Час вяртаць грошы за БелАЭС


Надышоў час плаціць за расейскі крэдыт, выдадзены на будаўніцтва Беларускай АЭС. Летась чыноўнікі рапартавалі, што з адкрытай Расеяй крэдытнай лініі на 10 млрд. долараў на праект выдаткавалі «усяго» 5,36 млрд. Калі так, то БелАЭС можна лічыць адною з самых танных атамных станцыяў у свеце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле інфармацыі Інстытуту развіцця тэхналогіяў ТЭК, удзельныя выдаткі на будаўніцтва Астравецкай АЭС склалі каля дзвюх тысяч долараў на 1 кілават магутнасці. Для параўнання: сярэднія ўдзельныя выдаткі на будаўніцтва станцыяў у Індыі і Кітаі сёлета складалі каля трох тысяч долараў, у ЗША – каля 5 тысячаў, у Еўразвязе – больш за 6 тысячаў на кілават.

«Першапачаткова будаўніцтва Беларускай АЭС здавалася вельмі выгадным праектам, паколькі асноўная частка электрычнай энергіі, якая на гэтай станцыі выпрацоўваецца, планавалася да экспарту ў краіны Балтыі. Гэты праект і разглядаўся ў першую чаргу як экспартна-арыентаваным», – кажа эксперт у пытаннях энергетыкі, прафесар ЕГУ Генадзь Рабцаў.

Але ёсць нюанс: колькі дакладна каштуе будаўніцтва БелАЭС – невядома. Паводле звестак ініцыятывы iSANS, да агучанай сумы расейскага крэдыту трэба дадаць амаль 500 млн.долараў, выдаткаваных на будаўніцтва з дзяржаўнага бюджэту.

Непалічанымі засталіся амаль 1,5 млрд. долараў, якія пайшлі на звязаныя з АЭС працы. У тым ліку стварэнне дадатковай інфраструктуры, набыццё электракатлоў, будаўніцтва лініяў электраперадачы і падстанцыяў.

Такім чынам, прыблізны выніковы кошт Астравецкай станцыі значна перавышае заяўлены чыноўнікамі – і даходзіць амаль да 7 млрд. долараў.

Чакаецца, што расейскі крэдыт будуць вяртаць паводле зніжанай стаўкі – яе апусцілі з 4,11 адсотка да 3,3 адсотка. Змянілі і тэрмін вяртання. Беларусь мусіць выплочваць грошы на год пазней: пачынаючы акурат з красавіка сёлета. Прычынаю такога пераразліку была не дабрыня крэдытораў, а цэлы шэраг форс-мажораў з боку расейскіх падрадчыкаў, якія адказвалі за будаўніцтва. Да прыкладу, пашкоджанне корпусу рэактару падчас усталёўвання.

БелАЭС.
Крыніца:  Minenergo_by / Telegram

Дзякуючы крэдытнаму патуранню, выплаты не павінны балюча ўдарыць па бюджэце.

«З грашыма насамрэч усё нядрэнна: сітуацыя далёка не такая страшная, як была яшчэ ў 2020-м годзе. Плюс да гэтага, я практычна ўпэўнены, што Аляксандр Лукашэнка дамовіцца з Уладзімірам Пуціным, каб у адтэрміноўку па астатніх беларускіх крэдытах уваходзіла і новая адтэрміноўка па беларускай АЭС» – адзначае акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.

Станцыя, пабудаваная ў крэдыт, пакуль не пачала прыносіць грошай. Літва, што разглядалася як асноўны пакупнік беларускай электраэнергіі, набываць яе адмаўляецца. Каб АЭС не стаяла мёртвым грузам, Лукашэнка плануе перанакіраваць незапатрабаваную электрычнасць на ўнутраны рынак. Але ажыццявіць гэты план складана. Генадзь Рабцаў дадае:

«Для таго, каб забяспечыць спажыўцоў энергіяй, неабходна не толькі наяўнасць саміх генеруючых станцый. Неабходна забяспечыць яшчэ і злучэнне гэтых станцый з энергетычнай сістэмай па сродкам ліній перадач электрычнай энергіі».

Будаўніцтва такіх лініяў пацягне немалыя дадатковыя затраты. Адкуль узяць гэтыя грошы – невядома.

«Мы не да канца ведаем ні колькі канкрэтна вынікова каштавала станцыя, ні колькі грошай пайшло з расейскага крэдыту, а якія часткі былі дафінансаваны з беларускага бюджэту. Усе гэтыя грошы так ці інакш лягуць на плечы беларусаў. Што бюджэтныя выдаткаваныя грошы, што ўзятыя ў крэдыт у Расеі» – кажа Леў Львоўскі.

Урад Лукашэнкі не губляе аптымізму наконт выкарыстання мірнага атаму: плануе запусціць новыя рэактары і нават пабудаваць яшчэ адну станцыю – ізноў за крэдытныя грошы.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»