Сёння пахавалі Аляксея Навальнага


Шматкіламетровая чарга, кветкі, слёзы і паліцыя з аўтазакамі. Тысячы чалавек прыйшлі развітацца з Аляксеем Навальным. Многія ўспрынялі смерць палітыка як асабістую трагедыю. «З Пермі прыляцела на самалёце, – паведаміла немаладая жанчына. – Літаральна апошні білет дастаўся мне. Я хачу быць тут менавіта сёння, таму што Аляксей для мяне вельмі шмат значыў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта, канечне, вельмі горкі дзень. І, мяркую, не толькі для тых, хто сабраўся зараз каля царквы, але і для мільёнаў, мільёнаў людзей, да якіх звяртаўся Навальны, якія яго цалкам разумелі, адчувалі яго», – не хаваў эмоцыяў палітолаг Аляксандр Марозаў.

Цырымонія адпявання прайшла ў царкве ў раёне Мар’іна на паўднёвым захадзе расейскай сталіцы. Наваколле храму сілавікі пачалі патруляваць яшчэ напярэдадні. Расставілі турнікеты, сагналі шмат тэхнікі. Сёння зранку пачалі правяраць дакументы ў тых, хто нёс кветкі ды свечкі. За гадзіну да пачатку развітання ў тым раёне пачаліся перабоі з мабільным злучэннем і Інтэрнэтам.

Катафалк з целам Аляксея Навальнага прыбыў да царквы каля чатырнаццатай гадзіны. На адпяванні прысутнічалі толькі сямʼя і самыя блізкія нябожчыка. Не было ўдавы: Юлія Навальная знаходзіцца за межамі Расеі. Яна апублікавала ў Instagram пост, у якім развіталася з мужам:

«Я не ведаю, як жыць без цябе, але я пастараюся так, каб ты там, наверсе, радаваўся за мяне і ганарыўся мною. Я не ведаю, спраўлюся ці не, але я буду старацца».

Пасля заканчэння жалобнай імшы, калі сваякі выйшлі з храму, іншыя людзі прасілі не зачыняць труны і даць магчымасць ім таксама аддаць пашану памерламу. Але работнікі рытуальнай службы былі няўмольныя. Яны паклалі века, і працэсія адправілася на Барысаўскія могілкі Масквы, што недалёка ад царквы. Туды ж рушыў людскі натоўп.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына з плакатам «Ты назаўсёды ў нашых сэрцах» удзельнічае ў мітынгу побач з будынкам пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра тое, што палітык Аляксей Навальны памёр у калоніі.Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На могілкі дапусцілі зноў толькі самых блізкіх памерлага. Развітанне было нядоўгім. Труну з целам Аляксея Навальнага апусцілі ў магілу пад мелодыю песні Фрэнка Сінатры «Мой Шлях». Пасля на могілкі запусцілі ўсіх ахвотных.

Аляксея Навальнага называюць самым моцным апанентам Уладзіміра Пуціна. Ён заснаваў Фонд барацьбы з карупцыяй, быў лідарам масавага пратэснага руху, выкрываў шматлікія фінансавыя ды іншыя махлярствы Крамля. У 2020 годзе невядомыя атруцілі Аляксея Навальнага рэчывам групы «Навічок». Пасля доўгага лекавання ў Нямеччыне Навальны вярнуўся ў Расею. На радзіме яму прысудзілі 19 гадоў зняволення нібыта за экстрэмізм. Памёр палітык у калоніі за Палярным колам 16 лютага. Цела не аддавалі родным 9 дзён.

Расейскі палітык і паплечнік Аляксея Навальнага Яўген Дамажыраў упэўнены, што гэтая смерць – невыпадковая:

«Не важна, як яны яго забівалі: атруцілі або яшчэ неяк. Я проста ўпэўнены, што яны гэта зрабілі. Магчыма, 9 дзён акурат спатрэбіліся, каб растварыліся нейкія рэшткі атруты ці прэпаратаў».

Натоўп на пахаванні скандаваў «Пуцін – забойца!»

Марына Яновіч, «Белсат»