Першы транш з пакету дапамогі Еўразвязу на 50 мільярдаў еўраў Украіна атрымае ў сакавіку


Еўразвяз ужо ў сакавіку плануе накіраваць Украіне першы транш з зацверджанага надоечы пакету фінансавай дапамогі памерам 50 мільярдаў еўраў, заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eadaily.com

«Еўропа верная свайму слову. Мы працягнем надаваць такое неабходнае фінансаванне і прадказальнасць нашаму смеламу партнёру і амбітнаму сябру. Плануем распачаць выплаты ў сакавіку», – напісала кіраўніца Еўракамісіі ў Х.

Пра вылучэнне Украіне дапамогі памерам 50 мільярдаў еўраў усе 27 краінаў Еўразвязу дамовіліся 1 лютага 2024 года. Пакет разлічаны да 2027-га і складае 33 мільярды еўраў крэдытнай дапамогі і 17 мільярдаў – грантавай. Супраць пакету дапамогі Украіне выступаў прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.

Раней паведамлялася, што Кіеў разлічвае на першы транш памерам 4,5 мільярда еўраў.

Hавiны
Усе 27 краінаў Еўразвязу дамовіліся пра вылучэнне 50 млрд еўраў на дапамогу Украіне
2024.02.01 15:32

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў