«Перагортваючы старонку». Чыноўнікі павіншавалі з Новым годам


Чыноўнікі павіншавалі беларусаў з Новым годам і чарговы раз падкрэслілі, што не трэба жыць мінулым. Таксама яны распавялі, каму трэба падзякаваць за дабрабыт у краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Перагортваючы апошнюю старонку календара года, што адыходзіць, мы згадваем кожны пражыты дзень», – казаў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Ісачанка.

«Давайце смела адкрыем новую старонку календара», – заклікаў старшыня Пінскага гарвыканкаму Валер Рабкавец.

«Вельмі хутка мы перагорнем чарговы аркуш календара і пакрочым з мінулага ў будучыню», – распавёў у сваю чаргу старшыня Пастаўскага райвыканкаму Сяргей Чэпік.

Будучыня ўжо наступіла, але пакуль яна не вельмі адрозніваецца ад мінуўшчыны. Мясцовыя чыноўнікі запісалі навагоднія звароты.

«Адыходзіць у гісторыю 2023 год, і мы, аглядаючыся на пройдзены за 365 дзён шлях, згадваем, якім ён быў. Дакладней, якім мы яго тварылі».

Кіраўнік Гомельшчыны Іван Крупко пастанавіў асабліва згадаць міліцыянтаў грамадскага парадку, ратаўнікоў, памежнікаў і Лукашэнку, якога ён назваў абярэгам Беларусі:

«Ён забяспечыў нам мір, каб мы маглі шчасліва будаваць сваё жыццё ў квітучай, незалежнай краіне. І мы будуем – на зайздрасць непрыяцелям і ў прыклад усяму свядомаму свету».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чыноўнікі на сустрэчы з Лукашэнкам.
Фота: president.gov.by

Сярод прыкладаў леташняга поспеху чыноўнік назваў уборку ўраджаю беларускаю тэхнікай у Зімбабвэ.

«Натуральна, што хваліць гаспадара, як гэта прынята ў дэспатыях, – неад’емны абавязак падначаленага», – кажа намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў пытанні транзіту ўлады Юрый Губарэвіч.

Кіраўнік Браслаўскага раёну, палкоўнік міліцыі Вячаслаў Грышчанка павіншаваў жыхароў пад партрэтам узурпатара, анансуючы прапагандысцкую працу з моладдзю:

«Ключавым кірункам працы ў 2024-ым станецца шэраг захадаў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што запатрабуе ад нас удасканальвання сістэмы вайскова-патрыятычнага выхавання моладзі».

Адсылкі да Лукашэнкі гучалі і ў іншых зваротах:

«Галоўнае – дзякуючы кіраўніцтву нашай краіны мы пражылі гэты год пад мірным небам», – казала старшыня Мазырскага райвыканкаму Алена Паўлечка.

«Некалі жартаваў, яшчэ калі сам працаваў кіраўніком у 1996 годзе. Я старшыні сказаў: ведаеце, што трэба зрабіць, каб у нас у калгасе справы палепшыліся? Трэба афіцыйна звярнуцца да Лукашэнкі, каб дазволіў перайменаваць калгас у імя Лукашэнкі. Ён на гэта не пойдзе, але прагін нам залічыцца», – каментуе журналіст, аўтар праграмы «Фельетоны Лупача» Зміцер Лупач.

Што праўда, была і ідэалагічная дыверсія. Гэтак, кіраўнік Пінску Валер Рабкавец прызнаў:

«Пінск – адзін з нешматлікіх рэгіёнаў краіны, што выканаў большасць паказнікаў, даведзеных гораду».

Асаблівую ўвагу чыноўнікі ўдзялілі і гэтак званым выбарам.

«Наступны год прынясе нам шмат шчаслівых і яркіх падзеяў. Перадусім у новым, 2024 годзе – адзіны дзень галасавання», – нагадаў старшыня Ваўкавыскага райвыканкаму Міхаіл Сіцько.

«Новы год – гэта пункт адліку для прапановы новых ідэяў і смелых ініцыятываў. Блізкі Год якасці запатрабуе ад нас з вамі добрасумленнай і творчай працы ды актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны», – заявіў старшыня Пастаўскага райвыканкаму Сяргей Чэпік.

Нягледзячы на выразна беларускае маўленне, мясцовыя чыноўнікі не выціснулі з сябе ніводнага слова на роднай мове.

«Лукашэнка ўнутрана ненавідзіць усё беларускае, нягледзячы на тое, што займае пасаду кіраўніка дзяржавы, якая называецца Рэспубліка Беларусь. Чыноўнікі, можа, і хацелі б выказацца па-беларуску, але разумеюць, што ісці ўразрэз з генеральнаю лініяй – гэта праява нелаяльнасці», – мяркуе Юрый Губарэвіч.

У Беларусі чыноўнікаў не выбіраюць, яны прызначаюцца па вертыкалі. А таму нават святочныя звароты ў іх выглядаюць як справаздача начальству.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»