Чырвоны Крыж паставіў ультыматум беларускай філіі


Звольніць генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова з пасады да 30-га лістапада. З такім патрабаваннем звярнулася Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца да Беларускага Чырвонага Крыжа. Міжнародная структура апублікавала вынікі расследавання заяваў Шаўцова і ягоных паездак на акупаваны Расеяй Данбас. Сведчанні дапамагала збіраць каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Кіраўнік Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа парушыў галоўныя прынцыпы Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа. Гэта прынцыпы нейтральнасці, прынцыпы добрасумленнасці, таксама прынцыпы, звязаныя з выкарыстаннем эмблемы Чырвонага Крыжа. Дзмітрый Шаўцоў таксама выступіў у падтрымку агрэсіі Расеі, агрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны», – пералічвае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Прадстаўніцтвы Чырвонага Крыжу і Чырвонага паўмесяцу па ўсім свеце, згодна з міжнародна прынятым статутам, маюць дапамагаць пацярпелым ад канфліктаў, баявых дзеянняў і гвалту па ўсім свеце. Дзмітрый Шаўцоў жа падчас паездкі на Данбас у ліпені пагражаў ядравай зброяй і адкрыта заяўляў, што ягоны Беларускі Чырвоны Крыж мае дачыненне да вывазу дзяцей з Украіны.

Падчас іншага наведвання акупаваных Расеяй тэрыторыяў Дзмітрый Шаўцоў быў заўважаны ў адзежы з нашытаю літараю «Z» – сімвалам расейскага ўварвання, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сваіх чальцоў нейтральнасці. У выніку расследавання гэтых дзеянняў управа Міжнароднай федэрацыі заклікала ўстрымацца ад партнёрства з Беларускім Чырвоным Крыжам і плануе прыпыніць фінансаванне дзейнасці арганізацыі, калі нацыянальнае таварыства не звольніць з пасады Шаўцова.

«Цяпер апошнія больш як тры гады ўся міжнародная актыўнасць, у тым ліку гэтай арганізацыі, істотным чынам скарочаная. І таму я лічу, што тыя рашэнні, заявы, рэзалюцыі, якія гучаць з боку міжнародных арганізацыяў, не будуць пачутыя ў Беларусі», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Беларускі Чырвоны Крыж / redcross.by

Беларускі Чырвоны Крыж хоць і ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю, але кіруецца таксама беларускім заканадаўствам, падкрэслівае Дзмітрый Балкунец. А фінансуюць яго апроч міжнародных арганізацыяў і грамадзяне Беларусі – чальцы арганізацыі, што пералічваюць адсотак ад заробку. Таму заява Міжнароднай федэрацыі перадусім мае дэкларацыйнае значэнне.

«Чырвоны Крыж хоча – Міжнародны рух і іншыя арганізацыі ў розных краінах свету – хочуць адгарадзіцца ад таго, што яны неяк удзельнічаюць у гэтай дзейнасці. Гэта пэўны сігнал свету, што Міжнародны Чырвоны Крыж ніякага дачынення да гэтага не мае. Бо беларускія ўлады прыкрываюцца прыгожай назвай, каб у тым ліку апраўдаць свае дзеянні», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Пра тое, што для рэжыму міжнародныя прэтэнзіі наконт вывазу дзяцей з Украіны адчувальныя, сведчаць спробы апраўдаць прымусовую дэпартацыю аздараўленнем. Дзеля гэтага сустрэцца з украінскімі дзецьмі ў Наваполацку запрасілі замежных дыпламатаў.

«Але гэта ўсё легендаванне. Мы разумеем, што там іншыя гісторыі будуць прадстаўленыя, там, магчыма, дзеці, якія прыехалі з бацькамі, што тут можа няма пытання прамога парушэння міжнароднага права», – кажа Павел Латушка.

Заходнія дыпламаты запрашэнне рэжыму праігнаравалі. Удзел у сустрэчы з украінскімі дзецьмі бралі прадстаўнікі Кітаю, Сірыі, Пакістану, Мазамбіку, Індыі ды некаторых краінаў-чальцоў СНД.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»