770 гадоў мінула з каранацыі Міндоўга


Трыумфальнае шэсце і супольнае выкананне гімну ўвечары. А пачалося святкаванне каранацыі Міндоўга і Дня дзяржаўнасці ў Вільні яшчэ ўдзень – узняццем сцяга.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

6-га ліпеня – адна з найбольш важных і найбольш няпэўных датаў у гісторыі нашых земляў. Паводле гісторыкаў, у 1252-ім годзе, імаверна, у гэты дзень адбылася каранацыя вялікага князя Міндоўга. Падзея мела цывілізацыйнае вымярэнне, бо каранацыя адбывалася з санкцыі Папы Рымскага і далучала ВКЛ да заходняга хрысціянства.

«Гэта ўключэнне ў тагачасны свет, са сваімі ўніверсітэтамі, нейкімі прававымі традыцыямі, то бок гэта комплекс светапогляду, з якога пазней сфармавалася сучасная дэмакратычная сістэма», – тлумачыць гісторык і сацыёлаг Аляксей Ластоўскі з інстытуту «Палітычная сфера»

Тагачаснае паганскае Вялікае Княства Літоўскае мела ў ворагах і Тэўтонскі ордэн, і галіцка-валынскіх князёў, і мясцовыя плямёны. Для самога Міндоўга каранацыя, як і ранейшае хрышчэнне, было ўдалым тактычным рашэннем, падкрэслівае гісторык, краязнаўца, аўтар праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімафей Акудовіч:

«І такім чынам Тэўтонскі ордэн ужо не мог з ім ваяваць, ён атрымаў падтрымку Еўропы маральную, але ўсё-такі важную. І такім чынам змог на пэўны час перамагчы частку сваіх ворагаў, нават не змагаючыся з імі».

Што да самой каранацыі, то дакладна не вядома, ні ў які дзень яна адбылася, ні ў якім месцы. Калі літоўскія гісторыкі называюць шэраг магчымых лакалізацыяў на тэрыторыі сучаснай Літвы, то беларускія і польскія гісторыкі пагаджаюцца, што ўрачыстасць магла адбыцца ў Наваградку, які ў той перыяд быў сталіцаю Вялікага Княства Літоўскага.

«Самы заможны, багаты горад, там была мураваная царква, што таксама было істотным параметрам, паколькі каранацыя на той момант – не проста дзяржаўны акт, гэта таксама і акт, асвечаны каталіцкаю царквою», – пералічвае перавагі Наваградку Аляксей Ластоўскі.

Праз некалькі гадоў пасля каранацыі, калі палітычная сітуацыя змянілася, Міндоўг ізноў перайшоў у паганства ды такім чынам страціў карону. А неўзабаве яго разам з дзецьмі забілі. Амаль праз дзвесце гадоў стацца каралём хацеў Вітаўт, і, калі б гэтая спроба ўдалася, гісторыя нашых земляў магла б быць іншаю, кажа Цімафей Акудовіч.

Смерць Міндоўга. Р. Штэйн і Г. Зэйфэр, каля 1900 г. Крыніца: wikipedia

«Бо гэта ўмацавала б пазіцыі ВКЛ, гэта б зменшыла, магчыма, нават паланізацыю ВКЛ і залежнасць ад Польшчы. І праз гэта ВКЛ магла быць значна больш самастойнаю дзяржавай і, магчыма, выжыць у XVIII стагоддзі».

Сучасная Літва каранацыю Міндоўга лічыць пачаткам сваёй дзяржаўнасці, і 6-га ліпеня там шырока святкуецца. У Беларусі ж працягваюцца спробы сабраць сродкі на помнік Міндоўгу ў Наваградку, але на ўзроўні дзяржавы пра падзею не згадваюць, а ў школьных падручніках каранацыя апісваецца адным абзацам. Каранацыя – агульная гісторыя сучасных Літвы і Беларусі, падкрэслівае Яўген Красулін, але…

«Такое ўражанне, што ні ў Беларусі асабліва не хочуць, каб яна была агульная, ні ў Літве не хочуць, каб яна была агульная, прынамсі тут даволі нервова ўспрымаюць тэму агульнасці гэтай гісторыі. Хоць усё роўна нам няма куды падзецца, яна была агульная, падзяліць яе немагчыма», – гаворыць Яўген Красулін.

Раней у ліпені ў Беларусі ладзілі вялікі гістарычны фэст у Наваградку, нават з удзелам уладаў. І гэтую традыцыю варта аднавіць, мяркуюць нашыя суразмоўцы. Пачаткі ж беларускай дзяржаўнасці трэба шукаць яшчэ раней за каранацыю Міндоўга – у Полацкім княстве.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»