Эфектыўнасць сцяны на мяжы не перавышае 60 %


Агароджа на польска-беларускае мяжы эфектыўная не больш як на 60 адсоткаў. Гэта вынікае са справаздачы аналітычна-сітуацыйнага ўпраўлення штабу Памежнае аховы Польшчы. Дакумент мае назву «Міграцыйны ціск з Беларусі на Польшчу, Літву і Латвію на зялёнай мяжы ў перыяд з 1 студзеня да 17 верасня 2023 года».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, за гэты перыяд на польскім баку злавілі амаль сямнаццаць з паловаю тысяч мігрантаў, якія здолелі перайсці мяжу. Яшчэ паўтысячы асобаў злавілі на польска-нямецкай мяжы. І амаль трынаццаць тысяч змаглі дабрацца да Нямеччыны, дзе звярнуліся з просьбаю даць ім прытулак.

Але ахову мяжы і не мусіць выконваць толькі агароджа, кажа адмыслоўца ў міжнароднай бяспецы аналітык «Defence24» доктар Яцэк Раўба.

«Бар’ер – толькі элемент, што дазваляе інакш размеркаваць іншыя рэсурсы (такія як памежная служба, войска, паліцыя), бо ўскладняе масавае перакідванне людзей. Але бар’ер ніколі не будзе эфектыўным. Гэта мусіць быць сінергія абсервацыйных сістэмаў, людзей, перадусім чалавек мусіць быць тут ключавым інструментам».

«Gazeta Wyborcza» пра недастатковую эфектыўнасць мяжы пісала яшчэ летась у верасні, спасылаючыся на дакумент памежнікаў. Але, паводле выдання, тагачасны намеснік каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын тады заяўляў, што такой справаздачы не існуе, а выданне працуе на палітычную замову апазіцыі.

Разам з парламенцкімі выбарамі ў Польшчы, пасля якіх сфармаваўся новы ўрад, меўся адбыцца і рэферэндум. На ім, сярод іншага, задаваліся пытанні і пра мігрантаў, і пра сцяну на мяжы з Беларуссю. Але яўка выбарнікаў атрымалася не дастатковай. Тым не менш, новыя ўлады не выказвалі намераў прыбраць агароджу.

Польска-беларуская мяжа.
Фота: Памежная ахова Польшчы / Х

«Гэта будзе дзвесце шэсць кіламетраў. Як мы ведаем, гэта самая доўгая памежная лінія электроннага кантролю ў свеце, каардынаваная з аднаго цэнтру», – так тагачасны міністр унутраных справаў Польшчы Марʼюш Каміньскі ў лістападзе 2022-га характарызаваў сцяну на мяжы, адкрываючы першы яе ўчастак.

Будова скончылася ў 2022-м, летась яе дапоўнілі сістэмай камераў і чуйнікаў. Літва таксама збудавала ўздоўж мяжы з Беларуссю сцяну з калючым дротам даўжынёй 550 кіламетраў. 172 кіламетры агароджы заканчвае будаваць Латвія. Гэтыя захады краіны-суседкі Беларусі ўвялі праз міграцыйны крызіс, арганізаваны лукашэнкаўскім рэжымам у 2021-м з дапамогаю Расеі.

Але гэта мог быць не толькі адказ Лукашэнкі на санкцыі, падкрэслівае доктар Яцэк Раўба, але і спроба адцягнуць увагу ад рыхтавання ўварвання ва Украіну. Таму палітычнае залагоджванне крызісу без змены рэжымаў у Беларусі і Расеі немагчымае.

«Я бачу шанц у большай міжнароднай супрацы, большай актыўнасці на арэне саюзнікаў, але гэта вымагае дыпламатычнае працы. З іншага боку, я не бачу дыпламатычнага развязку, калі казаць пра крыніцы крызісу, бо рэжымы Пуціна і Лукашэнкі шмат заінвеставалі ў гэты інструмент, у мігрантаў. І яны будуць і далей карыстацца тым арсеналам, што збудавалі», – кажа Яцэк Раўба.

Цягам 2023 года, паводле Памежнай аховы Польшчы, толькі на беларуска-польскім участку мяжы нашае краіны з Еўразвязам зафіксавалі каля дваццаці шасці тысяч спробаў нелегальнага пераходу. Сёлета польскія памежнікі спынілі ўжо дзевяць такіх спробаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»