400 расейскіх наёмнікаў паляцелі абараняць Нікаляса Мадуру


25 студзеня 2019 года. Нікаляс Мадура (справа) падчас прэсавай канферэнцыі ў палацы Мірафлорэс у Каракасе. Злева – міністр інфармацыі Венесуэлы Хорхэ Радрыгез. Фота – Manaure Quintero/Reuters

25 студзеня стала вядома, што Нікаляса Мадуру ахоўваюць расейскія наёмнікі з гэтак званых прыватных ваенных кампаніяў. Пра гэта агенцтву «Reuters» распавяла крыніца, блізкая да расейскіх кантрактнікаў.

Паводле агенцтва, найміты звязаныя з гэтак званай прыватнай ваеннай кампаніяй «Вагнер», удзельнікі якой ваююць у Сірыі і ва Украіне.

Справка
Афіцыйна чальцы «Групы Вагнера» ня ёсць расейскімі кадравымі ваеннымі, але, паводле экспертаў, яны належаць да замаскаванага падраздзялення ў структурах расейскага міністэрства абароны. Паводле некаторых медыяў, дзейнасць «Групы Вагнера» курыруе ГРУ.

Кіраўнік камітэта Агульнарасейскага афіцэрскага сходу, атаман хутарскога казацкага таварыства «Ховрино» Яўген Шабаеў, які займаецца абаронай інтарэсаў супрацоўнікаў прыватных ваенных кампаніяў, патлумачыў Lenta.ru, што наймітаў перакінулі ў Венесуэлу, каб замяніць асабістую ахову Мадуры лаяльнымі людзьмі.

«Увечары 21 студзеня хлопцам паступіла ўказанне хутка набраць групу. Яны выконвалі загады ад прыватных ваенных кампаніяў», – распавёў Шабаеў.

Паводле Шабаева, яны не маюць дачынення да ПВК «Вагнер».

Міністэрства абароны Расеі не каментуе гэтую інфармацыю.

«У нас няма такой інфармацыі», – заявіў журналістам прэсавы сакратар Дзмітрый Пяскоў.

Hавiны
Беларускі варыянт для Венесуэлы? РФ прапаноўвае пасярэдніцтва паміж Мадура і Гуаідо
2019.01.25 19:41

23 студзеня падчас маштабных пратэстаў у Каракасе лідар апазіцыі Хуан Гуаідо абвесціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта. Яго падтрымалі ЗША і многія краіны Паўднёвай Амерыкі. Расея, якая цягам апошніх гадоў фінансава падтрымлівае Мадуру, устала на ягоны бок.

У Венесуэле ўжо некалькі гадоў працягваецца гаспадарчы і палітычны крызіс.

ДД

Стужка навінаў