З чаго складаецца беларускі шоубіз?


Замест творчай кар’еры – краты. Так у Беларусі ставяцца да таленавітых артыстаў з адрознай ад рэжыму грамадзянскай пазіцыяй. А між тым, беларускі шоубіз усё больш нагадвае гурток мастацкай самадзейнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На відэа – беларуская спявачка Патрыцыя Свіціна. У 2020-м яна выступала супраць ґвалту і нават адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі на падтрыманне таленавітай моладзі. Цяпер дзяўчыну судзяць за « удзел у пратэстах».

«Гэта, безумоўна, помста, таму што гэта – выказванне сваёй пазіцыі. А выказванне пазіцыі, што не ідзе ў лінію партыі, мусіць быць пакаранае», – мяркуе журналіст, рэдактар эфіру «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук.

А гэта – іншая лаўрэатка той самай стыпендыі Лукашэнкі для падтрымання таленавітай моладзі – Ганна Трубяцкая. Яна стала вядомаю пасля ўдзелу ва ўкраінскіх тэлешоу «Голас краіны» і «Ікс-фактар». Цяпер Трубяцкая – зорка «Славянскага базару». Сваю пазіцыю наконт вайны ва Украіне абмяжоўвае заклікамі да «міру брацкіх народаў» ды не хавае прыхільнасці да рэжыму Лукашэнкі.

Яшчэ адная зорка, што не так даўно заззяла на беларускім музычным Алімпе, – магілёвец Дзмітрый Азараў. Ягоны хіт «Беларусская жена» завірусаваўся ў «ТыкТоку». Пазней стала вядома, што тэкст «народнага хіта» напісала Ганна Сялук – пад такім псеўданімам выступае нявестка Лукашэнкі. З-пад ейнага пяра выйшлі і кампазіцыі «Ах, Аляксандр», «Бульба-дэнс», «Цените настоящего мужчину» для малавядомых артыстаў-пачаткоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Канцэрт «Я, мы помним!». 5 траўня 2023 года, Жодзіна.
Фота: belta.by

Супрацоўнічаюць з Сялук і больш сталыя зоркі беларускага шоубізу – Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева ды іншыя.

«Артыст разумее: навошта яму сур’ёзна пра нешта задумвацца, калі можна сыграць на трох акордах нейкую песеньку і трапіць потым у абавязковыя плэй-лісты на радыёстанцыях. Яго будуць цягаць на нейкія ўнутраныя незразумелыя канцэрты – і за гэта ён будзе атрымліваць грошы», – кажа былы тэлевядоўца, шоумен Дзяніс Дудзінскі.

Сваю любоў да Радзімы (ці, хутчэй, жаданне заставацца ў набліжаным пуле) кожны з артыстаў дэманструе на свой лад. Гэтак, Аляксандр Саладуха выступае і на Дні гораду ў Барысаве. І падтрымлівае айчынных машынабудаўнікоў на прамысловай выставе ў Екацярынбургу.

«Эстрада, якая абслугоўвае выключна карпаратыўныя інтарэсы, не можа быць вядомай ці папулярнай. Людзі, якія працуюць не з аўдыторыяй, а з чыноўнікамі, якія іх дазваляюць, дазваляюць зарабляць ім грошы на нейкіх дзяржаўных карпаратывах», – кажа аўтар YouTube-каналу «Міністэрства сепультуры» Аляксандр Чарнуха.

Пасля пратэстаў дваццатага года ў культурніцкай галіне зноў зʼявіліся так званыя чорныя спісы. Артыстам, што трапілі ў іх, часткова ці цалкам забаранялі канцэртную дзейнасць. Кагосьці з творцаў кінулі за краты, яшчэ большая колькасць мусіла зʼехаць у эміграцыю. Цяпер яны будуюць творчае жыццё за мяжою.

«З’ехалі не толькі музыкі, але і аўдыторыя. З розных падлікаў, ад 300 да 500 тысячаў. Таму тут яны працуюць у рамках таго, што завецца шоу-бізнесам. Яны зарабляюць з канцэртаў. Людзі ахвяруюць грашыма, каб іх паслухаць», – кажа былы тэлевядоўца, ю-т’юбер Іван Падрэз.

Наста Печанькова, «Белсат»