Ці заменяць беларускіх працаўнікоў мігрантамі?


У Беларусі – дэфіцыт працоўных рук, бо расце эканоміка. Гэтак вынікае са словаў намесніцы міністра працы Наталлі Паўлючэнкі. Кадравыя дзіркі ўлады плануюць закрываць замежнымі адмыслоўцамі: ім хочуць спрасціць доступ да беларускага рынку працы. Ці дасць гэта плён?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Улады спрашчаюць працаўладкаванне замежнікаў у Беларусі. Сёлета плануюць пашырыць спіс прафесіяў, у якіх яны могуць працаваць без абмежаванняў.

Пакуль замежнікі без сталага дазволу на жыхарства могуць уладкавацца паводле дзесяці спецыяльнасцяў. Сярод іх – дэфіцытныя медычныя. Але ў Беларусі дасюль нястача працоўнай сілы – прызнае Міністэрства працы і тлумачыць гэта станоўчымі тэндэнцыямі.

«Рост эканомікі Беларусі, стварэнне новых працоўных месцаў суправаджаецца попытам на працоўную сілу. З боку наймальнікаў гэта дае магчымасць выбару на рынку працы кожнаму, хто жадае знайсці або змяніць працу, рэалізаваць сябе, у тым ліку і замежнаму грамадзяніну», – кажа Наталля Паўлючэнка, першая намесніца міністра працы і сацыяльнай палітыкі Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэх мембраннага электролізу ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

«Беларуская эканоміка цяпер перабывае ў крызісе ці прынамсі ў стадыі трансфармацыі ды перанакіравання вонкавых эканамічных сувязяў, гандлёвых плыняў. Таму пра нейкі выбуховы рост дакладна нельга весці размову», – не згодны з чыноўніцай спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Чыноўнікі публічна не агучваюць, колькі беларусаў пакінула краіну пасля падзеяў 2020-га года. Выданне «Зеркало» на падставе колькасці атрыманых беларусамі дазволаў на жыхарства ў Еўразвязе вывела лік 600–650 тысяч асобаў. Ці ідзе гаворка пра спробу замяніць іх замежнымі працаўнікамі?

«Тыя працоўныя месцы, якія вольныя, на якія трэба неяк прывезці людзей, там заробкі ў 80 % выпадкаў меншыя за 1000 рублёў. І няма вакол нас такіх краінаў, жыхары якіх гатовыя былі б працаваць за такія малыя грошы», – мяркуе бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

У Беларусь могуць прыехаць працоўныя мігранты з Расеі, акупаваных тэрыторыяў Украіны і з краінаў Цэнтральнай Азіі, дапускае эканаміст Алесь Чайчыц. Але ёсць нюанс.

«Гэта будуць людзі некваліфікаваныя, здольныя на нейкую простую механічную працу. Але гэта не інжынеры, не айцішнікі, не людзі з высокай адукацыяй, якія з Беларусі паз’язджалі ў выніку падзеяў 2020-21 гадоў», – кажа Алесь Чайчыц.

У той час як у Беларусі – дэфіцыт, напрыклад, дактароў. Агулам у дзяржаўнай базе – каля 130 тысячаў розных вакансіяў. А замежнікаў у Беларусі з пачатку года працавала 34 тысячы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»