Польскі спецназ узмацняюць супраць «Групы Вагнэра»


Берлін прыспешвае перамовы аб стварэнні ў Польшчы рамонтнай базы для танкаў «Леапард», каб хутчэй перакінуць туды тры нямецкія танкавыя падраздзяленні. А Варшава настойвае, каб Нямеччына пакінула свае сістэмы паветранай абароны «Patriot» прынамсі да канца года. Так можна акрэсліць сэнс сённяшніх перамоваў польскага і нямецкага міністраў абароны ў горадзе Замосць недалёка ад украінскай мяжы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што адбываецца апошнім часам: поўнае падпарадкаванне Расеяй Беларусі, перакідванне ядравай зброі ў Беларусь, а таксама збор групы Вагнэра на беларускай тэрыторыі, – паказвае, наколькі рэальныя гэтыя пагрозы», – заявіў міністр абароны Польшчы Мар‘юш Блашчак.

Рэакцыяй на планы размясціць у Беларусі расейскае ўзброенае фармаванне «Група Вагнэра» стала ўзмацненне мяжы. На дапамогу польскім памежнікам дадаткова скіравалі 500 паліцыянтаў.

«Гэта будуць байцы з паліцэйскага спецназу і з аддзелу контртэрарыстычнай групы, а таксама на мяжы павялічыцца колькасць жаўнераў. Пры патрэбе сілы будуць узмоцненыя яшчэ больш», – падкрэсліў міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

Як падкрэсліў Мар’юш Каміньскі, гэта сігнал, што польскія ўлады гатовыя да магчымых пагрозаў з боку Беларусі. Усяго на мяжы з нашай краінай Польшча размясціла кантынгент у 7 з паловай тысячаў чалавек, перадусім гэта памежнікі.

«Іх там яшчэ няма. Не кажу пра самога Прыгожына, а кажу пра – не ведаю, як іх акрэсліць, – вайскоўцаў ці бандытаў. Тых бандытаў там яшчэ няма. Дакладна быў план іх дыслакацыі. Мы сочым за сітуацыяй, маніторым падзеі, узмацняем нашыя сілы», – заявіў Марʼюш Каміньскі.

Мінабароны Польшчы, Марыюш Блашчак, злева, і прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, у цэнтры і размаўляюць з румынскімі салдатамі, якія ўваходзяць у склад Нябесных вартаўнікоў баявой групы NATO. 12 сакавіка 2023 г., Варшава, Польшча.
Фота: Lianne Hirano/U.S Army / Zuma Press / Forum

Польскія службы рыхтуюцца да таго, што «вагнэраўцаў» далучаць да гібрыдных атак з удзелам нелегальных мігрантаў, каб падвысіць градус гвалту. Раней неаднаразова былі паведамленні, што групы мігрантаў пры саўдзеле людзей у масках з беларускага боку мяжы закідваюць аўтамабілі польскіх памежнікаў камянямі і палкамі. Толькі напярэдадні ў Польшчу з Беларусі нелегальна спрабавалі трапіць вялікімі групамі 159 чалавек, у тым ліку грамадзяне Індыі.

Разам з тым польскія спецслужбы адсочваюць атакі ў кіберпрасторы, а таксама актывізацыю выведкі спецслужбаў з боку Расеі і рэжыму Лукашэнкі. А таксама паведамляюць новыя падрабязнасці арышту польскага хакеіста расейскага паходжання Максіма С., якога затрымалі за шпіянаж.

«Максім С. быў завербаваны расейскімі спецслужбамі адносна нядаўна. Спачатку яму загадвалі рабіць надпісы на сценах для распальвання антыўкраінскіх настрояў. А потым – фатаграфаваць аб’екты крытычнай інфраструктуры, у тым ліку чыгунку, вайсковыя часткі, памежныя пераходы, аэрадромы», – распавяла крыніца выдання «Rczeczpospolita».

Расеец Максім С. уваходзіў у шпіёнскую сетку з прынамсі 14 асобаў, якую разбілі польскія спецслужбы. Таксама ў яе ўваходзілі некалькі грамадзян Беларусі і Украіны. Шпіёнская сетка адсочвала пастаўкі зброі саюзнікаў ва Украіну і рыхтавала дыверсійныя дзеянні.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»