіцы Украіны ад чарговага расейскага абстрэлу пацярпелі два раёны: Галасііўскі і Дняпроўскі. Папярэдне ўлады кажуць пра чатыры ахвяры і прынамсі паўтара дзясятка параненых. Аскепкі ракетаў пашкодзілі высакавольтныя лініі і цеплатрасу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Такія абстрэлы, наадварот, правакуюць нашае жаданне хутчэйшай перамогі і ніякім чынам не ламаюць нашага духу», – кажа жыхар Кіева Віталій Бачынскі.

Тысячы жыхароў Харкава засталіся без электрычнасці. Прынамсі адна цывільная ахвяра – у Запарожскай вобласці. Адзін чалавек загінуў і ў выніку абстрэлу ў Мікалаеве, некалькі асобаў параненыя.

«Цяпер падлічваем: думаем, што 60-70 дамоў пашкоджаныя ў рознай ступені. Газ перакрылі, зараз будзем ліквідаваць пашкоджанне трубы, пашкоджаны таксама водаправод, водаканал працуе над ліквідацыяй пашкоджання», – кажа намеснік кіраўніка Мікалаева Анатолій Пятроў.

Агулам уначы і раніцаю пад ударам аказаліся дзевяць вобласцяў Украіны, сярод якіх не толькі прымежныя Харкаўская ды Сумская, але і тылавыя – Львоўская ды Івана-Франкоўская. Паводле камандавання Паветраных сілаў Украіны, удалося збіць 44 з 64-ох ракетаў і беспілотнікаў, якімі атакавала Расея.

«Адсутнасць вялікай колькасці сістэмаў, што могуць змагацца з балістыкаю (як сістэма “Patriot”), гэта адбіваецца на тым, што дастаткова шмат балістыкі праходзіць», – тлумачыць прычыну нязбітых ракетаў аналітык, авіяцыйны эксперт Канстанцін Крывалап.

Збройныя сілы Украіны заявілі, што адна з расейскіх ракетаў ляцела ў кірунку Польшчы. Паводле нашага эксперта, гэта не выпадковасць – такі маршрут быў загадзя запраграмаваны расейцамі.

«Можа, хацелі паглядзець, дзе размешчанае польскае СПА, як яны будуць рэагаваць, адкуль будуць узлятаць самалёты, як іх будуць суправаджаць, што робяць астатнія сістэмы СПА. Я думаю, што выведная і правакацыйная функцыя», – лічыць Канстанцін Крывалап.

Расея нанесла ракетны ўдар па Кіеве. Украіна, 7 лютага 2024 г.
Фота: Aleksandr Gusev / Zuma Press

Паветраныя сілы Польшчы на перахоп цэлі ўздымалі вайсковую авіяцыю, а ўсе сістэмы абароны перавялі ў поўную баявую гатовасць.

«Як толькі крывавая вайна Расеі скончыцца, у Еўропе больш не будзе чалавечых пакутаў і ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва», – гэтак прадстаўнік Украіны ў ААН Сяргей Дворнік адрэагаваў падчас паседжання Рады Бяспекі арганізацыі на закіды Крамля, які абвінаваціў Кіеў у абстрэле акупаванага Расеяй Лісічанску.

Злучаныя Штаты ў сваю чаргу абвінавацілі Расею ў запуску прынамсі дзевяці паўночнакарэйскіх ракетаў супраць Украіны.

«Расея і КНДР мусяць несці адказнасць за свае дзеянні, што падрываюць шматгадовыя абавязкі што да рэзалюцыяў Рады бяспекі ААН. Гэтыя незаконныя пастаўкі зброі і патэнцыйная перадача тэхналогіяў з Расеі ў КНДР падрываюць рэгіянальную стабільнасць і глабальны рэжым нераспаўсюду, а таксама аўтарытэт Рады бяспекі», – заявіў намеснік сталага прадстаўніка ЗША ў ААН Робэрт Ўуд.

Ва Украіне ў красавіку можа набыць моц новы закон аб мабілізацыі. Сёння Вярхоўная Рада прыняла ўрадавы законапраект у першым чытанні. Напярэдадні ж Уладзімір Зяленскі абвесціў пра стварэнне асобнага роду войскаў, што будзе займацца дронамі:

«У структуры Збройных сілаў будуць створаныя сілы беспілотных сістэмаў. Адпаведную прапанову ўнясуць на разгляд Рады нацыянальнай бяспекі і абароны».

Украіна не толькі моцна павялічыла вытворчасць уласных дронаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Турэцкая авіябудаўнічая кампанія «Baykar» пачала будаваць завод беспілотнікаў каля Кіева. Туды плануюць працаўладкаваць да паўтысячы асобаў, штогод ён зможа вырабляць да 120-ці дронаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»