Як санкцыі паўплывалі на «Беллёгпрам»?


«Беллёгпрам» страціў рынкі на захадзе і пераарыентоўваецца на ўсход. Прычына – удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны. Ці атрымаецца ў «Беллёгпраму» стаць аналагам «ZARA HOME» ўдома і ў Расеі? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Драйвам» і «выклікамі» старшыня «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна назвала страту высокамаржынальных рынкаў. Напярэдадні Дня працаўніка лёгкае прамысловасці чыноўніца падвяла вынікі працы галіны за апошнія 2 гады.

«Мы ажыццяўлялі пастаўкі ў 52 краіны, агулам прадукцыі лёгкай прамысловасці да санкцыйнага перыяду рэалізоўвалася… Самым маржынальным рынкам быў рынак Украіны, безумоўна, рынак Еўразвязу – гэта лён, дываны, тэкстыль і вопратка. Таксама былі дастаткова значнымі для нас рэгіёнамі…», – паведаміла старшыня «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна.

Паводле прызнання чыноўніцы, ад страты рынкаў асабліва моцна пацярпелі Аршанскі лёнакамбінат, «Віцебскія дываны», «Добрушскі фарфоравы завод».

«Непасрэдных санкцыяў няма, то бок Аршанскі лёнакамбінат не пад санкцыямі, але гэта ўскосныя санкцыі, як хаўрусніку расейскай агрэсіі. І зразумела, што іміджавыя страты для краіны вялікія. І сам факт таго, што прадукцыя вырабляецца ў Беларусі, гэта цяпер хутчэй негатыўнае кляймо, чым пазітыўнае», – тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

Але частку еўрапейскага рынку, запэўніла старшыня «Беллёгпраму», захаваць атрымалася: тавары ў Еўропу завозяць праз Турцыю.

«Або мы бяром лагістычныя ланцугі, што ўскладніліся, або абмежаваная прапускная магчымасць на мяжы. Гэта ўсё б’е… Хутчэй сама прадукцыя падаражэла і стала менш канкурэнтнай на еўрапейскім рынку», – тлумачыць экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Затое для айчыннага канцэрну застаўся расейскі рынак, куды і так ішло пад 50-60% прадукцыі. Цяпер на яго плануюць пераарыентаваць астатнія прадпрыемствы. Акно магчымасцяў бачаць у адходзе замежных брэндаў. Гэтак, у двух гандлёвых цэнтрах Масквы ўжо адкрылі беларускі аналаг «ZARA HOME», які ў Расеі назвалі «Бел.Ру».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэх фабрыкі «Славянка» у Бабруйску.
Фота: «Славянка» / slavianka.by

«Рэалізуецца беларускі тэкстыль або прадукцыя, звязаная з нашым ільном, вядома, з нашаю бавоўнаю і поліэфірам. Гэта наш посуд “Добруш” і “Нёман”, гэта нашыя рэчы для лазні», – паведаміла старшыня «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна.

Але ці здолеюць беларускія прадпрыемствы замяніць заходнія брэнды на рынку суседзяў?

«Там жа яшчэ і працуюць рознага кшталту маркетынгавыя тэхналогіі, бізнес-працэсы ўжо наладжаныя і працуюць ва ўсім свеце. І гэтыя тэхналогіі канкурэнтныя ва многіх краінах», – мяркуе экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Тым больш, што «Беллёгпраму» давядзецца канкураваць з расейскімі і кітайскімі вытворцамі. Яны ж стануць галоўнымі канкурэнтамі і на ўнутраным рынку.

«Мы бачым цяпер, ідзе цэлая кампанія барацьбы з сэкандамі, якім паступова знішчаюць усе ўмовы. Гэта таксама робіцца ў інтарэсах “Беллёгпраму”, яны найперш гэта лабіююць», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Ці здолее «Беллёгпрам» заскочыць у акно магчымасцяў хаця б у Беларусі, пакажа гандлёвая сетка «Да дому», што мае замяніць для спажыўца «ZARA HOME».

Аліна Скрабунова, «Белсат»