Аляксандр Азараў пакінуў Аб'яднаны пераходны кабінет


Дзеля ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду Аляксандр Азараў пакінуў пасаду каардынатара плану «Перамога» ў Абʼяднаным пераходным кабінеце. Маўляў, Рада вельмі важная, бо яе баіцца рэжым Лукашэнкі. Якія галоўныя моманты правядзення выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каардынацыйная рада пазіцыянуе сябе як адзіны прадстаўнічы орган беларускага грамадства. Выбары яе трэцяга складу прызначаныя на 25-28 траўня. Фармаванне выбарчых камісіяў працягнецца да 15 красавіка. Затым да 22-га правядуць рэгістрацыю выбарчых спісаў. На агітацыю кандыдатаў адвядуць месяц – з 25 красавіка да 25 траўня.

«Я думаю, што гэтыя выбары дадуць новы імпульс для развіцця дэмакратычнай палітыкі і дэмакратычных сілаў у Беларусі. Нам патрэбныя новыя ідэі і новыя лідары. Людзі, якія прыйдуць у Каардынацыйную раду, змогуць самі змяніць тую палітыку, якую сёння праводзяць дэмакратычныя сілы», – паведаміў спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Гэтым разам ананімных кандыдатаў не будзе, што выключае ўдзел тых, хто застаецца ў Беларусі ці можа працягваць ездзіць у краіну. Агулам жа плануюць абраць 80 дэлегатаў. Кожны з іх мусіць падпісаць мемарандум пра згоду з тым, што выбары 2020-га года ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя, Расея вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны, а Беларусь выступае суагрэсарам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Азараў падчас слуханняў Каардынацыйнай рады.
Фота: Белсат

«Без публічнай адкрытай палітыкі дэградуюць нашыя лідары, таму адкрытыя выбары, у якіх удзельнічаюць адкрыта кандыдаты, дзе яны могуць камунікаваць, прадстаўляць свае ідэі і праграмы для выбарцаў, дзе яны будуць падкантрольныя гэтым выбарцам, – гэта тое, што зробіць нашую палітыку лепшаю», – заяўляе спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Самыя выбары адбудуцца онлайн, што дасць магчымасць узяць удзел усім зацікаўленым беларусам. За тэхнічны бок пытання адказвае каманда праекту «Новая Беларусь» на чале з Паўлам Ліберам.

«Ім змогуць карыстацца людзі ў Беларусі і дастаткова бяспечна пры мінімальным выкананні правіл бяспекі, то бок мы зможам дастаткова бяспечна дапусціць да галасавання і людзей у Беларусі, і людзей за межамі», – тлумачыць Павел Лiбер.

Каб перадухіліць выцек звестак, платформу для галасавання цалкам дэцэнтралізуюць.

«І, напэўна, самае важнае – што ўсё гэтае рашэнне зроблена пад ключ як асобнае рашэнне, яно будзе выкладзена ў выглядзе адкрытага коду, каб усе ахвочыя маглі прыйсці, задаваць свае пытанні і паглядзець, як гэта працуе», – працягвае кіраўнік платформы «Новая Беларусь».

Пакуль жа гатовасць Каардынацыйнае рады да выбараў раскрытыкавалі ў Абʼяднаным пераходны кабінеце і Офісе Святланы Ціханоўскай. Там заявілі, што правядзенне можа прайсці неналежным чынам.

Аліна Скрабунова, «Белсат»