У Беларусі ў пяты раз з пачатку года паніжаная стаўка рэфінансавання


Нацыянальны банк Беларусі з 31 траўня зноў паніжае стаўку рэфінансавання. Цяпер яна будзе складаць 9,75% гадавых, паведамляе БелТА. Гэта ўжо пятае паніжэнне за 5 месяцаў 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Разам са стаўкай рэфінансавання паніжаныя стаўкі па крэдыце овэрнайт да 10,75% і па дэпазіце овэрнайт да 8,75%. Паніжэнне ва ўсіх выпадках склала 0,25 п.п. (працэнтных пунктаў).

Папярэдні раз Нацбанк абвяшчаў пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання 2 траўня – з 10,5% да 10%. Агулам, гэта пятае паніжэнне з пачатку 2023 года, калі стаўка рэфінансавання складала 12% (і не змянялася амаль на працягу года, з красавіка 2022 года).

Раней Нацбанк паніжаў стаўку на 0,5 п.п., цяпер – на 0,25.

Каментар
Стымулююць ВУП – разгоняць цэны. Эканаміст папярэдзіў пра наступствы зніжэння стаўкі рэфінансавання ў Беларусі
2023.05.24 07:31

Нацбанк чакае, што гадавая інфляцыя ў бліжэйшыя месяцы захаваецца на ўзроўні меншым за 5%. У красавіку яна склала 4,7%, у той час як у сакавіку – 6%. Адпаведна, чакаецца, што захаваюцца нізкія тэмпы прыросту спажывецкіх коштаў.

Стаўка рэфінансавання – працэнтная стаўка, пад якую Нацбанк прадстаўляе крэдыты камерцыйным банкам і іншым фінансавым арганізацыямі. Пры яе паніжэнні больш таннымі становяцца спажывецкія і іншыя тыпы крэдытаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў