Час пераабуваць аўтамабілі


Надвор’е ў Беларусі пагаршаецца, надыходзяць халады. Гэта азначае і змену дарожных умоваў. Кіроўцамі трэба падрыхтаваць свае аўтамабілі да зімовага сезону. Сярод іншага, варта ўжо цяпер змяніць летнія апоны на зімовыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Замаразкі яшчэ не ўдарылі, але зіма блізка. І для аўтамабілістаў самы час замяніць летнія апоны на зімовыя.

«Праз перапады тэмпературы, туман і ападкі дарогі становіцца слізкімі, што значна ўскладняе дарожны рух», – кажа беларускі МУС.

Пераабуваць аўтамабілі ў Беларусі пачынаюць з 1 лістапада, але абавязковым патрабаванне ездзіць на зімовых апонах стане 1 снежня. Паводле апытання ў нашых сацыяльных сетках, 60 % чытачоў ужо змянілі летнюю гуму на зімовую. 28 % яшчэ толькі збіраюцца гэта зрабіць. Астатнія 12 % – увогуле не будуць адмаўляцца ад летніх апонаў. Наш эксперт, аўтамеханік Сяргей, упэўнены, што ігнараванне правілаў можа скончыцца аварыяй:

«Калі не памяняць гуму, а працягваць ездзіць на летняй зімой, то ў аўто амаль што не будзе счаплення з дарогаю».

Зімовым апонам ёсць альтэрнатыва – усесезонныя. Ездзіць на іх не забаронена. Аднак яны больш пасуюць да мяккага еўрапейскага клімату, адзначаюць нашыя эксперты. Пры тэмпературы ніжэй за мінус сем градусаў усесезонныя апоны губляюць сваю эластычнасць і робяцца небяспечнымі для выкарыстання. Беларускім кіроўцам варта абіраць менавіта зімовыя апоны, упэўнены кіроўца са стажам Ігар Крутаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дождж у Менску. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

«Звярніце ўвагу на мяккасць гумы. Ніколі не рэкамендаваў і сам не выкарыстоўваў гуму з шыпамі. Апоны павінныя быць мяккімі, добра балансавацца і трымаць дарогу. Гэта вось для нашых кліматычных умоваў, для беларускіх», – кажа ён.

У беларускіх аўтамабілістаў ёсць з чаго выбіраць: прадаюцца як замежныя, гэтак і айчынныя брэнды. Аднак, паводле выдання «Onliner», летась папулярнасцю карысталіся акурат тавары айчыннай вытворчасці. Сёлета кошты на камплект «Белшыны» – каля пяцісот рублёў. З альтэрнатываў у той жа цэнавай катэгорыі – кітайскі брэнд «iLink». Камплект апонаў ад вядомага брэнда, такога як «Yokohama», каштуе 1000 рублёў і болей.

«Яшчэ калі я працаваў на грузавой машыне, я цалкам адмовіўся ад беларускай “Белшыны“. Гэта не антырэклама. Гэта канстатаванне факта. Мяне не задавальнялі суадносіны кошт-якасць. У залежнасці ад сваіх фінансавых магчымасцяў я намагаўся купляць замежных вытворцаў».

Замежным вытворцам аддаюць перавагу і нашыя чытачы. Паводле апытання, гэта 72 % супраць 6 % тых, хто набывае айчынную «Белшыну». А для 22 % важны кошт, а не назва брэнду.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»