Беларускія чыноўнікі прыдумалі прадаваць тавары «Беллёгпраму» у крамах «Zara»


Беларускія чыноўнікі заявілі пра некаторыя захады, якія дапамогуць выправіць няпростую сітуацыю ў «Беллёгпрам». Галоўным у гэтым яны лічаць спробу заваявання расейскага рынку. А вось у Беларусі айчынную вопратку прапанавалі прадаваць у крамах «Zara». Адмыслоўца ў пытаннях стратэгічнага іміджу і фэшн-журналістка Кацярына Гардзеева ў размове з «Белсатам» раскрытыкавала ініцыятывы чыноўнікаў.

Беларуская вопратка мае праблемы з продажам
Цэх фабрыкі «Славянка» у Бабруйску.
Фота: «Славянка» / slavianka.by

У эфіры тэлеканалу СТВ праўладны эканамічны аналітык Георгій Грыц прапанаваў прадаваць прадукцыю «Беллёгпраму» у крамах «Zara». Ідэя прыйшлася даспадобы кіраўніцы «Беллегпрам» Таццяне Лугіной. Адмыслоўца ў пытаннях стратэгічнага іміджу і фэшн-журналістка Кацярына Гардзеева ў размове з «Белсатам» кажа, што ідэя размясціць у крамах «Zara» стэнды з беларускай вопраткай хутчэй за ўсё праваліцца, паколькі ў той жа «Zara» ёсць свае патрабаванні да прадукцыі, якую размяшчаюць у крамах. Таму нават размясціць тавары іншага брэнду фірма наўрад ці пагодзіцца.

Hавiны
«Адносна таннага тавару няма апрыёры». Кіраўніца «Беллёгпраму» пахвалілася дарагавізнай беларускай вопраткі
2022.10.30 13:31

Што да сітуацыі з «Беллёгпрамам», кажа фэшн-журналістка, то там не ўсё так і кепска. Калі мы паглядзім на маркі, якія ўваходзяць у канцэрн, то мы пабачым, што там ёсць «Мілавіца», ёсць «Conte», у якіх справы ідуць проста выдатна. Прадукцыя гэтых фірмаў прадаецца і без дырэктыўных установак, яны маюць свае крамы, развітыя сацыяльныя сеткі, маюць сваю канкурэнтаздольную прадукцыю. Дапамагаць ім няма неабходнасці.

«Што да іншых брэндаў, то трэба разумець, што беларуская вопратка – гэта гісторыя не пра моду. Яна стваралася не дзеля моды і каб рабіць людзей прыгожымі. Калі ў нас існуе жабрацкая голая дзяржава і з нічога нам трэба нешта рабіць, каб бедныя людзі маглі набыць хоць нейкую вопратку, як было характэрна ў пачатку 90-х гадоў, то цяпер сітуацыя змянілася. Але вось гэтае патрабаванне, што нам не трэба рабіць моду, але трэба рабіць хоць штосьці, яна ў галовах чыноўнікаў засталася. Вось адсюль мы і маем тое, што маем», – тлумачыць Кацярына Гардзеева.

Hавiны
Пасля патрабаванняў «Беллёгпраму» ўлады абмежавалі працу крамаў сэканд-хэнду
2021.01.03 11:36

Эксперт дадае, што праблема беларускага лёгпраму не абмяжоўваецца галовамі беларускіх чыноўнікаў. У сферы бракуе кадраў, бо сёння ў нашай краіне швейная спецыяльнасць не адносіцца да прэстыжных. І дзяўчыны, якія туды ідуць, проста жадаюць збегчы з старэйшых класаў, адпаведна, мы атрымліваем людзей, якія не гатовыя рабіць сваю працу добра. Калі ў кадраў няма магчымасці расці, то не будзе каму і працаваць. Таму тут комплексная праблема, у тым ліку і праблема з рэпутацыяй.

Беларускія чыноўнікі таксама рапартуюць, што маюць намеры прадаваць сваю прадукцыю ў Расеі. У гэтым «Беллёгпрам» бачыць сваю будучыню. Але яны не разумеюць існай сітуацыі ў самой Расеі. Кацярына Гардзеева кажа, што цяпер назіраецца рост мясцовых вытворчасцяў у РФ, больш за тое, некаторыя прыватныя беларускія брэнды здолелі выйсці на расейскі рынак і цяпер вядомыя ў Расеі.

«Трэба разумець, для каго ствараецца вопратка. Таму беларускія чыноўнікі могуць марыць пра замяшчэнне і заваяванне расейскага рынка, але яны мала маюць агульнага з рэчаіснасцю. Людзі не хочуць апранаць абы што, бо мода – гэта бізнес і падыходзіць да яе трэба як да бізнесу з піяр-кампаніямі, з новымі лінейкамі, з трэндавасцю. А ў нас гэтага няма», – тлумачыць Кацярына Гардзеева.

Чыноўнікі слухаюць зварот Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу, Менск, Беларусь, 31 сакавіка 2023 г.
Фота: БелТА

Ці апранаюцца чыноўнікі ў беларускае

Адмыслоўца ў пытаннях стратэгічнага іміджу і фэшн-журналістка таксама звяртае ўвагу на тое, як апранаюцца самыя беларускія чыноўнікі і чыноўніцы. Паводле нашай субяседніцы, калі сказаць, што яны не носяць беларускае, то гэта будзе хлусня, насамрэч беларускіх чыноўнікаў апранае атэлье «LineA». Там сапраўды працуюць добрыя спецыялісты, але шыюць вопратку з імпартнай тканіны. Мала таго, гэта не тая вопратка, якая даступная, напрыклад, для настаўніцы сярэдняй школы. Таксама ёсць добрыя заводы, кшталту «Элема».

Манекены ў краме RESERVED.
Фота: pixabay.com

Некаторыя беларускія чыноўнікі апранаюцца ў «Элема», але часцей за ўсё яны ў касцюмах, якія пашытыя на замову, і пашытыя не з беларускай тканіны.

Асобную ўвагу субяседніца «Белсату» звяртае на тое, што торбы нашыя чыноўніцы любяць сусветных брэндаў. І гэта дзіўна, бо калі яны дэкларуюць, што трэба прасоўваць беларускае, то не робяць гэта да канца. Бо калі на вас вопратка, якую пашылі ў беларускім атэлье, а торба за 4 тысячы долараў ЗША – гэта гісторыя не пра чэснасць і пра тое, як прасоўваюць беларускія тавары. Гэта гісторыя пра тое, як адводзяць грамадскую ўвагу ад праблемаў у гэтай сферы.

Hавiны
У Менску адкрылася першая крама сеткі «Да дому» – беларускага аналагу Zara Home і IKEA
2023.03.03 13:15

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў