Гісторыі

«У Польшчы налічылі $ 21 тысячу, у Грузіі – $ 7 тысячаў». Куды беларусы едуць рабіць зубы?

Лекаванне зубоў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лекаванне зубоў. Фота: Science Photo Library / Science Photo Library / East News
podpis źródła zdjęcia

Якасныя стаматалагічныя паслугі ў Беларусі заўсёды моцна білі па кішэні: на імпланты, напрыклад, аднаго сярэдняга заробку не хопіць. З такою сітуацыяй сутыкнуліся і беларусы, якія эмігравалі ў краіны Еўразвязу. Там лекаванне і пратэзаванне вельмі дарагое і часта не пакрываецца страхоўкамі. На гэтым фоне ўсё большую папулярнасць набывае медычны турызм у краіны за межамі ЕЗ, дзе такія паслугі значна таннейшыя. Пагутарылі з беларусамі, якія ездзілі па зубы ў Албанію, Малдову, Турцыю, Грузію, параўналі кошты, а таксама запыталіся, як ставяцца стаматолагі ў Польшчы да такіх тураў.

Грузія


Стаматалагічны турызм у Грузіі толькі развіваецца. Усё ж, больш папулярная суседняя Турцыя – туды і грузіны ездзяць, у тым ліку і стаматолагі: кажуць, там часта танней і якасней. Грузінскую стаматалогію беларусы адкрылі для сябе, калі масава паехалі ў гэтую краіну ў 2020–2023 гадах. І бальшыня прыемна ўражаная цэнамі, якасцю і даступнасцю.


Сярэднія цэны тут наступныя: складанае лекаванне каналаў пад мікраскопам – 100–150 еўраў, імплант – 400–900 еўраў (у залежнасці ад фірмы-вытворцы і клінікі), каронка – 70–200 еўраў (у залежнасці ад матэрыялу і клінікі). Клінікі прапаноўваюць аднамомантавую імплантацыю і пратэзаванне за адзін дзень. У Тбілісі ўжо ёсць прапановы, у якія разам са стаматалагічным лекаваннем уваходзіць сустрэча ў аэрапорце, гатэль, харчаванне, экскурсіі.


Берасцеец Алесь сутыкнуўся з неабходнасцю рамантаваць зубы яшчэ ў Беларусі, у 2021 годзе. Варыянты, якія прапаноўвалі ў берасцейскіх клініках, мужчыну не пасавалі. У адной казалі, што спачатку выдаляць зубы, а імпланты толькі праз паўгода паставяць. У другой налічылі за імпланты з каронкамі 14 тысяч еўраў.


Пакуль Алесь думаў, што рабіць, давялося выехаць з Беларусі. Разам з сям’ёю ён паляцеў у Грузію. Праз некаторы час стала ясна, што вяртацца дамоў нельга, і Алесь пачаў разглядацца на месцы.

,,

«Знайшоў вельмі файны варыянт. За адзін дзень мне вырвалі старыя зубы, паставілі імпланты. Ужо праз тры дні ў мяне ўверсе былі ўсе новыя зубы. Уся працэдура каштавала каля 2,5 тысячы еўраў», – апавядае мужчына.


З Грузіі Алесь пераехаў у Польшчу. Там праз некаторы час пачаліся праблемы з адным з імплантаў, іх у Польшчы развязаць не здолелі. Давялося зноў ляцець у Грузію – толькі каб «падкруціць» імплант.


«Гэта было дорага, вядома. Але ў Польшчы яшчэ даражэй», – зазначае наш суразмоўца.


Больш ніякіх праблемаў не ўзнікала. Алесь агулам задаволены якасцю зубоў і раіць свайго доктара іншым беларусам, яны таксама застаюцца задаволеныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турысты на набярэжнай у Батумі, Грузія. 27 траўня 2024 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турысты на набярэжнай у Батумі, Грузія. 27 траўня 2024 года. Фота: Белсат

Алена (імя змененае з меркаванняў бяспекі) таксама выбрала Грузію з прычыны кошту. У Польшчы за некалькі імплантаў і каронак жанчыне налічылі 21 тысячу долараў:


«Я спачатку гэтую справу закінула, але потым у мяне пачаліся праблемы пад старым мастом, і трэба было штосьці вырашаць».


