У Кітаі запусцілі сетку 10G, якая паказвае неверагодна высокую хуткасць інтэрнэт-злучэння. Ці магчыма нешта падобнае ў Беларусі? Пра гэта і перспектывы ўкаранення сеткі 5G у нашай краіне «Белсат» паразмаўляў з экспертам лічбавай бяспекі Мікалаем Кванталіяні.
Што за 10G?
Як нядаўна стала вядома, кампанія «Huawei» разам з аператарам «China Unicom» запусцілі ў Кітаі новую правадную шырокапалосную сетку з хуткасцю 10 Гбіт/с. Гэта першы падобны праект у свеце. Аднак назва 10G можа збіць з панталыку: тут «G» значыць не «пакаленне», як у 4G ці 5G, а «гігабіт» – гэта значыць, гаворка ідзе пра хуткасць, а не пра тып мабільнай сувязі.
Сетку разгарнулі ў ваколіцы Сун-Юаня (правінцыя Хэбэй, усход Кітая). Для яе працы выкарыстоўваецца тэхналогія 50G PON, якая тэарэтычна можа забяспечваць хуткасць да 50 Гбіт/с. Паводле адмыслоўцаў, асаблівасць гэтай сеткі – не толькі высокая хуткасць перадачы звестак, але і вельмі нізкая затрымка – усяго каля 3 мілісекундаў.
Беларусі 10G толькі сніцца. Ці ўсё ж не?
Эксперт лічбавай бяспекі Мікалай Кванталіяні лічыць, што тэарэтычна гэта магчыма. Толькі для гэтага мусяць быць эканамічная мэтазгоднасць і разуменне таго, якія тэхнічныя задачы мае развязваць краіна, каб пачаць выкарыстоўваць гэтую інфраструктуру з эканамічнай выгадай для сябе.
Суразмоўца звярнуў увагу на тое, што пакуль відавочны іншы аспект:
,,«Мы бачым, што ІТ-бізнес спрабуе хутчэй рэлакавацца з Беларусі, чым вярнуцца ў краіну, што можа ўплываць на тое, што, верагодна, такія хуткасці могуць не акупіцца проста за кошт інвестыцыяў», – адзначыў Мікалай Кванталіяні.
Эксперт звярнуў увагу на тое, што тэставы перыяд у Кітаі быў разгорнуты толькі ў адной правінцыі, якая паводле колькасці жыхароў можа перавышаць насельніцтва ўсёй Беларусі.
Мікалай Кванталіяні адзначыў, што дзеля таго, каб зразумець, колькі часу і сродкаў спатрэбіцца на тое, каб запусціць 10G у Беларусі, трэба паглядзець, колькі грошай выдаткаваў кітайскі ўрад на гэты праект.
«Як мы бачым, гэта такі доўгатэрміновы праект, звычайна на гэта ідзе інфраструктурна некалькі гадоў з моманту прыняцця палітычнай пастановы і адшукання кампаніі, якая гэта зрэалізуе. І гэта шматмільённы праект», – адзначыў суразмоўца.

Разгортваем 5G
У той жа час у Беларусі толькі-толькі разгортваецца сетка мабільнага інтэрнэту 5G – 1 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў адмысловы ўказ аб стварэнні адпаведнай сеткі. Мы пацікавіліся ў эксперта, колькі часу мае прайсці да таго моманту, калі беларусы будуць мець магчымасць масава карыстацца гэтым стандартам.
На думку Кванталіяні, пры наяўнасці грошай, палітычнай пастановы і тэхнічнага забеспячэння гэта ўсё можна зрабіць цягам года.
,,«Але пытанне – колькі гэта будзе рэалізоўвацца ў Беларусі, хто будзе ў асноўным інвеставаць у гэтае развіццё? І што гэта азначае? Што для звычайных беларусаў інтэрнэт зробіцца больш дарагім? І ці будуць яны абіраць паміж 4G і 5G, калі гэта будзе адрознівацца ў два разы на карысць 5G?» – адказаў пытаннямі на пытанне суразмоўца.
Таксама ён адзначыў, што ў першую чаргу, вядома ж, сетка 5G будзе разгорнутая ў Менску і абласных цэнтрах, а пасля яе будуць развіваць у іншых рэгіёнах краіны.
Раман Шавель belsat.eu