Хто абароніць дзяцей ад Беларусі?


Украіна мае пацверджанне ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Сярод іншых інфармацыяй з украінскім бокам дзялілася Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У нас ёсць агульная мэта: перадаць матэрыялы ў Міжнародны трыбунал у Гаагу, дзеля таго, каб выдаць ордар на арышт Лукашэнкі», – тлумачыць намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка.

Між іншым, вядома, што ад пачатку поўнамаштабнай вайны з Украіны ў Беларусь вывезлі больш за 2000 дзяцей, а ўказы падпісваў асабіста Лукашэнка. Размяшчаюць дзяцей у чатырох абʼектах Гомельскай і Менскай вобласцяў. На гэта з беларускага бюджэту вылучылі больш за 300 000 долараў. І цяпер мэта рэжыму – ідэалагічнае перавыхаванне дзяцей.

«Усе гэтыя дзеці адчуваюць на сабе ў пэўнай ступені культурны генацыд. Таму што беларуская ўлада спрабуе зрабіць з імі тое, што з беларускімі дзецьмі, – змяніць культурны код», – распавядае кіраўнік праваабарончага цэнтру «Наш дом» у Літве Вольга Карач.

У Вільні адбыўся мітынг каля расейскай амбасады супраць вывазу дзяцей з Украіны. Беларусы ў ім таксама паўдзельнічалі.

«Адна з нашых галоўных мэтаў – прызнаць Лукашэнку злачынцам на сусветным узроўні», – кажа дырэктарка валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

А вось як выглядае сітуацыя ў беларускіх дзяцей – праваабаронцы апублікавалі даклад пра пераслед няпоўнагадовых. У Беларусі 9 палітзняволеных падлеткаў. Яшчэ чацвёра хлопцаў ужо вольныя, але былі затрыманыя непаўналетнімі і сустрэлі 18-годдзе за кратамі. Каля двухсот затрыманняў адбылося сёлета. Большасць затрыманая на сходах субкультурнага абʼяднання «ЧВК Редан», у тым ліку гвалтоўна.

«Мне, як маме, найбольш крыўдна, што ад такой палітыкі пакутуем не толькі мы – пакутуюць нашыя дзеці. Дзяржава ваенізуе амаль усе сферы жыцця і намагаецца прымусіць людзей баяцца, абараняцца ад уяўнага знешняга ворагу. Але абараняцца трэба ад самой дзяржавы», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Утрымліваюцца няпоўнагадовыя ў бабруйскай выхаваўчай калоніі № 2. Паводле праваабаронцаў, адзінае яе адрозненне ад дарослай калоніі ў тым, што тут менш людзей. У астатнім яна нічым не саступае.

«Ад стрэсу мы фармуем абарончыя рэакцыі, таму што ў нас ужо ёсць узрост. У дзіцяці не хапае гэтых надстроек і гэтыя кампенсаторныя абарончыя рэакцыі ў дзяцей не фармуюцца. І гэтыя траўмы ў шматлікіх дзяцей могуць застацца на ўсё жыццё», – тлумачыць псіхолаг Ала Марціновіч.

Але найбольш масава правы дзяцей парушаюцца ў школах, паведамляе адна з аўтарак дакладу аб правах дзяцей у Беларусі. Гэта, сярод іншага, прымусовы ўдзел у мітынгах, мерапрыемствы з вайсковай тэматыкай у школах, удзел у суботніках.

«Бацькі беларускія мусяць разумець, што на іх асноўная адказнасць. Дзяржава не выконвае сёння свае абавязкі. Тое, што бацькі сёння ўкладуць, наколькі яны будуць абараняць яго, наколькі яны не дазволяць дзяржаве зжэрці гэтае дзіцё – настолькі гэтае дзіцё і будзе абароненае», – кажа экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэту Кацярына Дзяйкала.

А што, калі ціск адбываецца і ў самой сямʼі? Дзіця можа звярнуцца на гарачую лінію падтрымання, але настаўніца і блогерка «Рудабельскай паказухі» Вольга Павук лічыць, што працаўнікі сферы сацыяльнай апекі не дапамогуць, а нават могуць нанесці яшчэ большую траўму:

«Людзі, якія працуюць сёння ў адукацыі, самі траўмаваныя. Бо я не ведаю, чаму такая жорсткасць да дзяцей. Дзеці гэтыя не адчуваюць сябе ані патрэбнымі, ані абароненымі».

Што ж становіцца асноўнаю прычынай ґвалту над дзецьмі ў семʼях? Ала Марціновіч адказала нам на гэтае пытанне:

«Вы ведаеце, як сёння абараняюцца правы дзіцяці. Па-другое, гэта малазабяспечаныя ўмовы жыцця. І бацькі заўсёды даведзеныя да роспачы».

У адкрытым доступе няма статыстыкі пра хатні гвалт у дачыненні дзяцей. Але, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, штогод у міліцыю з праблемаю хатняга гвалту звяртаюцца больш за 10 тысяч асобаў.

Яна Шэк, «Белсат»