У Турцыю Алена не хацела ляцець, бо лічыць, што гэта не вельмі бяспечна для беларусаў з «палітычным» бэкграўндам.


«Тады адна знаёмая мне параіла Грузію. Я думала, што з дарогай і пражываннем той жа кошт і выйдзе. Але я даслала ў грузінскую клініку свае здымкі, мне ўсё пралічылі, і ў выніку ўсё атрымалася ўтрая танней – 7 тысяч долараў. Пакуль я зрабіла толькі частку, таму канчатковую якасць складана ацаніць. Але на гэты момант нічога лішняга не было, наконт сумы як сказалі, так і выйшла. Гэта імпланты разам з каронкамі, добрыя і якасныя матэрыялы», – адзначае беларуска.


Алена вельмі задаволеная клінікай і абслугоўваннем:

,,

«Сабраўся кансіліум, дактары вельмі лагодныя, няма моўнага бар’еру. Не шкадую пра свой выбар. Нават з пражываннем і дарогаю выйшла значна танней, хоць я прыляцела ў Тбілісі на месяц, каб усе гэтыя пытанні павырашаць».


Малдова


Малдова – невідавочны кірунак, каб лячыць зубы. Аднак у гэтай краіне апошнім часам таксама набірае абароты стаматалагічны турызм. На сайтах клінік кошты на імпланты пачынаюцца ад 300 еўраў, металакерамічнай каронкі – ад 150 еўраў. Ёсць пакеты для медычных турыстаў – з сустрэчай у аэрапорце, рэзервацыяй гатэлю.


Ігар (імя змененая з меркаванняў бяспекі), як і шмат іншых беларусаў, калі сутыкнуўся з праблемаю з зубамі за мяжою, моцна задумаўся. У Беларусь вяртацца нельга, а ў Польшчы вельмі высокія цэны. За адзін карэйскі імплант «Megagen» і цырконіевую каронку польская клініка папрасіла 6 тысячаў злотых (1400 еўраў). Ігару трэба было ставіць тры. Адпаведна, кошт павялічваўся да 18 тысячаў злотых (4200 еўраў), і гэта без уліку выдалення зубоў ды іншых працэдураў.


Спачатку мужчына думаў пра Албанію – знаёмыя параілі яму доктарку, да якой «лётаюць усе беларусы», але з ёю не ўдалося наладзіць кантакту. Тады Ігар пастанавіў паглядзець на Малдову, дзе цэны таксама аказаліся вельмі прывабнымі.


«Акрамя таго, Малдова – францір заходняга свету, якая змагаецца за тое, каб быць у Еўропе, супрацьстаіць расейскаму наступу. Таму я пастанавіў зубы там зрабіць і гэтак падтрымаць краіну», – кажа мужчына.


Рэйс Варшава – Кішынэў абышоўся Ігару ў 30 еўраў у абодва бакі («Wizzair»). Гатэль у Кішынэве – таксама 30 еўраў за содні. Клініка зарганізавала сустрэчу ў аэрапорце. За тыдзень беларусу паставілі тры імпланты, а таксама неабходныя пломбы на іншыя зубы.


«Адзін імплант разам з каронкаю таго ж брэнду, што прапаноўвалі ў Польшчы, – «Megagen» – каштаваў 600 еўраў. Агулам усё разам з дарогай і пражываннем і лячэннем іншых зубоў выйшла ў 2,5 разу танней, як у Польшчы. А яшчэ і як турыстычная паездка атрымалася», – зазначае беларус.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць праз Трыумфальную арку ў Кішынэве, Малдова. 31 траўня 2023 года. Фота: Dogukan Keskinkilic / Anadolu Agency via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць праз Трыумфальную арку ў Кішынэве, Малдова. 31 траўня 2023 года. Фота: Dogukan Keskinkilic / Anadolu Agency via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Andrea Piacquadio / Pexels.com

У Беларусі больш не будзе дзіцячых стаматолагаў

навіны

Першы раз Ігар трапіў у Кішынэў за тыдзень да рэферэндуму і выбараў увосень 2024 года: кажа, было вельмі цікава за ўсім паназіраць, пагутарыць з людзьмі:


«Дактары ўсе былі за Еўропу і Маю Санду, таксоўцы – за Расею і Пуціна. Агулам Малдова – нібы Беларусь 25-гадовай даўніны. Такая ж забудова, рэклама такой жа якасці, вопратка ў людзей».


