Як Лукашэнка задумаў пабароць працоўную нястачу?


Забараніць выезд і прыцягнуць да працы замежнікаў – гэткім чынам плануюць кампенсаваць дэфіцыт працоўных кадраў, утвораны ў Беларусі. Гэта вынікае з закрытай пастановы МУС «Аб зацвярджэнні Праграмы для рэалізацыі Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі», якою з намі падзяліўся «BELPOL».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Белстату, на першага траўня 2024 года ў краіне не хапала 145 тысяч працаўнікоў. Кадравы голад адчуваюць амаль усе галіны. Больш за ўсё ў Беларусі не стае слесараў, кіроўцаў, дактароў, электраманцёраў, медычных сясцёр і трактарыстаў.

«Пасля 2020 года пачаўся вялізны адток беларусаў па палітычных прычынах і ён працягваецца да гэтага часу. Да гэтых прычын зараз дадаліся, эканамічныя фактары, таму што адпаведнасць зарплаты і коштаў у краіне не адпавядае», – кажа прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.

Каб пабароць працоўную нястачу, улады распрацавалі новую кадравую палітыку. Для выканання пастановы залучылі нават сілавікоў. Паводле дакументу, ім даручана вывучыць «неабходнасць увядзення абмежаванняў на выезд грамадзянаў Рэспублікі Беларусь за мяжу», а таксама ўдасканаліць атрыманне дадзеных пра міграцыю насельніцтва. Уладзімір Жыгар, прадстаўнік «BELPOL», тлумачыць:

«У іх ёсць для гэтага так званы сілавы апарат – апарат прымусу, каб не даваць беларусам магчымасці выязджаць. Беларус, які не можа пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, ён хочаш-не хочаш будзе неяк думаць, куды яму працаўладкавацца: бо есці трэба, за кватэру плаціць трэба».

Таксама КДБ і МУС зоймуцца распрацоўваннем захадаў для залучэння ў краіну замежнай працоўнай сілы. Плануецца, што працоўным мігрантам спросцяць працэдуру атрымання сталага віду на побыт, прапануюць медстрахоўку і падбаюць пра іхную «сацыяльную і культурную адаптацыю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: BelarusTractors_official / Telegram

Каб распавесці пра ўсе перавагі працы ў Беларусі, за мяжой зладзяць рэкламную кампанію. Са звестак Уладзіміра Жыгара асноўны піяр разгарнецца ў краінах Сярэдняй Азіі. Ён зазначае:

«Мігранты, якія прыязджаюць з такіх краінаў, будуць атрымліваць у Беларусі больш, чым яны маглі б зарабляць у сваіх краінах. Але тут ніхто не кажа пра кваліфікацыю, пра якасць. То бок, рэжыму Лукашэнкі зараз не патрэбныя разумныя людзі, не патрэбныя кваліфікаваныя людзі. Ім патрэбныя проста працоўныя людзі, каб хоць неяк, але нешта вырабляць».

Тое, што праграма замяшчэння працаўнікоў ужо пачала працаваць, відаць у медычнай сферы: у больніцах ды паліклініках усё часцей можна заўважыць дактароў з іншаземнымі прозвішчамі.

«У Беларусі няма нейкага іспыту па веданні медыцынскай беларускай ці медыцынскай рускай мовы. Але большасць людзей, якія застаюцца працаваць у Беларусі, яны вучыліся ў Беларусі. І зноў жа пытанне да сістэмы адукацыі: з якім веданнем мовы, беларускай ці рускай, замежнік выпускаецца з беларускай ВНУ?» – кажа каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Чакаецца, што захады сілавікоў у дачыненні кадравай палітыкі здзейсняць цягам 2024-2028 гадоў. Нягледзячы на аб’ёмнасць дакументу – ён складаецца ажно з пятнаццаці старонак, – ніякіх планаў наконт вяртання працаздольных беларусаў на радзіму ў ім няма.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»