Быццам бы не. Нават у Беларусі. Усё ж такі туды, у міністры, бяруць не адразу. Пэўны час прыглядаюцца. Чалавек павінен прабіцца, апярэдзіць іншых у наменклатурнай гонцы. Можа, і загрызці кагосьці на шляху, каб узлезці туды, на самы верх.
Увогуле трэнаванне пэўных інтэлектуальных мускулаў патрэбнае, і ад міністра не чакаеш адкрытага глупства. Калі ж раптам яго чуеш, нават не ведаеш, як рэагаваць…
«Сёння рынак працы Беларусі – гэта акно магчымасцяў. Цяпер у Беларусі адкрытыя дзвесце тысяч вакансіяў, і ідзе планавы рост». Такую радасную навіну паведаміла гледачам БТ міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка. Гэта значыць, з пункту гледжання міністаркі, чым больш вакансіяў, тым лепш? І яна радуецца, гледзячы ўвесь час, як «планава» павялічваецца лічба?
Там, у Рэспубліканскім банку вакансіяў, ужо больш за 200 тысячаў. Гэта, на хвілінку, ужо 5 % ад усіх занятых у эканоміцы, і няма ніякага шанцу спыніць пашырэнне гэтай дзіркі. Не прыедуць да нас ні пакістанцы, ні зімбабвійцы... Тут днямі прэзідэнт Гвінеі-Бісаў прыязджаў, 175-ая краіна паводле ўзроўню развіцця, ВУП на чалавека – $ 1500 (гэта ў пяць разоў менш, чым у Беларусі). Дык вось: яны таксама не прыедуць, не выратуюць беларускай эканомікі ад самай галоўнай хваробы на гэты момант – недахопу працоўных рук. Чаму не прыедуць?
Таму што нават у такіх экзатычных краінах жывуць цалкам эканамічна рацыянальныя людзі. І калі яны ўжо надумаюць рызыкнуць, выбрацца з уласнай жабрацкай краіны, пашукаць шчасця на чужыне, то Беларусь будзе апошнім месцам, пра якое яны падумаюць як пра «пункт росту», дзе ў іх ёсць «акно магчымасцяў».
Але ж! Не трэба праводзіць сацыялагічных апытанняў у Пакістане ці Нікарагуа на тэму «Чаму вы не хочаце паехаць працаваць у Беларусь?», не трэба плаціць камандзіровачных і марнаваць інтэлектуальных сілаў працаўнікоў НАН. Можна зрабіць прасцей: задаць гэтае ж пытанне ментальна блізкім нам украінцам.
Там вайна. Беларусь афіцыйна пазіцыянуецца як «выспа міру». Пры гэтым, нягледзячы на заявы, што да нас заехалі ці то 300 тысячаў, ці то 400 тысячаў украінцаў – засталіся працаваць ніяк не больш за дзве тысячы. Чаму так?
,,Чаму ўкраінцы не штурмуюць польска-беларускай мяжы, каб уладкавацца на «Камволь» ці МАЗ? Адказаўшы на гэтае пытанне, вы аўтаматычна адкажаце і на пытанне, чаму групы «турыстаў» з сяброўскіх краінаў Азіі (нікім, вядома ж, не арганізаваныя) таксама ўспрымаюць Беларусь толькі ў якасці перавалачнага пункту і не болей.
Пагадзіцеся, дзіўна імкнуцца ў дэпрэсіўную Нямеччыну, якая загнівае і дэградуе, калі ў любым беларускім калгасе цябе чакае жытло, кавалак уласнай зямлі і цікавая высокааплатная праца. Навошта ж кудысьці яшчэ ехаць? Хіба каб даставіць радасць міністарцы, каб графік упэўненага росту лічбы вакансіяў ні ў якім разе не засмучаў. Толькі наперад і ўверх!
Добра б колькасць вакансіяў, Наталлю ж вельмі радуе і рост заробкаў. Так і кажа: паглядзіце, якая прыгажосць! У першым квартале заробкі выраслі: у прамысловасці – на 17,1%, у сельскай гаспадарцы – больш за 23 %, а ў будаўніцтве дык і зусім 27 %! І іншыя галіны, кажа, не адстаюць.
Хто б ёй патлумачыў, што калі рост у айчыннай прамысловасці склаў за гэты ж перыяд крыху больш за 2 %, а заробкі павялічыліся на 17 %, то тут нешта не так... Што прадпрыемствы павінны або падымаць кошты (разганяць інфляцыю), каб кампенсаваць ненатуральны рост заробкаў (што падрывае іх канкурэнтаздольнасць), або забіваць сваю ўласную рэнтабельнасць.
Ды зрэшты, калі міністарка не верыць галасам, якія «гаўкаюць з-за мяжы», то магла б звярнуць увагу на прагнозныя паказальнікі сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэты год. Іх усё ж такі пісаў Галоўчанка, а не Кныровіч. Што там было? Там быў планавы рост ВУП – 4,1 %, а рост даходаў насельніцтва (асноўны ўнёсак – заробак) – 4 %. Як казаў герой аднаго фільму: «Смекаешь?»
Гэта значыць, рост эканомікі (або асобных галінаў) павінен абганяць рост заробкаў, інакш прадпрыемствы пачынаюць з'ядаць самі сябе, у іх пачынаецца фінансавы рак, і няма нічога добрага ў такім неабгрунтаваным росце заробкаў.
Яна не разумее? Ці свядома падманвае насельніцтва? Для выніку не важна. Не ў ейных, міністаркі, сілах неяк паўплываць на развязанне гэтай праблемы – недахопу рабочых рук. Тут час краіну калючым дротам абносіць, каб народ перастаў разбягацца. Зрэшты, гэта задача ўжо для зусім іншага міністэрства.
belsat.eu / MB