У Менску затрымалі ілжэброкераў: лік ахвяраў ідзе на тысячы


Абяцалі дапамагчы з прыбыткам, але ўзбагачаліся самыя. Працу махлярскіх кол-цэнтраў прыпынілі сілавікі ў Менску. Махляры тэлефанавалі грамадзянам і прапаноўвалі зарабіць на онлайн-інвестыцыях. Маўляў, пералічваеш адну суму, а вернеш сабе ў разы болей. А каб прымусіць патэнцыйную ахвяру пералічыць больш буйную суму, карысталіся гэтак званым невялікім зваротам, паведамілі ў МУС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На першапачатковым этапе махляры, як правіла, прасілі, каб як меней 250 долараў было пералічана на гэтак званы дропаўскі рахунак. Пасля таго, як грошы былі пералічаныя, на наступны дзень або праз дзень махляры маглі вярнуць невялікую частку сродкаў – напрыклад 30, 50 долараў. І сказаць, што вось, за няпоўныя содні-двое вы змаглі зарабіць гэтую суму», – распавёў начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка.

Асноўную ж частку пералічаных грошай махляры пакідалі сабе. Толькі на тэрыторыі Беларусі сілавікі затрымалі больш за 50 падазраваных. Ахвярамі псеўдаброкераў, паводле следчых, ужо сталі больш за 5 тысячаў чалавек. Сярод іх не толькі беларусы.

«У Беларусі такія махлярскія структуры ў прынцыпе адчуваюць сабе досыць нармальна. Таму што ў гэтак званых праваахоўных органах вельмі мала інструментаў, каб вызначыць, дзе знаходзяцца гэтыя людзі», – патлумачыў прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Летась з больш як 85-ці тысячаў злачынстваў у Беларусі амаль 12 тысячаў былі махлярствы, адзначылі ў МУС.

«2023 год быў характэрны такі від махлярства, як купля-продаж на гандлёвых пляцоўках, у сацыяльных сетках. Біч 23-га года – гэта Інстаграм», – распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення супрацьдзеяння кіберзлачыннасці МУС Андрэй Кавалёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: cyndidyoder83 / Pixabay

Не губляюць актуальнасці схемы, калі махляры тэлефануюць пад выглядам сілавікоў або работнікаў банку. Гэтак, 57-гадовая жыхарка Браслава, якой псеўдаправаахоўнікі паведамілі пра нібыта аформленыя на яе імя крэдыты ды пагражалі ператрусам, за тыдзень згубіла 55 тысяч рублёў. А 72-гадовая мянчанка даслала махлярам у пагонах больш за паўмільёна рублёў і засталася без нерухомасці. Тое, што вобраз праваахоўніка добра працуе ў махлярскіх схемах, Уладзімір Жыгар звязвае з масавымі рэпрэсіямі ў Беларусі:

«Так ці інакш пра гэта ўсе ведаюць. І калі таму ці іншаму чалавеку, нават не сталага ўзросту, звоняць і прадстаўляюцца праваахоўнымі органамі, то чалавек гатовы зрабіць усё, каб да яго не было пытанняў і яго не прыцягнулі, таму што ён цудоўна інфармаваны, што будзе далей».

Да таго ж злачынцы ў размове з патэнцыйнымі ахвярамі наўмысна ствараюць стрэсавую сітуацыю: маўляў, дзеяць трэба неадкладна.

«Натуральна, выплюхваецца шмат гармону стрэсу, мы пачынаем хвалявацца. А так працуе кожны арганізм на планеце – незалежна ад нацыянальнасці, на якой мове хто размаўляе. Калі стрэс павышаецца – гэта як вагі – логіка паніжаецца. І нават чалавек, які разумны, разважлівы і прадпрымальны, ён можа штосьці аўтаматычна зрабіць», – патлумачыў псіхолаг Андрэй Сасаў.

Таму эксперт раіць зрабіць паўзу, нават калі суразмоўца настойвае на хуткім рашэнні. Прапануйце стэлефанавацца праз пару хвілінаў, за якія ў вас будзе час крытычна абдумаць сітуацыю ды пазваніць, прынамсі, у банк. А ў МУС нагадваюць: праваахоўнікі або іншыя службоўцы не звязваюцца праз мэсэнджары. Ды заклікаюць не пераходзіць праз незнаёмыя спасылкі і не паведамляць асабістыя звесткі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»