1 верасня – чыноўнікі пайшлі на лінейкі


Больш за мільён вучняў пачалі сёння новы навучальны год у Беларусі. Такія звесткі падало Міністэрства адукацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«А 110 тысяч пойдуць у школу першы раз, і ў іх ліку – вы, дарагія першакласнікі», – звярнуўся да вучняў новай школы ў Горадні прэм’ер-міністр.

Раман Галоўчанка, які браў удзел у лінейцы, не адзіны з міністраў, што выступаў сёння перад вучнямі. Міністр інфармацыі сустракаўся з першакурснікамі факультэту журналістыкі, дзе падчас выступу параўнаў іх з баявымі штыкамі. Наведаў навучэнцаў і Лукашэнка – у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе ў сваёй святочнай прамове назваў незалежнасць адносным паняткам.

«Менавіта імкненне да ведаў прывяло вас, адораных і таленавітых людзей, у наш тэхнапарк», – казаў дзецям Лукашэнка.

Але не кожны вучань у краіне мае магчымасць атрымаць якасныя веды. Паводле банку вакансіяў, у Беларусі бракуе больш за семсот настаўнікаў. Хоць Міністэрства адукацыі перад пачаткам навучальнага года абяцала іншае.

«Паводле інфармацыі органаў упраўлення на месцах, установы адукацыі да 1-га верасня будуць укамплектаваныя педагагічнымі кадрамі ў поўным абʼёме», – заяўляла падчас прэс-канферэнцыі прысвечанай пачатку навучальнага году начальніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Паводле Белстату, у ліпені сярэдні заробак у галіне адукацыі складаў 1301,6 рублёў – гэта на траціну менш за сярэдні заробак у краіне. Толькі за апошні месяц рэальныя заробкі настаўнікаў з улікам коштаў упалі на 17 адсоткаў. Гэта пры тым, што праз дэфіцыт кадраў большасць настаўнікаў працуе больш як на стаўку.

«Калі ты вядзеш прадмет у сярэдняй альбо ў старшай школе, атрымліваецца так: колькасць гадзін велічэзная, і нібыта здаецца, што гэта прынясе больш грошай. Але ты папрацуеш так 2 месяцы – і табе не захочацца ні тых грошай, ні той нагрузкі, нічога», – кажа былая настаўніца Ганна Саламонава.

Пагатоў выкладанне свайго прадмету – далёка не адзінае, што даводзіцца настаўнікам рабіць у школе.

Ігар Сяргеенка на лінейцы ў школе ў Аўсенцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сяргеенка на лінейцы ў школе ў Аўсенцы. Горацкі раён, Беларусь. 1 верасня 2023 года.
Фота: Андрэй Сазонаў / Sb.by

«Вычитать и умножать, малышей не обижать учат в школе, учат в школе, учат в школе», – гучыць сёння на линейках.

Але не толькі адымаць і множыць сёння вучаць дзяцей. Ідэалагічны складнік зашкальвае як у змесце навучання, гэтак і ў афармленні школьных святаў.

«І школа, яшчэ раз паўтару, – гэта не толькі месца, дзе атрымліваюць веды, гэта школа, дзе людзі выхоўваюцца грамадзянамі і патрыётамі», – кажа Раман Галоўчанка.

Дзяржаўныя сімвалы чыноўнікі з камітэту адукацыі прапануюць выкарыстоўваць нават у школьнай форме.

«Беларускай уладзе няма чаго прапанаваць у плане эканамічным, прававым, таму яны істэрычна хапаюцца за ідэалагічныя складнікі правільнага грамадзяніна з іх пункту гледжання», – лічыць былы настаўнік гісторыі Уладзіслаў Бохан.

Але ў тым, што сярод выкладчыкаў яшчэ застаюцца сумленныя людзі, упэўненая Святлана Ціханоўская.

«Я дзякую вам за стойкасць і прашу толькі пра адно – не здавайцеся», – сказала яна ў святочным звароце.

Вучням жа абраная прэзідэнтка нагадала, што менавіта ім неўзабаве давядзецца вырашаць, якою маюць быць і нашая краіна, і свет.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»