Суды за акцыі салідарнасці: 6 мільёнаў за віншаванне праваабаронцаў і 15 мільёнаў за воклічы «Жыве Беларусь»


За акцыі салідарнасці – пад суд! Сёння ў Менску судзілі адразу двух актывістаў «Еўрапейскай Беларусі»: Максіма Вінярскага і Леаніда Кулакова. Вінярскага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту студэнтаў БДУ, якая адбылася 2 снежня.

МАКСІМ ВІНЯРСКІ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:

 

«Правапарушэннем лічыцца рэпліка «Жыве Беларусь!». Нічога іншага яны прыдумаць не змаглі. Дык гэтае правапарушэнне я здзяйсняю неаднаразова. Калі ўжо пачынаюць судзіць за рэпліку «Жыве Беларусь» – не ўказваючы, дзе сказана, каму сказана і калі – то за гэта мяне можна судзіць зараз і да канца жыцця».

 

Падчас разгляду судовай справы актывіст адмовіўся падымацца перад суддзёй Маскоўскага раёну Менску Таццянаю Матыль. У выніку на яго склалі яшчэ адзін пратакол – за непавагу да суда. Дарэчы, Таццяна Мотыль ужо неаднаразова разглядала палітычна-матываваныя справы аб адміністратыўных правапарушэнняў і асуджала актывістаў да штрафаў і сутак. Так, яна ўжо асудзіла аднаго з удзельнікаў «Марша студэнтаў» Паўла Сяргея да штрафу ў 25 базавых велічынь.

У выніку Максіма Вінярскага аштрафавалі двойчы – 50 базавых велічыняў за ўдзел у Маршы студэнтаў і 20 – за «абразу суддзі».

Яшчэ аднаго актывіста «Еўрапейскай Беларусі», Леаніда Кулакова, абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету супраць адмены смяротнага пакарання, што прайшоў 10 снежня, прысудзіўшы штраф у памеры 30 базавых велічыняў.

belsat.eu

Стужка навінаў