Літва плануе ўзмацніць міграцыйны кантроль


Забавязаць працадаўцаў забяспечыць замежніку сталую працу, ануляваць від на жыхарства тым, хто не падаў падатковай дэкларацыі, змяніць квоты для замежнікаў, якія прыязджаюць працаваць у Літву. Гэта толькі некаторыя з захадаў, што прапануе Дэпартамент міграцыі Літвы, каб эфектыўней кіраваць міграцыйнымі плынямі ў краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прадугледзець больш жорсткія правілы для працадаўцаў, якія прывозяць працоўную сілу. Каб адзін працаўнік мог працаваць толькі ў траіх працадаўцаў. Бо цяпер няма ліміту і няясна, для каго ён насамрэч працуе», – дадае дырэктарка Дэпартаменту міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце.

Сёння ў Літве жывуць больш як 227 тысяч замежнікаў, гэта прыкладна кожны дванаццаты жыхар краіны. Беларусаў сярод іх каля 63 тысяч. Частка іншаземцаў атрымае электронныя анкеты ад Дэпартаменту міграцыі. Тых, хто перабывае ў краіне з гуманітарных прычынаў, гэта не датычыць, падкрэсліваюць улады.

«Дэпартамент міграцыі плануе дадаткова праверыць каля 18 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія атрымалі дазвол на пражыванне з нагоды працы да таго моманту, калі Дэпартамент міграцыі пачаў гэтыя сістэматычныя правяранні», – кажа Эвеліна Гудзінскайце.

Стаўленне афіцыйнай Вільні да беларусаў змянілася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і суагрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў расейскім нападзе. Электронная анкета акурат уваходзіць у сістэму абмежаванняў і правяранняў. Толькі сёлета адмову на заезд у краіну атрымалі ад літоўскіх памежнікаў 275 грамадзянаў Беларусі. А з пачатку ўведзенай захады – больш за 2 тысячы.

«Вельмі важна падкрэсліць: гэта наш абавязак – вырашаючы праблему з нястачаю працоўнай сілы, гуманітарныя праблемы, не прапусціць пагрозаў нашай нацыянальнай бяспецы. І спыніць злоўжыванне міграцыйнымі працэдурамі», – кажа міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень аднаўлення літоўскай дзяржавы беларусы адзначылі разам. Вільня, Літва. 17 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Больш пільна сталі правяраць і тых, хто ўжо жыве ў Літве. Напрыклад, дазволу на жыхарства пазбавілі грамадзяніна Беларусі, які выказаў непавагу да літоўцаў. У размове з блогеркай на Youtybe ён заяўляў, што прынцыпова не вучыць літоўскай, што яму не падабаецца Літва, яе ўлада, законы і цэны. Аднак пасля таго, як размова набыла агалоску, ён папрасіў прыбраць відэа.

«Пакуль гэты відэаролік быў у інтэрнэце, гледачы скіравалі яго ў розныя інстанцыі і, як я разумею, у Міграцыйную службу ў тым ліку», – тлумачыць блогерка, з якой размаўляў беларус.

Пачасціліся і выпадкі дэзынфармацыі нашых суайчыннікаў. У канцы лютага беларусам у Літве званілі з нумару, падобнага да нумару Дэпартаменту міграцыі, і папярэджвалі пра дэпартацыю. Учора з’явілася інфармацыя, што на літоўскіх тэлеграм-каналах, прысвечаных пошуку працы, абяцалі грошы за правакацыйныя графіці на тэму беларускага нацыяналізму.

«Дастаткова эфектыўна працуюць спецслужбы Беларусі і Расеі, паступова нагнятаючы грамадскую думку ў Літве і падкрэсліваючы, што нібыта ёсць пагроза для літоўскай дзяржаўнасці з боку беларусаў», – кажа кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Падаграваць супрацьстаянне могуць і выказванні некаторых палітыкаў, дадае ён:

«Абсалютна нармальна, што некаторыя палітыкі кажуць, што нам не падабаецца гэтая частка палітычнага працэсу. Адсочвайце, што прымае дзяржава як інстытуцыя, а не тое, што кажуць палітыкі, нават калі яны маюць пасаду».

Эксперт раіць вывучыць, як працуюць дзяржаўныя структуры ў краіне, сачыць за афіцыйнай інфармацыяй і не паддавацца на правакацыі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»