Сёння адзначаюць Міжнародны дзень супу


Сёння Міжнародны дзень супу. Гэта адна з найпапулярнейшых і – як шмат хто лічыць – найкарыснейшых страваў. З нагоды свята сёння мы прыгатуем традыцыйны беларускі суп – халаднік. І ў гэтым нам дапамагае прафесіянал.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На стале маем класічныя інгрэдыенты для беларускага халадніку. Свежыя агуркі, зялёная цыбуля, вараныя яйкі, смятана, смажаная бульба, марынаваныя бурачкі ды кефірна-бурачная мяшанка», – Распавядае супрацоўнік варшаўскай кавярні «Burgerlab» Кірыл.

Сярод беларусаў, якія наведваюць гэты рэстаран, халаднік – адна з самых улюбёных страваў.

«Улетку мы прадаем да 50 порцыяў на дзень», – распавядае Кірыл.

Папулярнасць гэтай стравы выйшла і па-за межы Беларусі. Гастранамічны партал «Taste Atlas» паставіў яе на 13 месца ў рэйтынгу найлепшых халодных супоў свету. Агулам у гэтым спісе чатыры падобныя рэцэпты з буракамі.

Халаднік бурачковы.
Фота: Марыя Мурашка / Белсат

«Бурачкі багатыя вітамінамі групы A, C, E. У іх утрымліваецца марганец, кальцый, калій. І гэта важна для добрай працы нашага страўніка, мозгу і нават добрага настрою», – заявіла нутрыцыёлаг Алеся Трыфан.

Супы здаўна былі адной з асноўных страваў беларускай кухні. Ужо згаданы халаднік вядомы з канца 18 стагоддзя. Але ёсць і значна старэйшыя стравы.

«Пра боршч можна сказаць дакладна, ён быў вядомы і 1000 гадоў таму. А з’яўленне журу – гэта прыкладна 15-16 стагоддзе», – падзяліўся гісторык, знаўца беларускай кухні Алесь Белы.

Паводле Алесі Трыфан, супы надзвычай карысныя для здароўя. Але важна, каб у супе было не зашмат тлушчу. Інакш замест карысці страва можа прынесці здароўю шкоду. Агулам, у свеце існуе каля 150 відаў супу, кожны з якіх, у сваю чаргу, мае больш за тысячу варыяцый. Бо кожная гаспадыня ці гаспадар адную і тую ж страву (напрыклад, халаднік) гатуюць па-свойму.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»