Міністры Еўразвязу сустрэліся ў Кіеве


Гістарычная сустрэча ў Кіеве. Упершыню міністры замежных справаў Еўразвязу праводзяць нефармальнае паседжанне па-за межамі аб’яднання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Старшыня еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль адзначыў, што галоўная мэта гэтай сустрэчы – прадэманстраваць салідарнасць і падтрымку ўкраінскага народу. У тым ліку на шляху краіны ў Еўразвяз. Пазітыўны прагноз адносна далучэння Украіны ў еўрапейскую сямʼю прагучаў і ў прамове міністаркі замежных справаў Нямеччыны Аналены Бэрбак:

«Будучыня Украіны – у Еўрапейскім Звязе, у нашай супольнасці свабоды, і неўзабаве яно пашырыцца ад Лісабона да Луганску. З кожным сялом, з кожным метрам, які вызваляе Украіна, з кожным метрам, дзе яна ратуе сваіх людзей, яна таксама пракладвае свой шлях у ЕЗ».

Афіцыйна статус краіны-кандыдату Украіна атрымала летась у ліпені, а разам з ім і сем неабходных крытэрыяў, якія мусіць выканаць. І на думку Аналены Бэрбак, з таго часу Кіеў уражальна праводзіць рэформы, нягледзячы на расейскую агрэсію:

«Размова ідзе аб такіх рэчах, як прававыя змяненні ў судовай сістэме, у заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі, але перш за ўсё аб тлустай планцы карупцыі. Мы таксама адкрыта гаворым аб гэтым з нашымі партнёрамі тут, ва Украіне, каб разам пракладаць гэты шлях».

Ацэньваць выкананне Украінай крытэраў для атрымання статуса кандыдата еўрапалітыкі на палях сустрэчы ў Кіеве на сталі. Адпаведную ацэнку Еўракамісія дасць у справаздачы, якую мае падрыхтаваць у канцы кастрычніка. Кіеў чакае, што гэта будзе сумленны і празрысты працэс без дадатковых умоваў, заявіў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба. Ды адзначыў, што ўжо зараз у Еўразвязе ёсць кансэнсус адносна ўкраінскай еўраінтэграцыі, справа толькі ў часе.

Жузэп Бурэль і Дмытро Кулэба пакідаюць сумесную прэс-канферэнцыю.
Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

«Наколькі я разумею сітуацыю, Еўразвяз “дажыў” да разумення таго, што трэба рыхтаваць новае вялікае пашырэнне. І вы больш не можаце спадзявацца на нейкія “шэрыя” зоны. Таму што “шэрыя” зоны – гэта выклік для той жа Расеі ў тым сэнсе, што праз іх можна ўплываць на сітуацыю на ўсім кантыненце», – адзначыў украінскі палітолаг Пятро Аляшчук.

Назваць пэўныя тэрміны ўключэння Украіны ў Еўразвяз зараз не могуць нават у Бруселі, мяркуе эксперт. У тым ліку і праз працяг вайны з Расеяй. Раней у Еўракамісіі заяўлялі, што Кіеў не можа разлічваць на еўраінтэграцыю, пакуль на тэрыторыі краіны знаходзяцца расейскія войскі.

«Нашая перамога наўпрост залежыць ад нашай супрацы з вамі. Чым больш рашучымі і цвёрдымі будуць крокі, тым хутчэй скончыцца гэтая вайна, яна завершыцца на справядлівых умовах з аднаўленнем нашай тэрытарыяльнай цэласнасці і надзейнымі гарантыямі міру ва ўсёй Еўропе», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле Жузэпа Бурэля, з пачатку поўнамаштабнай вайны Еўразвяз ужо прадставіў Украіне падтрымку на 85 мільярдаў еўра. На наступны год старшыня еўрадыпламатыі прапанаваў яшчэ 5 мільярдаў еўра дапамогі. Пры гэтым на палях сустрэчы казалі і пра крытычны момант у падтрымцы Украіны. Напярэдадні на парламенцкіх выбарах у Славаччыне пад лозунгамі аб прыпыненні дапамогі Украіне перамаглі прарасейскія сілы.

«Гісторыя яшчэ не скончаная, але яна была чаканая. Нельга сказаць, што фармаванне новага ўрада ў Славакіі будзе аказваць нейкую вырашальную ролю. Але натуральна, што зʼяўленне другога Орбана ў ЕЗ будзе мець негатыўныя наступствы», – адзначыў Пятро Аляшчук.

Таксама эксперт не дае адназначных прагнозаў адносна часовага бюджэту ЗША, які днямі прынялі ў Кангрэсе. У дакумент не ўвайшлі выдаткі на дапамогу Украіне. Але, на думку Пятро Аляшчука, варта дачакацца гадавога бюджэту. Яго абяцаюць разгледзець у бліжэйшыя 45 дзён.

Ірына Юрʼева, «Белсат»