Палітвязень Павел Вінаградаў паўгода прасядзеў у ШІЗА, цяпер яго кінулі ў ПКТ


Вельмі даўно пра палітвязня Паўла Вінаградава не было навінаў. Ягоная жонка Святлана 20 лістапада расказала на Facebook: Паўла амаль шэсць месяцаў з сямі трымалі ў штрафным ізалятары, цяпер змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.

Павал Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года, абвінавацілі паводле арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі») і арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). 16 сакавіка 2022 года яму прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

28 ліпеня 2022 года Вінаградава перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца вязні, хворыя на актыўную форму сухотаў. Па прыбыцці ў Воршу палітвязня на месяц кінулі ў штрафны ізалятар (ШІЗА), а пасля на паўгода перавялі ў «спецыяльную палату» – «памяшканне камернага тыпу» для хворых на сухоты. У выніку на сухоты захварэў сам Вінаградаў. За час зняволення і хваробы ён вельмі моцна схуднеў, а за тое, што аднойчы ад слабасці прылёг на ложак, на яго склалі пратакол – і зноў кінулі ў ШІЗА.

Артыкулы
Пухліна ў мазгах, эпілепсія, сухоты, бранхіяльная астма – з якімі дыягназамі сядзяць палітвязні ў Беларусі
2022.09.18 13:37

Вылечыўся Вінаградаў у лютым 2023-га, яго перавялі з Воршы ў папраўчую калонію № 11 у Ваўкавыску. З таго часу пра яго амаль не было навінаў.

Як расказала на Facebook ягоная жонка Святлана Вінаградава, за апошнія сем месяцаў Паўла выпускалі з ШІЗА зусім ненадоўга, амаль шэсць месяцаў ён правёў у ізалятары. І цяпер яму далі два месяцы ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

«Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны – гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі, – цытуе Святлана зняволенага мужа. – Гэта строгі рэжым, тут не смажаць бульбы, тут смажаць людзей».

ШІЗА – камера ў калоніі, куды адпраўляюць за «парушэнне рэжыму» (напрыклад, за «няправільна» засланы ложак). Змешчаным туды забараняюць спатканні, тэлефанаванні, ліставанне, не даюць пасцельных рэчаў, не водзяць на прагулкі, забараняюць паліць і гуляць у настольныя гульні. ПКТ фармальна мае мякчэйшыя ўмовы – мусяць выдаваць матрац, коўдру і бялізну, мусяць выводзіць на прагулку, дазваляць ліставанне і карыстанне бібліятэкай (але не факт, што гэта выконваюць).

Hавiны
Хворага на анкалогію Рыгора Кастусёва чатыры разы кідалі ў ШІЗА, цяпер пасадзілі ў ПКТ
2023.11.19 09:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў