Польшча і Літва абмеркавалі небяспеку з боку Беларусі


У Сувалках на базе 14-га супрацьтанкавага артылерыйскага палка сустрэліся прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Сустракаліся найперш для таго, каб абмеркаваць сітуацыю з бяспекаю на межах з Беларуссю ў сувязі з прыбыццём наймітаў групы Вагнэра ў нашую краіну. На прэсавай канферэнцыі агучылі імаверную колькасць наймітаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер на тэрыторыі Беларусі ёсць больш за 4000 чалавек з групы Вагнэра. Мы выявілі, што яны набліжаюцца да нашай мяжы, што яны займаюць пазіцыі ў Гарадзенскай вобласці. Гэта значыць, гэтая сітуацыя вельмі зручная для арганізацыі правакацыяў як на польска-беларускай мяжы, так і на літоўска-беларускай мяжы», – заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Польскі прэмʼер заявіў, што вагнэраўцаў могуць выкарыстаць не толькі для эскалацыі міграцыйнага крызісу на межах з Беларуссю.

«Яны могуць маскавацца пад нелегальных імігрантаў для таго, каб пранікнуць у Польшчу і іншыя краіны NATO, іншыя краіны ўсходняга флангу для таго, каб праводзіць дыверсійныя акцыі на тэрыторыі нашых краінаў, менавіта ў Польшчы. Дыверсійныя акцыі, якія сапраўды могуць мець вельмі сурʼёзныя наступствы», – паведаміў прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Паводле польскага прэмʼера, краіне патрэбная мадэрнізацыя войска ды ўзмацненне вайсковых саюзаў.

«Я вельмі ўдзячны нашым літоўскім сябрам за нашую супрацу, за абмен інфармацыяй паміж нашымі службамі, за вайсковую супрацу і за тое, што ў рамках NATO мы даем абяцанне, што разам з нашымі амерыканскімі, брытанскімі, французскімі і ўсімі іншымі саюзнікамі мы будзем абараняць кожную часцінку краінаў NATO», – падкрэсліў Матэўш Маравецкі.

Адзін з верталётаў, што парушылі паветраную прастору Польшчы 1 жніўня 2023 года.
Фота: SluzbyiObywatel / Twitter

На сустрэчы агучылі супольныя захады для бяспекі на тэрыторыі краінаў NATO у выпадку эскалацыі з боку рэжыму Лукашэнкі.

«Мы павінныя не толькі гаварыць пра захады на нацыянальным узроўні, але і выпрацаваць алгарытм, што рабіць, калі сітуацыя будзе яшчэ больш ускладняцца, у тым ліку закрыць мяжу з Беларуссю, але гэта павінна быць зроблена скаардынавана з Польшчай, Літвой і Латвіяй», – дадаў Гітанас Наўседа.

Перакрыццё межаў – даволі рэалістычны сцэнар. Палітолаг Дзмітрый Балкунец не выключае, што Польшча і Літва могуць забараніць мінанне ўсходняе мяжы і для ўласных грамадзянаў.

«Лукашэнка ўвёў бязвізавы рэжым і зарабляе на гэтым грошы. Найперш на памежным гандлю, продажы паліва і некаторых прадуктаў. І жыхары гэтых рэгіёнаў актыўна ездзяць у Беларусь. Цяпер палякі ды літоўцы могуць увесці які-небудзь каранцін ды забараніць уезд у Беларусь», – заявіў палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Нарастанне пагрозы з усходу прымушае польскія ўлады задумацца пра магчымае закрыццё ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю. Пра гэта ў інтэрвʼю тэлеканалу «Polsat» заявіў міністр развіцця і тэхналогіяў Польшчы Вальдэмар Буда. У Менску тым часам працягваюць адмаўляць інцыдэнт з верталётамі, які здарыўся 1 жніўня. Паводле прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, верталёты не падляцелі да мяжы бліжэй за 1900 метраў. Ці магла гэтая сітуацыя быць проста памылкаю беларускіх лётчыкаў?

«Лётчыкі добра разумеюць, дзе яны знаходзяцца. Тым больш яны ляцелі нізка і ў добрае надворʼе, то бок бачылі, што яны перасякалі мяжу», – паведаміў былы лётчык, палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Паводле Рамана, гэта была свядомая правакацыя і ў будучыні можна чакаць паўтарэння, але не абавязкова з верталётамі.

«Гэта могуць быць ракеты, самалёты ці БПЛА. Расейцы супакойваюцца толькі калі атрымліваюць па твары. Як толькі першы лётны апарат будзе збіты, яны зразумеюць, што вось тут “чырвоная лінія” і яе лепей не пераходзіць», – дадаў Раман Світан.

Пакуль жа Варшава працягне нарошчваць колькасць войскаў на ўсходняй мяжы. Польскае Міністэрства абароны паведаміла пра тое, што да мяжы перакінулі баявыя верталёты.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»