З'явіўся новы спіс рэпрэсаваных


Спіс асуджаных, які выцек з Міністэрства ўнутраных справаў, ахоплівае савецкі час. Папярэдне ў ім – блізу аднаго мільёна імёнаў. Над каталагізацыяй і стварэннем сапраўднай базы рэпрэсаваных цяпер працуюць прадстаўнікі ініцыятывы «ByProsvet» і арганізацыі былых сілавікоў Беларусі «BELPOL».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Іх неабходна яшчэ верыфікаваць. Трэба падзяляць дзе палітычныя, дзе непалітычныя, дзе проста крымінальныя справы, дзе нейкія памылкі, дзе інфармацыя дублюецца», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Праца над спісам яшчэ далёкая да завяршэння. Зрэшты, даследнік сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч ужо называе яе надзвычай цікаваю.

«Ёсць спадзеў, што ў гэтай базе ёсць тыя імёны, якіх няма ў адкрытым доступе, – разважае дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Ігар Станкевіч. – Гэтую гіпотэзу трэба будзе яшчэ спраўдзіць, таму што імёнаў шмат».

Гісторыкі не маюць адзінай думкі наконт таго, колькі дакладна людзей рэпрэсавалі ў Беларусі падчас савецкага перыяду. Ясна толькі, што лік ідзе на сотні тысяч асобаў. Гэта як тыя, хто памёр у зняволенні, або каго беспасярэдне забілі супрацоўнікі НКВД, гэтак і тыя, у каго адабралі маёмасць, змясцілі ў турму або выслалі.

«Адносна тых, хто быў рэпрэсаваны за ўвесь савецкі перыяд у Беларусі, на маю думку, гэта каля мільёна чалавек», – дзеліцца гісторык, кіраўнік фонду «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Дудкін.

«У Нацыянальным архіве ёсць дакументы адносна 180 тысячаў неабгрунтавана рэпрэсаваных жыхароў Беларусі. А прадстаўнікі КДБ некалькі год таму казалі, што ў іх 235 тысячаў імёнаў рэпрэсаваных паводле крымінальных артыкулаў», – прыводзіць лічбы Ігар Станкевіч.

Даследнікі вылучаюць чатыры найбольшыя хвалі рэпрэсіяў падчас савецкага перыяду. Гэта прымусовая калектывізацыя; Вялікі тэрор 1937-1938 гадоў; перадваенныя рэпрэсіі, калі пад удар трапілі жыхары далучанай да Савецкага Саюзу Заходняй Беларусі; паваенны ціск на асобаў, якія нібыта супрацоўнічалі з нацыстамі на раней акупаваных тэрыторыях.

Урочышча Курапаты. Менск, Беларусь. Кастрычнік, 2022.
Фота: Белсат

У Беларусі архівы з інфармацыяй пра рэпрэсаваных дасюль закрытыя. Нядопуск да іх грамадскасці, на думку былога дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, шмат у чым прадвызначыў паслясавецкі палітычны лёс Беларусі:

«Калі б гэта зрабілі – не проста не было б гэтага тэрору 2020 года і пазней. Я перакананы, што і Лукашэнка не быў бы абраны прэзідэнтам. Але гэтага, на жаль, не адбылося. Мы бачым, што рэпрэсіўная сістэма захавалася. Яна такая самая і дзейнічае тымі самымі метадамі, толькі больш тэхнічна дасканалымі».

Каб нарэшце разарваць заганнае кола беззаконня, мусяць быць агучаныя імёны як закатаваных, гэтак і іхных катаў.

«Гэтыя людзі маглі самі сабе заплюшчваць вочы і тлумачыць, нібыта яны служаць дзяржаве і пераследуюць здраднікаў. Гэтыя людзі ўчынілі зло і хочуць схаваць гэтае зло», – упэўнены Яўген Дудкін.

«Трэба каб дзеці, унукі, праўнукі ведалі, што ў гісторыі сямʼі быў такі выпадак, а прадзед аказаўся падонкам», – упэўнены Сяргей Навумчык.

Уладзімір Жыгар дадае, што складальнікам базы рэпрэсаваных для яе ўпарадкавання неабходная валанцёрская дапамога. Ахвотныя могуць звярнуцца ў адмысловы бот «ByProsvet».

Ян Федаровіч, «Белсат»