Але стаматалогія – на высокім узроўні, адзначае Ігар:


«У Польшчы мне даводзілася лячыць зубы, і я бачыў у некаторых кабінетах такое абсталяванне, якое, падаецца, ужо варта было б і замяніць. У Малдове – самае сучаснае абсталяванне, дактары з вялікім стажам працы, дасведчаныя. Сюды прыязджаюць па зубы італьянцы, немцы».


Егіпет


Пра стаматалогію ды іншыя медычныя паслугі ў Егіпце нам апавяла былая беларуская журналістка, а цяпер блогерка, якая ўжо 10 гадоў жыве ў Каіры, Раяна Вольга Чарных. Паводле яе, у Егіпце медычны турызм робіцца ўсё больш папулярным. Па стаматалагічныя паслугі – комплекснае лячэнне, пратэзаванне, устаноўку вініраў – прылятаюць расейцы, еўрапейцы, жыхары краінаў Персідскай затокі. Імплант з цырконіевай каронкай у каірскіх клініках прапаноўваюць нават за 350 еўраў.


Едуць сюды і па пластычную хірургію, рэпрадуктыўную медыцыну – тут вельмі даступныя цэны на ЭКА, замарожванне эмбрыёнаў. Вольга кажа, Егіпет шмат у якіх паслугах ужо забірае пальму першынства ў Турцыі.

,,

«У Турцыі цяпер праз высокі ўзровень інфляцыі моцна выраслі цэны – і на паслугі, і на імпартныя камплектавальныя, і на жыццё. Прыехаць жа давядзецца не на дзень-два, а як мінімум на тыдзень. Турцыя шмат каму робіцца недаступная, а Егіпет тут моцна выйграе. І гаворка не толькі пра стаматалогію, а і пра іншыя медычныя паслугі. На чэкап усяго арганізму прыязджаюць. Некаторыя медычныя цэнтры тут падтрымліваюць міжнародныя страхавыя кампаніі і робяць істотныя зніжкі», – апавядае Вольга.


Блогерка адзначае высокі ўзровень медыцыны ў Егіпце і кажа, што гэта ўжо даўно зусім не адсталая краіна трэцяга свету. Нашая суразмоўца нарадзіла там дваіх дзяцей і кажа, што не паляцела б нараджаць у Беларусь, нават калі б даплацілі. Таксама жанчына кажа пра высокі ўзровень педыятраў:


«У Егіпце, напрыклад, даўно не выкарыстоўваюць аксітацыну для стымуляцыі родаў, а замест яго – простагландын, які дзеіць нашмат мякчэй. Ці што датычыць дзяцей. Я была з сынам у Беларусі, у яго быў атыт. Выклікала хуткую, дактары прапанавалі ўкалоць «трайчатку». Калі я гэта апавяла доктарцы ў Егіпце, яна ўзялася за галаву:маўляў, што ў вас там за глухое Сярэднявечча».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мячэць эль-Азгар у Каіры, Егіпет. 27 студзеня 2025 года. Фота: Esra Hacioglu Karakaya / Anadolu via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мячэць эль-Азгар у Каіры, Егіпет. 27 студзеня 2025 года. Фота: Esra Hacioglu Karakaya / Anadolu via Getty Images

Паводле Вольгі, прыём у доктара ў добрай прыватнай клініцы ў Каіры каштуе 400 егіпецкіх фунтаў – каля 8 долараў, у вельмі дарагім медцэнтры, дзе працуюць запрошаныя дактары з ЗША і Еўропы, – каля 18,5 долара.


