Мадура пераходзіць межы?


Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура дэманструе новую мапу. На ёй – далучаная частка суседняй Гаяны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы неадкладна прыступім да выдачы ліцэнзіяў на выведку і эксплуатацыю нафты, газу ды шахтаў ва ўсёй нашай Гаяне-Эсэкібе», – кажа Мадура.

Ён прапанаваў заканадаўчым органам прыняць закон аб стварэнні новага штату ў складзе Венесуэлы. А яшчэ запатрабаваў, каб замежныя кампаніі перасталі распрацоўваць карысныя выкапні ў марскім шлейфе Гаяны.

«Я прапаную даць гэтым кампаніям тры месяцы, каб яны адмовіліся ад аперацыяў у тых частках мора, дзе межы яшчэ не ўстаноўленыя. Тры месяцы, – кажа Мадура. – Мы адкрытыя для перамоваў. Усё ў добрым рэчышчы. Нічога дрэннага. З павагаю да міжнароднага права, да законаў, да добрасуседства».

Гэтым заявам Мадура папярэднічаў рэферэндум, што адбыўся ў Венесуэле ў мінулую нядзелю. Паводле ўладаў, дзевяноста пяць адсоткаў яго ўдзельнікаў выказаліся за ўваходжанне ў склад Венесуэлы рэгіёну, што належыць цяпер Гаяне, а таксама адхілілі юрысдыкцыю Міжнароднага суда ААН адносна тэрытарыяльнай спрэчкі з суседняю краінаю.

«Абвешчаныя крокі ёсць відавочным ігнараваннем пастановы Міжнароднага суда ад першага снежня гэтага года, – мяркуе прэзідэнт Гаяны Ірфаан Алі. Гаяна разглядае гэта як непасрэдную пагрозу сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і ўзмоцніць захады для абароны сваёй тэрыторыі».

Венесуэла прэтэндуе на частку тэрыторыі Гаяны ў дэльце ракі Эсэкібы. Плошча рэгіёну складае сто шэсцьдзесят тысяч квадратных кіламетраў – як шэсць з паловаю гарадзенскіх вобласцяў. Там жывуць каля двухсот васьмідзесяці тысяч асобаў. Большую частку земляў пакрываюць джунглі, аднак геолагі вызначылі, што марскі шлейф рэгіёну надзвычай багаты на нафту ды газ.

Венесуэла раней некалькі разоў спрабавала атрымаць кантроль над гэтай тэрыторыяй падчас перамоваў ды міжнароднага арбітражу. Спасылаліся на першапачатковую каланіяльную прыналежнасць земляў да іспанскае сферы ўплыву. Апошні раз перамовы вялі больш за пяцьдзясят гадоў таму, напярэдадні атрымання Гаянаю незалежнасці ад Вялікае Брытаніі.

«Дамовіліся, што так, праблема ёсць. Яе трэба вырашаць, але вырашаць выключна праз мірны дыялог і з цягам часу, а пакуль што кіраваць і карыстацца гэтай тэрыторыяй будзе Гаяна. Вось тут Мадура якраз ідзе насуперак гэтаму Жэнеўскаму камюніке 1966 года», – мяркуе кандыдат гістарычных навук, спецыяліст у нееўрапейскіх рэгіёнах Яўген Красулін.

Асноўнай матывацыяй Мадура для захопу земляў суседняй краіны Яўген Красулін лічыць рызыку страты ўлады. Прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Венесуэле налета, а шанцы Мадура на перамогу ў іх проста цяпер выглядаюць цьмяна.

Нікаляс Мадура. 25 кастрычніка 2019 года.
Фота: Kremlin.ru

«Гэта патрэбна Мадура, каб зняць праблему непапулярнасці ўнутры краіны, – мяркуе Яўген Красулін. – Адным ударам, на чужой тэрыторыі, малой крывёй, мы павялічым нашыя землі. І, канешне, бонус у выглядзе запасаў нафты».

Цяпер, у выпадку развязвання тэрытарыяльнага пытання сілавым шляхам, так бы мовіць, адзін на адзін, Венесуэла яўна мае перавагу. Яе ўзброеныя сілы прыкладна ў трыццаць разоў большыя за гаянскія. Зрэшты, на сітуацыю могуць паўплываць вонкавыя актары.

«Калі на гэта вяла рэагаваць, то гэтыя рэчы будуць адбывацца па ўсім свеце: у іншых краінах Лацінскай Амерыкі, у Азіі, у Афрыцы. Таму трэба рэагаваць. Я ўпэўнены, што будуць рэагаваць амерыканцы, брытанцы, канадцы, бразільцы», – лічыць кандыдат палітычных навук, кіраўнік грамадскай лігі «Украіна – NATO» Сяргей Джэрдж.

Гаяна – адзіная краіна Лацінскай Амерыкі – удзельніца Садружнасці нацыяў, аб’яднання былых брытанскіх калоніяў. Таксама гэта адзіная краіна кантыненту, што не зазнала ніводнага вайсковага перавароту.

Ян Федаровіч, «Белсат»