Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ і прапаганды


Цяжкая паходка, чырвоныя вочы, чарговыя прагнозы наконт сітуацыі ў свеце: «Нас чакае, абсалютна ў гэтым перакананы, сыход у нябыт аднапалярнай сістэмы».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак выглядае сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі замежных СМІ ды ўласнымі прапагандыстамі. Адна з галоўных тэмаў – Прыгожын ды вагнэраўцы ў Беларусі. Адметна, што Лукашэнка быццам бы выпадкова блытае імя па бацьку свайго знаёмага, якога ведае нібыта ўжо дваццаць гадоў.

«Што тычыцца Яўгенія Васільевіча… Віктаравіча Прыгожына. Ён знаходзіцца ў Піцеры. Сёння раніцай ён, можа быць, у Маскву паехаў, можа быць, яшчэ некуды. Але на тэрыторыі Беларусі яго няма».

Са словаў Лукашэнкі, вагнэраўцаў у Беларусі таксама нібыта няма. Дый ці будуць, невядома. Бо намётавы лагер пад Асіповічамі, здымкі якога абляцелі інтэрнэт, рыхтуюць не для іх.

«Я не выключаю, што гэта справа ў тым што ў Крамлі інакш на гэта глядзяць чым глядзелі раней, калі трэба іх было стрымаць, каб яны не ішлі на Маскву. Ну а зараз усё сціхла – ніякай пагрозы Маскве ці Растову-на-Доне няма», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі замежных медыяў
Аляксандр Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі замежных медыяў. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2023 года.
Фота: Пул первого / Telegram

Зрэшты, вагнэраўцы ўсё ж турбуюць Лукашэнку:

«Я так не думаю, што “Вагнэр” недзе паўстане і паверне сваю стрэльбу супраць беларускай улады і дзяржавы. У жыцці ўсялякае бывае, але сёння я не бачу такой сітуацыі».

Як турбуе і гіпатэтычны статус ПВК у Беларусі.

«Ён (Лукашэнка) думае, як увесці ў легальныя рамкі перабыванне ПВК Вагнэра ў Беларусі, кажа пра нейкі закон ці ўказ, – разважае палітычны аналітык праекту «Pozirk» Аляксандр Класкоўскі. – Будуць нейкія дамоўныя дачыненні. Але ж гэта дамова з арганізацыяй, якую ў многіх краінах уважаюць за тэрарыстычную або злачынную».

Яшчэ адная тэма – ядравая зброя ў Беларусі. Паводле Лукашэнкі, яна будзе дастаўленая ў краіну да канца года. Хаця нейкую частку ўжо нібыта завезлі. На думку палітычнага аглядальніка радыё «Свабода» Юрыя Дракахруста, Лукашэнка наўмысна заблытвае:

«Гэта таксама элемент трымання ў няпэўнасці. Яшчэ адзін элемент. Гэта гульня паміж Масквой і Менскам, калі Масква гаворыць, што зброя будзе пад нашым кіраваннем. А Лукашэнка гаворыць, што пад нашым. Пры гэтым Масква не гаворыць: лухту кажа Лукашэнка. Не, Масква гаворыць сваё, а Лукашэнка – сваё».

«Адказы прагучалі не вельмі пераканаўчыя і з большага не на ягоную карысць – лічыць Аляксандр Класкоўскі. – Пена вакол бунту Прыгожына асела. Лукашэнка напачатку пакрасаваўся як выратавальнік Расеі, а цяпер мусіць прызнаваць, што ён у гэтай гісторыі выкарыстаны Крамлём».

Пакуль жа, зазначае Аляксандр Класкоўскі, Лукашэнка вымушаны чакаць пастановаў з Масквы. І гэта тычыцца як ядравай зброі, так і размяшчэння ПВК Вагнэра ў Беларусі.

Ян Федаровіч, «Белсат»