У міліцыі прапаноўваюць вярнуць артыкул за «дармаедства»


Не хочаш працаваць – будзеш пакараны! У гарадзенскай міліцыі прапаноўваюць унесці ў Адміністратыўны кодэкс артыкул за так званае дармаедства. А ў прыклад ставяць савецкі досвед, калі беспрацоўны мог на год страціць свабоду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Што ў гэтым было дрэннага – законным шляхам прымусіць людзей працаваць, прыносіць карысць у першую чаргу сабе і сваёй сям’і, а па-другое – грамадству? Каб былі сродкі для існавання. А не так, як некаторыя цяпер: скраў, выпіў, сеў, скраў, выпіў, сеў. За чатыры гады – пяць судзімасцяў. І такія выпадкі бываюць», – заявіў начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Дзмітрый Разянкоў.

Прапанову гарадзенскія міліцыянты накіруюць у Палату прадстаўнікоў, калі напрыканцы лютага будзе вызначаны яе новы склад. Таксама ідэю агучаць на Усебеларускім народным сходзе. Навошта сілавікі лабіююць адказнасць за адмову ад працы?

«Першае – гэта недахоп працоўных рук. Другое – гэта эвалюцыя палітычнага рэжыму ў Беларусі. Гэта ўсё сыходзіцца ў адной кропцы, таму такія прапановы ўзнікаюць», – тлумачыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Лічбы Белстату пацвярджаюць словы Валерыя Карбалевіча. Летась з працы звольнілі амаль на 63 тысячы чалавек больш, чым уладкавалі. Згодна з Рэспубліканскім банкам вакансіяў, у Беларусі не стае больш як 136 тысяч працаўнікоў. Ці дапаможа артыкул пазбавіцца дэфіцыту кадраў?

«Пашырэнне такіх практык не прыводзіць да таго, каб людзі працаўладкоўваліся. Наадварот людзі з’язджаюць, замест таго, каб шукаць месца сабе ў Беларусі», – заявіў чалец «Рабочага руху» Юрый Рававы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяніс Садоўскі падчас антыдармаедскіх пратэстаў ў 2017 годзе.
Фота: svaboda.org

Праблему міграцыі з Беларусі адзначыў і праваабаронца Леанід Судаленка.

«Улада павінна і клапаціцца. і ствараць прывабныя працоўны месцы, каб людзі не зʼязджалі ў эканамічную міграцыю. Калі ўлада называе 300 тысяч палітычных, дык давайце падлічым, колькі эканамічных зʼехала», – паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка.

У гэтак званую базу дармаедаў трапляюць працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, а таксама тыя, хто больш чым на 30 дзён зʼехаў у любую краіну, акрамя Расеі, Кыргызстану, Арменіі ды Казахстану. Яны аплачваюць газ, гарачую ваду ды ацяпленне паводле поўных тарыфаў. Розніца з ільготнымі можа сягаць пяці разоў. Акрамя таго, «дармаед» не можа ўзяць ільготнага крэдыту на жытло. Ці не парушаюць такія захады правы чалавека?

«Праца – гэта права, а не абавязак», – падкрэсліў праваабаронца Леанід Судаленка.

У 2017 годзе па краіне пракацілася хваля пратэстаў супраць лукашэнкаўскага «дармаедскага» Дэкрэту № 3. З часам пратэстоўцы агучылі і палітычныя патрабаванні – адстаўку дыктатара. Згодна з дэкрэтам, каля 470 тысяч чалавек, якія цягам паўгода не выплачвалі падаткаў, былі абавязаныя сплаціць дзяржаве 20 базавых. Пасля акцыяў пратэстаў дзеянне дэкрэту спынілі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»