Карыкатурныя праявы Лукашэнкі працуюць на разбурэнне ягонага рэжыму


Год якасці, абвешчаны ўзурпатарам, пачаўся паказальнымі нарадамі і каштоўнымі парадамі: «Тавар павінен быць унікальным. Ён мае быць канкурэнтаздольным на міжнародных рынках». Лукашэнка анансаваў вяртанне знаку якасці. Як у Савецкім Саюзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цягнуць яны ідэю са старой савецкай кладоўкі, з камуністычнага арсеналу. Усё гэта патыхае нафталінам. Але такое мысленне ў Лукашэнкі і ягонага атачэння», – кажа палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Пры гэтым узурпатар ізноў настойвае: ніякіх захадаў для паказухі быць не павінна. Падобна ён разважаў і на мінулым паседжанні, дзе абмяркоўваў агуркі і памідоры:

«Звяртаю ўвагу на тых, хто вякаць пачне заўтра. Тут няма ніякага папулізму перад электаральнай кампаніяй».

Тэма выбараў праскоквае ўсё часцей. Ужо другі дзень запар Лукашэнка кажа не толькі пра адзіны дзень галасавання, але і пра гэтак званыя прэзідэнцкія – 2025-га года. Маўляў, да іх рыхтуюцца і на Захадзе, і на Усходзе. Напярэдадні ён зацвердзіў абноўленую канцэпцыю кадравай палітыкі.

«Дакумент закліканы стацца метадычным арыенцірам для кадравых службаў і кожнага кіраўніка, на якога ўскладаецца персанальная адказнасць за кадравую працу», – напісала прэс-служба Лукашэнкі.

Тым часам у дзяржаўным апараце – дэфіцыт кадраў. Як заўважыла выданне «zerkalo.io», у некаторых дзяржаўных установах – сотні вакансіяў. Не могуць знайсці начальнікаў нават у адміністрацыю Лукашэнкі і Нацыянальны банк – з заробкамі ад 1800 да няпоўных 5000 рублёў.

«Знаходжанне ў сістэме дзяржаўнага кіравання прынясе вельмі шмат праблемаў. Не толькі матэрыяльнага характару, не толькі павелічэння адказнасці за выкананне бязглуздых загадаў. Але яшчэ і маральная адказнасць. Працаваць на дзяржаву, якая змагаецца са сваім грамадствам, – гэта не толькі непрэстыжна, гэта яшчэ і ў нейкай ступені ганебна», – каментуе намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытанні транзіту ўлады Юрый Губарэвіч.

Аляксандр Лукашэнка падчас навагодняга звароту ў 2023 годзе.
Фота: president.gov.by

Да таго ж чыноўнікі сталі больш актыўна выходзіць з сістэмы пасля 2020-га года. Хтосьці робіць гэта непублічна, дадае адказны за кадравы рэзерв Новай Беларусі Юрый Губарэвіч.

Узурпатар, гаворачы пра Год якасці, знайшоў, што трэба рабіць пасадоўцам:

«Пачынайце з сябе! Своечасова прыходзьце на працу і рабіце сваю справу. Вельмі якасна!»

У Беларусі не лічаць галасоў на выбарах, а папулізм Лукашэнкі ніяк не ўплывае на тых, дзякуючы каму ён рэальна ўтрымлівае ўладу. Сілавікі працягваюць рэпрэсіі. Стыль узурпатара можа дзеяць і супраць яго самога, зазначае Аляксандр Класкоўскі.

«Карыкатурныя праявы ў выкананні Лукашэнкі не столькі адцягваюць увагу ад ягонага змрочнага іміджу, колькі таксама працуюць на разбурэнне ягонага рэжыму, разбурэнне дыктатуры. Таму што смех, сатыра, анекдоты – гэта сведчанне таго, што рэжым ужо гнілы. Я згадваю, як смяяліся з Брэжнева за часоў застою».

Сёння ж, кажучы пра якасць, Лукашэнка падкрэсліў пераемнасць з Савецкім Саюзам, назваўшы эканоміку Беларускай ССР адною з найбольш развітых.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»