«Мы нядаўна рабілі МРТ – паяснічны і шыйны аддзелы хрыбетніка. За два абследаванні без чаргі – прыйшлі а 10:00 і а 10:40 зайшлі ў кабінет – заплацілі каля 81 долара. Расшыфроўка на наступны дзень», – апавядае блогерка.


Вельмі зручна ў Егіпце здаваць аналізы: лабараторыю можна выклікаць на дом за прыкладна 50 долараў. У гэты кошт увойдзе шырокі спектр паказнікаў крыві. Вынікі вышлюць на Whatsapp. Адзіная складанасць для экспатаў з постсавецкай прасторы – уся камунікацыя вядзецца па-англійску.


Турцыя


У Турцыю едуць як беларусы замежжа, гэтак і з Беларусі. Турэцкія клінікі рэкламуюць свае паслугі ў нашай краіне, прапануюць пакеты менавіта для беларусаў, прывабліваюць параўнаннем цэнаў.


«Ведаеце, што агульнага паміж болем зубоў і цэнамі на лекаванне ў Еўропе? І адно, і другое можа прымусіць заплакаць! Але не ў Турцыі. Тут лекаванне каштуе ў 2–4 разы танней, як у Беларусі і краінах Еўропы, пры гэтым якасць – сусветнага ўзроўню», – запэўнівае адна з клінік.


І прыводзіць параўнанне цэнаў: імплант (усё ўключана) у Беларусі – 1100 еўраў, у Турцыі – 350–600 еўраў, вініры (на 1 зуб) у Беларусі – 300 еўраў, у Турцыі – 130–200 еўраў, каронка цырконіевая ў Беларусі – 400 еўраў, у Турцыі – 150–250 еўраў.


У беларускі Дар’і адсутнічаў адзін зуб, трэба было ставіць імплант. Справу можна было адкласці, але тут муж жанчыны зламаў пярэдні зуб. Сужэнцы жывуць у Польшчы і адразу пайшлі да доктара там.

,,

«Атрымаліся вар’яцкія кошты, амаль усё не пакрываецца польскаю дзяржаўнаю страхоўкаю, акрамя хуткай дапамогі. Мужу заклалі лекі, калі ён зламаў зуб, каб не балела, і на гэтым усё», – апавядае Дар’я.


Акрамя зламанага, у мужа адсутнічалі яшчэ два зубы, а таксама быў няправільны прыкус. Беларусы пачалі шукаць, дзе маглі б комплексна развязаць праблему.


«Я пачала вывучаць Турцыю, перабрала больш за 20 прапановаў, звязвалася з кансультантамі. Там усё вельмі добра выбудавана: у кожнай клініцы ёсць кансультанты на розных мовах, каб маглі прыехаць людзі з розных краінаў. Я абрала клініку ў Ізміры, бо яна прапанавала тую якасць, якую я шукала. І дадаткова, бо мы ехалі з мужам, як бонус нам аплацілі квіткі», – адзначае Дар’я.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям'я шпацыруе каля гадзіннікавай вежы ў сонечны дзень у Ізміры, Турцыя. 11 лістапада 2024 года. Фота: Serkan Cetin / Anadolu via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям'я шпацыруе каля гадзіннікавай вежы ў сонечны дзень у Ізміры, Турцыя. 11 лістапада 2024 года. Фота: Serkan Cetin / Anadolu via Getty Images
Стаматолагі (Фота: Andrea Piacquadio / Pexels.com)

Беларускім стаматолагам урэжуць цэны. Але яны звыклі «працаваць у стане катастрофы»

навіны

У пакет клінікі ўвайшлі трансфер і жытло ў гатэлі са сняданкам. Іншыя бонусы, паводле суразмоўцы, залежаць ад таго, што вы робіце і на якую суму.


«Муж зрабіў некалькі імплантаў і каронкі на ўвесь рот. Мы палячылі зубы, я паставіла патрэбныя каронкі. І нам гэта абышлося разам з паездкай прыкладна ў 7 тысяч еўраў. За гэтыя грошы ў Польшчы мы б не зрабілі нават дзясятай часткі таго, што зрабілі ў Турцыі. І гэта быў таксама турызм і адпачынак. Неўзабаве муж паедзе ставіць каронкі на імпланты», – кажа беларуска.


