Супраць Дзмітрыя Кучука завялі крымінальную справу 


6 тыдняў трымаюць за кратамі кіраўніка зліквідаванай уладамі Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука. Затрымалі яго ў лютым паводле адміністратыўнай справы, але судзіць будуць нібыта крымінальнага злачынцу. 20 сакавіка Дзмітрый сустрэў пяцідзесяцігоддзе ў зняволенні, і родныя доўга не ведалі пра ягоны лёс.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А цяпер сталася вядома: палітыка, эколага і прадпрымальніка Дзмітрыя Кучука будуць судзіць паводле гэтак званага народнага, 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Палітыка затрымалі 16 лютага, калі той – адзіны – прыйшоў да расейскай амбасады ў Менску ўшанаваць памяць памерлага ў той дзень апазіцыянера Аляксея Навальнага. На думку дырэктара цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоля Лябедзькі, зрабіць інакш Дзмітрый не мог:

«У яго было адчуванне такога комплексу вінаватасці: іншыя сядзяць за кратамі, а я тут, я не з’ехаў. Ён прынцыпова не хацеў зʼязджаць, хаця такія прапановы яму паступалі. І ён заставаўся актыўным. Ён гаварыў ужо пра Чарнобыльскі Шлях-2024».

Летась Кучук спрабаваў выставіць сваю кандыдатуру на дэпутацтва ў ніжнюю палату парламенту. Выклаў у сацсетках відэаролік, у якім патлумачыў свае намеры:

«Я пастанавіў узяць удзел у дэпутацкай кампаніі. Я не маю ілюзіяў, што атрымаю дэпутацкі мандат. Але мне важна стаць голасам тых беларусаў, якія знаходзіцца ў краіне, хто гатовы падтрымліваць незалежных кандыдатаў».

Але палітыку не далі нават зарэгістраваць ініцыятыўнай групы.

Былы старшыня партыя «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, якому ўлады адмовілі ў рэгістрацыі.
Фота: Дмитрий Кучук / Facebook

«Яго выклікалі ў КДБ і папярэдзілі, што будзе ўзбуджаная крымінальная справа нібыта за парушэнне заканадаўства і гэтак далей, – узгадвае адзін з лідараў Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, сябра Каардынацыйнай Рады Віталь Рымашэўскі. – Рэжым страшна спалоханы. І менавіта гэта абумоўлівае ўсю хаду сёлетняй выбарчай кампаніі».

Дзмітрый Кучук стаўся сёмым партыйным лідарам за кратамі. Такі ж лёс напаткаў старшыню партыі «Вместе!» Віктара Бабарыку. У няволі цяпер Мікола Казлоў з Абʼяднанай грамадзянскай партыі і цяжка хворы Рыгор Кастусёў, партыя БНФ, а таксама лідар «Нашай партыі» Андрэй Дзмітрыеў ды Хрысціянскі дэмакрат Павел Севярынец.

Дзмітрый Кучук далучыўся да партыі «Зялёныя» ў 2008 годзе, а з пачатку 2020-га стаўся яе старшынём. Актыўна выступаў супраць будоўлі Беларускай АЭС. Антыядравую пазіцыю скарыстаў падчас перадвыбарчай парламенцкай кампаніі 2016 года. На тэледэбатах выступаў з процівагазам на галаве.

Летась партыю «Зялёных» зліквідавалі разам з іншымі апазіцыйнымі абʼяднаннямі. Цяпер жа яе лідару пагражае да трох гадоў зняволення.

Марына Яновіч, «Белсат»