Ці варта пасля навагодняга застолля сядаць за стырно?


Галоўны вораг бяспекі дарожнага руху ў навагодні перыяд – алкаголь. Менавіта ён робіцца лучвом паміж удзельнікам дарожнага руху і аварыяй. У ДАІ падлічылі, колькі несвядомых грамадзянаў рызыкнулі бяспекаю – сваёй ды іншых асобаў – і селі за стырно. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падчас вялікіх выходных знайшлося нямала тых, хто патэнцыйна мог азмрочыць святочны настрой і сеў за стырно нападпітку. За першыя два дні 2024-га года за кіраванне аўтам у стане ап‘янення затрымалі 114 нецвярозых кіроўцаў. У мінулым годзе на дарогах краіны такіх парушальнікаў было яшчэ болей – 132.

«П’янства за стырном вядзе да страшных наступстваў на дарозе. Наезды, сутыкненні і перакульванні аматары спіртнога здзяйсняюць незалежна ад надвор’я і дарожных умоваў», – папярэдзіла інспектарка ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкаму Наталля Казлова.

Пакаранне за нецвярозую язду залежыць ад канцэнтрацыі спірту ў крыві ці яго параў у выдыханым паветры: ад 3-ох дзясятых да 8-мі дзясятых праміле, то бок у сярэднім да двух кілішкаў гарэлкі на дарослага мужчыну – штраф 100 базавых з пазбаўленнем правоў кіроўцы на тры гады. Больш за гэта – 200 базавых з пазбаўленнем правоў на пяць гадоў. Паўторнае парушэнне цягне ўжо крымінальную адказнасць, а транспартавы сродак сканфіскуюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабіль ДАІ. Менск. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Калі аўтамабіліст увечары ўжыў спіртное, алкатэстар на наступную раніцу выявіць у арганізме пары этылу. Нават калі чалавек не адчувае пахмелля, сядаць за стырно адразу з раніцы пасля імпрэзы нельга. У такім стане запавольваюцца рэфлексы і парушаецца каардынацыя. Таксама ў ДАІ адзначаюць: быць уважлівымі трэба ўсім удзельнікам дарожнага руху.

«Не меншую небяспеку ўяўляюць і пʼяныя пешаходы, дзеянні якіх непрадказальныя», – дадала Наталля Казлова.

За першыя 2 дні студзеня за розныя парушэнні ПДР да адказнасці прыцягнулі больш за 1 600 пешаходаў, 306 з іх, то бок кожны пяты, былі ў нецвярозым стане.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»