Новае пераможнае жыццё: «Крумкачы» пайшлі на падвышэнне


Гэтай зімою менскія «Крумкачы» маглі знікнуць з футбольнай мапы краіны. Выключэнне з вышэйшай лігі ледзь не паставіла кропку ў гісторыі гэтага цікавага спартовага праекту. Але дзякуючы новаму заснавальніку клубу, вядомаму піяністу Юрыю Блінову, і сваім заўзятарам менскі клуб вяртаецца ў першую лігу, каб у наступным годзе зноў пастарацца патрапіць у эліту.

Чэмпіянат у другой лізе фінішаваў у гэтыя выходныя. «Крумкачы» упэўнена занялі другое месца, і на 14 ачкоў апярэдзілі бліжэйшага пераследніка – «Спадарожнік» з Рэчыцы. А пераможцам другой лігі стаў берасцейскі «Рух». «Рух» таксама незвычайны праект, яго стварылі заўзятары берасцейскага «Дынама», а галоўная каманда гораду падтрымала фінансава. На пасаду галоўнага трэнера прызначалі чэмпіёна СССР у складзе менскага Дынама, былога трэнера зборнай Беларусі, першага беларуса ў чэмпіянаце Іспаніі Андрэя Зыгмантовіча. За каманду «Рух» выступаюць Аляксандр Дзямешка, Сяргей Козак, Сяргей Кавалюк. Абодва клубы трапілі ў першую лігу, адкуль адзін крок да эліты. Цікава, што клуб пад назвай «Рух» існаваў у Берасці да 1939 году, пакуль у горад не прыйшла савецкая ўлада.

Хто ў наступным годзе згуляе ў эліце

Пераможцамі першай лігі сталі мазырская «Славія» і менскі «Энергетык-БДУ». «Славія» два разы была лепшым клубам Беларусі (у 1996 і 2000 годзе) і двойчы выйгравала Кубак краіны, каманда вяртаецца ў эліту праз год адсутнасці ў ёй. А вось «Энергетык-БДУ» не гуляў у вышэйшай лізе з 2005 году. Цікава, што ў вышэйшую лігу не трапілі бабруйская «Белшына» і наваполацкі «Нафтан», хаця гэтая клубы ставілі такая мэты.

Чаму з’яўленне менчукоў у эліце было важна?

Зʼяўленне ў эліце фактычна аматарскага праекту, які выжывае на прыватныя грошы было выклікам усёй дзяржаўнай сістэме беларускага футбола, якая, дзякуючы прэзідэнтскім указам, з’яўляецца датацыйнай. «Крумкачы» гэтых дзяржаўных грошай не атрымлівалі – і былі вымушаныя жыць на свае. У першым жа сезоне ў 2016 годзе менчукі занялі ў вышэйшай лізе 11-ае месца. Пры гэтым сталічны клуб перамог грандаў – менскае «Дынама» (4:1) і «Шахцёр» (2:0). У 2017 годзе Крумкачы адчулі сурʼёзныя фінансавыя праблемы, але змаглі сабраць грошы на краўдфандынгавай платформе і дайграць сезон, завяршыўшы яго на 13-м месцы. Пры гэтым «Крумкачы» змаглі абыграць у гасцях БАТЭ – 3:2. Затым у 2018 годзе клуб не прайшоў ліцэнзаванне і быў выключаны з вышэйшай лігі. Але, дзякуючы сваім заўзятарам, быў зарэгістраваны ды заяўлены ў другую лігу новы юрыдычны абʼект – НФК «Крумкачы».

Увогуле, гісторыя клубу «Крумкачы» пачалася ў 2011 годзе, калі каманда выступала ў чэмпіянаце Менскай вобласці. У 2014 годзе Крумкачы заявіліся ў чэмпіянат Беларусі і адразу занялі ў другой лізе нацыянальнага турніру другое месца. Гэта дало права на падвышэнне, у турніры рангам вышэй менчукі фінішавалі трэцімі, але ў пераходных матчах адолелі магілёўскай «Днепр» і сенсацыйна выйшлі ў вышэйшую лігу.

СА

Стужка навінаў