Сітуацыя з кадрамі ў медыцыне пагаршаецца


Усё горш з кадрамі ў медыцыне. Здавалася б, дайце студэнтам магчымасці, стварыце ўмовы. Замест гэтага – чарговыя абмежаванні ды яшчэ і гендарныя. Студэнты медычных універсітэтаў рыхтуюць петыцыю супраць кадравай замовы Міністэрства аховы здароўя. Спецыялізавацца на хірургаў, анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў запрашаюць пераважна мужчынаў. Дзяўчатам навязваюць на іхны погляд «больш жаночыя» спецыялізацыі. Як супрацьстаяць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства аховы здароўя не бачыць жанчын у прафесіях хірурга, анестэзіёлага-рэаніматолага, траўматолага. У кадравай замове на размеркаванне выпускнікоў Гомельскага медуніверсітэту 45 месцаў – для анестэзіёлагаў мужчын і толькі 5 месцаў – для дзяўчат. Для хірургаў – 70/13.

«Ёсць спіс прафесіяў, куды жанчыны не могуць уладкавацца паводле працоўнага заканадаўства. Гэта асобная праблема, але ўрачэбная спецыяльнасць туды не ўваходзіць», – адзначыў Станіслаў Салавей, гінеколаг і актывіст прафзвязу.

Паводле Станіслава Салаўя, адною з прычынаў гендарнай дыскрымінацыі можа быць стары стэрэатып, што праца ў хірургіі вымагае аб’ёму ведаў, практычных уменняў і фізічных магчымасцяў, даступных не кожнай кабеце. Але ў такім выпадку міністэрства дыскрымінавала б жанчын пры выбары больш шырокага кола спецыяльнасцяў. У тым ліку і гінекалогіі.

«Лепшы перакос, які можна паказаць. То бок на гінеколагаў чамусьці ніякіх абмежаванняў не ўводзяць, хаця гэта таксама хірургічная спецыяльнасць. Там аперацыі па 4,5,6 гадзін. Гэта ўсё робіцца таму, што дзяўчына быццам сыдзе ў дэкрэт, не будзе нармальна працаваць хірургам, сыдзе ў сямʼю. А хірургі “павінныя” працаваць звыш гадзінаў», – лічыць Станіслаў Салавей.

Каб лекары працавалі паспяхова, спецыялізацыю маюць выбіраць самі – згодна са сваімі талентамі і навыкамі. Але іхны выбар абмяжоўваюць, прычым у сітуацыі, калі ў краіне не стае шасці з паловаю тысяч урачоў-спецыялістаў. Дыскрымінуюць і мужчынаў, угаворваючы абіраць нібыта «больш мужчынскі» профіль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Згодна з артыкулам 32 Канстытуцыі:

«Жанчынам і мужчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных магчымасцяў у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоваў для аховы іх працы і здароўя».

Студэнты маюць намер дамагацца перагляду дыскрымінацыйнага загаду Міністэрства «Аб арганізацыі навучання ў субардынатуры». Запланавалі размяшчэнне ў сеціве адпаведнай петыцыі. Але перагляду не будзе, заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя, куды мы звярнуліся ад імя маці выпускніцы:

«Ніхто не будзе тлумачыцца. Усё. Яны скончылі размеркаванне паводле спецыяльнасцяў. Яшчэ год зойме інтэрнатура тэрапеўтычная. А далей яна (студэнтка), атрымліваецца, павінная будзе адпрацаваць нейкі тэрмін да катэгорыі. Можна двума курсамі перакрыць і пайсці ў хірургію, напрыклад, амбулаторную, а не ў больніцу. Потым пераскочыць. Укругавую, канешне, давядзецца».

Адпрацоўванне і перавучванне зойме разам прынамсі восем гадоў: інтэрнатура на агульную спецыяльнасць (1 год), праца паводле размеркавання (5 гадоў) і наступная інтэрнатура – два гады ў выпадку хірургіі. Гендарныя перакосы існуюць і ў іншых ВНУ:

«Яно абсалютна не роўнае для жанчынаў. Магу сказаць на прыкладзе Акадэміі МУС, Акадэміі МНС і Інстытуту памежна-мытнай службы, куды да 2020 году набіралі літаральна некалькі студэнтак на пэўныя спецыяльнасці», – згадвае Елізавета Даўгулевіч, сакратарка вонкавых сувязяў Задзіночання беларускіх студэнтаў.

Елізавета Даўгулевіч на міжнародным узроўні адвакатуе выпадкі дыскрымінацыі студэнтаў і студэнтак. Па рэальную дапамогу ў канкрэтных выпадках яна раіць звяртацца ў арганізацыю «Клопат», ініцыятыву «Яна/Ёй», праваабарончы цэнтр «Вясна» і ў медыі:

«Такія арганізацыі, якія спяшаюцца на дапамогу беларусам і беларускам унутры краіны, вельмі клапоцяцца пра бяспеку тых, хто да іх звяртаецца», – супакойвае Елізавета Даўгулевіч.

Паспрабуюць дапамагчы студэнтам і студэнткам і ў іхных навучальных установах, вынікае з асцярожнага каментара ў адным з дэканатаў:

«Мы пагаворым з вашай дзяўчынкай. У любы час хай тэлефануе. Калі будзе ў горадзе, хай прыходзіць у дэканат. Я пачую, што яна хоча і ўсё ёй распавяду, безумоўна».

Адно не вядома, што параяць выпускнікам: кампраміс даўжынёю 8 гадоў, ці спосаб абмінання міністэрскіх загадаў.

Юлія Цяльпук «Белсат»