І шавец, і кравец: чаму Лукашэнка кіруе краінай «уручную»?


Пакуль адбываецца чарговае абвастрэнне стасункаў з Захадам, Лукашэнка ездзіць па аграпрадпрыемствах і павучае іх кіраўнікоў ды чыноўнікаў. Займацца асабіста ўсімі сферамі жыцця краіны Лукашэнка намагаецца ці не з першых гадоў ва ўладзе. Чаму самаабвешчаны прэзідэнт не хоча адмовіцца ад ручнога кіравання?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пакуль грымеў скандал з беларускімі верталётамі над Польшчаю, Лукашэнка раздаваў указанні аграрыям у Бераставіцкім раёне. Ручное кіраванне ўсімі сферамі – фірмовы стыль самаабвешчанага прэзідэнта.

«Гэта спосаб стварыць ілюзію дзейнасці – хадзіць там паўсюль. Як кажуць менеджары, павесіць пінжак на крэсле і кудысьці сысці. Нібыта ён на працы, але насамрэч на працы яго няма. Ён увесь час недзе швэндаецца», – мяркуе Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.

Навошта Лукашэнка імкнецца асабіста займацца ўсім – ад медыцыны да вырабу цукерак?

«Для яго вельмі важна кантраляваць усе сферы жыцця. Бо ў аўтарытарных лідараў ёсць страх, што калі яны страцяць уладу ў нейкіх дробязях, то гэта можа падарваць іх уплыў», – тлумачыць палітычны аналітык Таццяна Ашуркевіч.

Мы сапраўды не бачым у палях ці ў кароўніках дэмакратычна абраных лідараў – напрыклад, Макрона ці Байдэна. Затое Лукашэнка рэгулярна павучае аграрыяў і чыноўнікаў на фермах.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці. 1 жніўня 2023 года.
Фота: БелТА

«Тут звяртаемся да той самай прыказкі, што цар – добры, баяры – дрэнныя. Бо калі ты паказваеш, што ты аддаеш добрыя загады, але цябе не разумеюць, то навошта здымаць цябе з пасады? Ты добры прэзідэнт, які разумее ўсе галіны жыцця», – кажа Таццяна Ашуркевіч.

Відавочная паказуха, якую ладзяць да ягонага прыезду, самога Лукашэнку, падобна, мала абыходзіць. Вымытая да бляску ферма і камбайнеры ў ідэальна чыстым і адпрасаваным адзенні. Лукашэнка, аднак, выдатна ведае рэальны стан рэчаў у краіне, кажа былы працаўнік ягонай адміністрацыі.

«Лукашэнка робіць тое, што выгадна яму і прапагандзе. Цяпер трэба паказаць дабрабыт і чысціню – таму ідзе такая карцінка. Але мы памятаем, што калі трэба зрабіць разнос чыноўнікам – здымаюць брудныя кароўнікі», – кажа Арцём Праскаловіч, былы працаўнік адміністрацыі Лукашэнкі.

Аднак сельскую гаспадарку асабісты ўдзел Лукашэнкі ў кіраванні, падобна, не заўсёды ратуе. Ён сам прызнаваў праблему і з паморкам жывёлы, і з крадзяжамі, і з п’янствам працаўнікоў.

«У нас заўсёды загінаюцца тыя галіны, за якія Лукашэнка бярэцца. Самай развітай у нас была галіна ІТ, пра якую ён забыў. Усё, да чаго ён дакранаецца, пачынае развальвацца і занепадаць», – кажа Яраслаў Кот.

Мікраменеджмент, калі кіраўнік нікому не можа дэлегаваць паўнамоцтваў, папросту неэфектыўны, мяркуе эксперт.

Валянцін Васіленка, «Белсат»