Жузэп Бурэль: мы мусім забяспечыць Украіну боепрыпасамі


Еўразвяз ужо ў сакавіку збіраецца накіраваць Украіне першы транш фінансавай дапамогі з агульнага пакету на 50 мільярдаў. Пра гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, пракаментаваўшы заяву Рады Еўропы пра дасягненне пагаднення з Еўрапарламентам наконт фінансавання Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Еўропа трымае сваё слова. Мы працягнем даваць так неабходнае фінансаванне і прадказальнасць нашаму адважнаму партнёру і амбітнаму чальцу. Плануем пачаць выплаты ў сакавіку», – заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

Пакет фінансавай дапамогі на 50 мільярдаў еўраў Еўразвяз вылучыў у межах доўгатэрміновага бюджэту да 2027-га года. Траціна гэтых грошай – гранты, рэшта – крэдыты. Сродкі маюць выкарыстоўвацца для аднаўлення Украіны і рэформаў на шляху ў Еўразвяз.

«Падтрымоўваць людзей, што аказаліся ўнутрана перамешчанымі, бо тэрыторыю, дзе яны жылі, захапілі, дамы іх знішчаныя, месцы працы знішчаныя. Трэба гэтых людзей падтрымоўваць. Трэба падтрымоўваць украінскую эканоміку, ствараць новыя прадпрыемствы, інвеставаць, дапамагчы нам самім станавіцца на ногі», – кажа вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Ваенную ж дапамогу Украіне абмяркоўвалі напярэдадні міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі з кіраўніком еўрапейскай дэмакратыі Жузэпам Бурэлем.

«Мы мусім забяспечыць Украіну боепрыпасамі – не важна, дзе яны вырабляюцца. Праблема сёння не ў недахопе магутнасцяў еўрапейскай вытворчасці боепрыпасаў і не ў тым, што мы маем пайсці і дзесьці набыць іх, бо не можам вырабіць самі. Мы можам вырабіць. Але значная частка нашай прадукцыі экспартуецца ў трэція краіны», – падкрэсліў Жузэп Бурэль.

Жузэп Бурэль
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль. Брусель, Бельгія. 20 ліпеня 2023 года.
Фота: Europa.eu

Але апроч перанакіравання ўласнай прадукцыі ва Украіну, а не ў трэція краіны, палітыкі не супраць і набываць боепрыпасы для Украіны па-за межамі Еўропы.

«Украіна па-ранейшаму саступае расейцам на фронце, і нам трэба дапамагчы ім выраўняць баланс. А калі гаворка пра закуп на міжнародных рынках для Украіны, то на маю думку, чым больш, тым лепш», – заявіў Радослаў Сікорскі.

У самой Польшчы цяпер адбываецца аўдыт войска і абароны, рыхтуюцца да імавернага канфлікту з Расеяй і іншыя краіны Еўропы. Паводле кіраўніка Міністэрства абароны Нарвегіі Б’ёрна Арыля Грама, нават пасля завяршэння вайны ва Украіне пагроза з боку Крамля застанецца, бо Расея не зробіцца дэмакратычнай. Таму, маўляў, трэба павялічыць інвестыцыі ў абарону і быць гатовымі да супрацьстаяння з Масквою.

«Калі няма вонкавай пагрозы, то чаму палітыкі маюць галасаваць? Таму ваенныя адмыслоўцы ўсяляк падкрэсліваюць што такая пагроза можа быць з боку РФ. І каб ёй супрацьстаяць, трэба ўжо сёння інвеставаць дзясяткі мільярдаў еўраў, каб на гарызонце пяці-шасці гадоў атрымаць баяздольную армію», – кажа Іван Ступак.

Не змяняецца сітуацыя і ў Беларусі – між іншага, і праз веру Лукашэнкі ў тое, што Крэмль не прайграе. Пры гэтым хоць ні ядравай зброяй, ні расейскімі войскамі на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка ніяк кіраваць не можа – свайму войску загады ён яшчэ аддае сам, падкрэслівае палітолаг, рэдактар выдання «Белорусский ежегодник» Вадзім Мажэйка:

«Безумоўна, галоўнае – у Лукашэнкі ёсць палітычная актарнасць, то бок жаданне заставацца гульцом, жаданне і без таго супервялікую залежнасць ад Расеі па магчымасці не павялічваць яшчэ болей. І ў гэтым сэнсе так, ён лавіраваць спрабуе, але ягоных магчымасцяў не трэба ані перабольшваць, ані прымяншаць».

Пры гэтым сёння беларускія вайскоўцы вучацца абясшкоджваць міны, а таксама штурмаваць акопы і зачышчаць памяшканні ў гарадскіх будынках. Навучаюць іх, між іншага, і вагнэраўцы, частка з якіх так і не пакінула Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»