25 лютага ў Беларусі могуць правесці прэзідэнцкія выбары


Хвароба Лукашэнкі ўплывае на тое, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць адбыцца ўжо 25 лютага, разам з парламенцкімі. Кажа Дзмітрый Балкунец. Лукашэнка сыдзе толькі наперад нагамі, а першым, каму патэлефануюць ягоныя чыноўнікі, будзе Павел Латушка. Кажа Юрый Губарэвіч. Новы «Двубой».

«У 2024 годзе спаўняецца трыццаць гадоў з моманту прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. У такіх умовах, я мяркую, гэта пэўны рубеж. Плюс дзейнасць парламенту, тыя змены, якія яны цяпер робяць для гарантыяў Лукашэнкі, – гэта паказвае, напэўна, што ён рыхтуецца да нейкага сыходу або рыхтуецца нейкі палітычны транзіт. Пытанне, калі гэта здарыцца, – рытарычнае, бо ў аўтарытарнай дзяржаве складана прадказаць, калі гэта здарыцца», – адзначае Дзмітрый Балкунец.

Палітолаг тлумачыць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці нават 25 лютага 2024 года – з прычыны пагаршэння Лукашэнкавага здароўя.

Аднак палітык Юрый Губарэвіч лічыць такі варыянт разгортвання падзеяў малаверагодным:

«Стан здароўя Лукашэнкі відавочна пагаршаецца – так, гэта можа быць фактам. Але пытанне: хто ў гэтай сітуацыі будзе прымаць рашэнне пра ягоны сыход? Дактары ці яго найбліжэйшае атачэнне, якое абсалютна ад яго залежнае? Канечне, не. Сам Лукашэнка можа не звяртаць увагі, не зважаць, што яму цяжка выступаць альбо нейкі трэмар. Ён будзе трымацца за ўладу да апошняга, таму што ў ягоных вачах стаіць прыклад былых кіраўнікоў Савецкага Саюзу, якія сыходзілі са сваіх пасадаў толькі нагамі наперад. І пытанне гарантыі, пра якое гавораць, Канстытуцыі, законаў – Лукашэнка сам задаў гэты трэнд: часам не да законаў. І гэта праводзіцца ў жыццё рэгулярна, пастаянна цяпер – ім і ягоным атачэннем. Ён ведае, што ў гэтай сітуацыі давяраць людзям, якія нібыта пяроймуць уладу і будуць нібыта выконваць гэтыя законы, ён абсалютна не можа».

Дык ці сапраўды стан Лукашэнкі можа зрабіцца ключавым фактарам дзеля ягонага сыходу – ці ўсё тут у руках Крамля? Якія сцэнары змены ўлады ў Беларусі сёння прадказваюць аналітыкі? Ці гатовыя да іх дэмакратычныя сілы?

Глядзіце новае выданне праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы «Двубой»:

Дзмітрый Балкунец, палітолаг

Юрый Губарэвіч, лідар руху «За свабоду»

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.