У Беларусі адбываецца крэдытны бум


Баяліся, што будзе дэфіцыт бюджэту – атрымалі прафіцыт памерам у Br 7,5 млрд рублёў. Гэта шмат і гэта грошы – «умоўна лішнія» у эканоміцы. Каб не ляжалі і не абясцэньваліся, Міністэрства фінансаў вырашыла пазычыць іх праз аўкцыён камерцыйным банкам. А тыя могуць раздаць насельніцтву ў выглядзе крэдытаў. Беларусы і без таго трынаццаты месяц запар нарошчваюць запазычанасць перад банкамі. Пра што гэта сведчыць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спажывецкія крэдыты, пазыкі на нерухомасць, аўтамабіль, а таксама карты растэрмінаванай аплаты. Паводле Нацбанку, у траўні насельніцтва пазычыла Br 0,326 млрд. Агульная сума даўгоў на пачатку чэрвеня пабіла рэкорд, перавысіўшы Br 18,23 млрд.

«Гэта мала, вельмі мала крэдытаў. На аднаго беларуса прыходзіцца да Br 2000 крэдытнай запазычанасці. У ЗША такая запазычанасць на асобу складае адзін гадавы заробак, а ў нас толькі месячны», – звяртае ўвагу блогер, прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атмасфера» Аляксандр Кныровіч.

Невялікая сума крэдытнае пазыкі ідзе на карысць эканомікі – але толькі пры стабільных паказніках унутры яе. Гэта калі інфляцыя – да 3 %, а стаўкі ў крэдытах – да 6 % гадавых. У беларускай эканоміцы няма крызісу, але і стабільнасці – таксама. Яна аднаўляецца пасля леташняга падзення. Людзі ж назапашваюць сродкі і карыстаюцца падзеннем курсу рубля (на 25 % адносна еўра і на 15 % адносна долара – за апошні год).

«Спажыўцы карыстаюцца крэдытнымі рэсурсамі ў нацыянальнай валюце, якая імкліва абясцэньваецца, разлічваючы з выгодай пагасіць гэты крэдыт, у тым ліку і за кошт канвертацыі назапашаных уласных сродкаў. Спажывецкія крэдыты ў гэтым сэнсе з’яўляюцца найбольш аператыўным інструментам доступу да так званай таннай ліквіднасці», – кажа фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Альфа-Банк, беларускія банкі, грошы, зберажэнні, фінансы
Людзі стаяць у чарзе ў «Альфа-Банк». Менск, Беларусь. 24 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Крэдыты на нерухомасць адстаюць у папулярнасці, хоць сума запазычанасці ў іх на пачатак ліпеня склала Br 12,4 млрд. Пазыкі на спажывецкія патрэбы – Br 5,7 млрд. Сёлета банкі зніжаюць адсоткавыя стаўкі ў крэдытах, у тым ліку на прывязаныя да стаўкі рэфінансавання.

«Можна сказаць, безгаловаю палітыкай абсалютна неабгрунтаванага марафону зніжэння стаўкі рэфінансавання спадар Калаур з Нацыянальнага банку фактычна загнаў сябе ў кут. Імкнучыся хоць неяк стымуляваць унутраны попыт, людзям далі доступ да рэсурсаў, кошт якіх не адпавядае прадукцыйнасці працы», – лічыць спадар Віталь.

Шэраг сусветных банкаў сёлета, наадварот, павышае ўліковыя стаўкі. Гэта адбылося нават у Расеі і Турцыі. Але Беларусь іх не ўздымае дзеля ўтаймавання рэальнай інфляцыі, кажа Віталь Алейнік. Замарожаная стаўка і павольная дэвальвацыя беларускага рубля ствараюць прывабныя ўмовы для тых беларусаў, які могуць дазволіць сабе крэдыт.

«Будзе інфляцыя сёлета ў Беларусі да 8 %. Стаўкі, па якіх ён бярэ крэдыты, – 12-14 %. Гэта цалкам прымальнае для кароткатэрміновай пазыкі. Беларус дзейнічае цалкам разумна», – падкрэслівае Аляксандр Кныровіч.

Неўзабаве некаторыя банкі могуць знізіць адсоткавыя стаўкі ў крэдытах. Калі атрымаюць з аўкцыёну (на абмежаваны тэрмін) грошы, што сталіся «лішнімі» у эканоміцы.

Паступленняў у даходы сёлетняга бюджэту на Br 7,5 млрд больш, чым планавалі ўрад і Нацбанк (выдаткі бюджэту – Br 36,5 млрд, даходы – Br 33,3 млрд). Скарбніца мае магчымасць на гэтым зарабіць. Таму Мінфін трыма лотамі выставіў суму прафіцыту на аўкцыён са стартаваю цаною 9,5 % гадавых.

Юлія Цяльпук, «Белсат»