Хвароба службе не зашкодзіць?


Атрымаў позву ў ваенкамат, але замест медкамісіі адправіўся ў Паўднёвую Карэю працаваць мадэллю. Цяпер дваццігадоваму менчуку пагражае тэрмін за ўхіленне ад службы. Пачынаюць прызываць і тых, каму раней давалі адтэрміноўку ці прызнавалі не прыдатнымі да войска праз стан здароўя. Прычыны – нядаўнія змены ў заканадаўстве. Чаму ўлады перагледзелі патрабаванні да здароўя маладых людзей? І як гэта паўплывае на баяздольнасць беларускай арміі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У ваенкаматы выклікаюць тых, каго раней прызналі не прыдатнымі да тэрміновай службы – паведамляюць незалежныя беларускія медыі. Іх зноў адпраўляюць на медкамісію, якая цяпер кіруецца абноўленымі крытэрамі прыдатнасці. Мякчэйшымі. Напрыклад, у войска могуць прызваць людзей, што маюць пэўныя праблемы са зрокам, хрыбетнікам, сэрцам. А таксама лёгкую ступень астмы ці гемарою, атлусценне, плоскаступнёвасць – гэты спіс далёка не поўны. Зніжэнне патрабаванняў да здароўя можа служыць дадатковым бар’ерам для эміграцыі.

«Гэта варта разглядаць у кантэксце апошніх навінаў пра адпрацоўкі студэнтаў, якія, як некаторыя кажуць, хочуць павялічыць ці не да дзесяці гадоў. І што гэта пэўны элемент стрымлівання перад адʼездамі», – кажа Аляксандр Казак, палітолаг і спецыяліст у нацыянальнай бяспецы.

Галоўная прычына зменаў у заканадаўстве – нястача прызыўнікоў, мяркуе Вадзім Кабанчук з палка Каліноўскага. І такая праблема не толькі ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скрыншот “Белсат”

«Відавочна, што пагаршаецца агульначалавечы рэсурс. Праз экалогію, лад жыцця. У арміі шмат пасадаў, якія не вымагаюць, як некалі ў 19-20-м стагоддзях, быць грэнадзёрамі – прымкнуць штыкі і ісці ў атаку», – кажа Вадзім Кабанчук.

Гэтак, у вайне Расеі ва Украіне запатрабаванай спецыяльнасцю стаў аператар дронаў, якому быць моцным не абавязкова. А, напрыклад, у ізраільскай сістэме прызыву існуюць пранумараваныя профілі прыдатнасці.

«100 – гэта чалавек, які можа служыць дзе-кольвек, у тым ліку ў сілах спецыяльнага прызначэння. Далей ідзе 82 – амаль паўсюль. То бок ёсць дакладная градацыя, якая залежыць ад хваробы і паказвае, дзе ты можаш служыць», – тлумачыць ізраільскі вайсковы аглядальнік Давід Шарп.

Але што будзе, калі чалавека, дапусцім, з хворай спінай адправяць служыць туды, дзе ёсць значныя фізічныя нагрузкі?

«Армія нашмат больш баяздольнай не зробіцца. Яна атрымае, імаверна, болей жаўнераў – нездаровых, не здольных належным чынам выконваць свае абавязкі», – мяркуе Давід Шарп.

У беларускай арміі існуюць уласныя катэгорыі: напрыклад, прыдатны, абмежавана прыдатны, не прыдатны да службы ў мірны час. Але ці будзе дзейнічаць дыферэнцыяцыя паводле здароўя ў выпадку рэальнай вайны?

«Уяўляем сабе, што ўмоўна чалавек працуе ў штабе, але калі надыходзіць крытычная фаза баявых дзеянняў, і ўжо ніхто ў цябе не будзе пытацца: спіна ў цябе баліць ці плоскаступнёвасць», – распавядае Вадзім Кабанчук.

Сёлета падчас веснавога прызыву ў войска мелі адправіць каля 10 тысяч асобаў – пра гэта пісалі дзяржаўныя медыі. А вось меркаваную колькасць восеньскіх прызыўнікоў у адкрытых крыніцах не публікавалі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»