Якасць працаў і матэрыялаў у клініцы, куды Дар'я з мужам зварталіся, сусветная. У гатэлі пара сустрэла беларусаў, якія прыляцелі з ЗША ставіць англійскія вініры на ўсе зубы. Нават з улікам пералёту ім гэта выходзіла танней, як удома.


Албанія


Албанія пазіцыянуе сябе як краіна, у якой цэны на лекаванне зубоў у 4–5 разоў ніжэйшыя, чым у краінах Еўразвязу. Пломбу абяцаюць паставіць за 15–35 еўраў, імплант з каронкаю – за 400–700 еўраў (мінімальны і сярэдні кошт).


У Алега (імя змененае з меркаванняў бяспекі), беларуса, які цяпер вымушана жыве ў Літве, здарыўся, як ён кажа, «страшны сон эмігранта» – зламаўся пярэдні зуб.

,,

«Гэта сітуацыя, калі ты не можаш адцягваць «рамонту». Я пайшоў у клініку ў Вільні, нібыта танную, куды ходзяць іншыя беларусы і якую раяць. Але там мне сказалі, што каронка будзе каштаваць ад 800 да 1000 еўраў. Для мяне гэта вельмі дорага. Тады я пачаў думаць, што рабіць», – апавядае мужчына.


Знаёмыя параілі доктарку ў Албаніі.


«Два чалавекі з маіх сяброў у сацыяльных сетках карысталіся ейнымі паслугамі, і я пастанавіў рызыкнуць, бо сітуацыя была пільная», – зазначае беларус.


Алег напісаў доктарцы. Моўнага бар’еру не было – яна расейскамоўная, з адной з постсавецкіх краінаў. Дамовіліся на прыём. Наш суразмоўца знайшоў квіткі на самалёт з Варшавы да Тыраны за 13 еўраў. Аўтобусам даехаў з Вільні да Варшавы, гэтак сама – з Тыраны да Дурэсу, дзе ўласна і прымае доктарка. Паездка адбывалася не ў сезон, таму таксама вельмі танна ўдалося зняць жытло.


За каронку Алег заплаціў 200 еўраў: у 4–5 разоў танней, як у Вільні.


«У Албаніі я правёў тыдзень, бо спачатку трэба зрабіць пробу, а потым ужо ставіць каронку. Хто жыве ў Варшаве, прылятае на дзень на пробу, ляцяць дамоў, а потым праз некалькі дзён вяртаюцца ставіць каронку. Мне такі варыянт не пасаваў, таму крыху затрымаўся. Але нават з улікам гэтага і дарогі агульная сума выйшла ніжэйшая, як за адну каронку ў Вільні», – дзеліцца мужчына.


З моманту ўстаноўкі каронкі мінула ўжо амаль паўгода. Ніякіх праблемаў з ёю не ўзнікала, кажа Алег, які цалкам задаволены якасцю паслугі:


«Мне спадабалася ўсё – і якасць, і ўзровень, і кошт, які не ўдарыў па сямейным бюджэце. Я чуў, што некаторыя клінікі ў Літве нават растэрміноўку прапаноўваюць на свае паслугі, бо там непад’ёмныя для людзей сумы. Гэта жахліва».


Албанія vs Украіна


Ксенія рамантавала зубы ва Украіне, яшчэ да вайны, і ў Албаніі. У Львоў былі вельмі танныя квіткі з Польшчы. У лістападзе 2021-га – лютым 2022-га дзяўчына лячыла там каналы, рабіла чыстку і ставіла каронкі. Пра якасць кажа: 10000/10.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Майдан незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 22 траўня 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Майдан незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 22 траўня 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

У Албанію Ксенія паляцела ў ліпені 2024 года. Некалі беларуска ставіла самыя танныя каронкі ў Польшчы і захацела замяніць іх на больш якасныя. Керамічная каронка абышлася ў прыкладна 250 еўраў. Аднак якасцю дзяўчына засталася не вельмі задаволеная.


«Там вельмі развіты стаматалагчны турызм, але шмат няякасных клінік. Доктар вельмі добра вырваў васьмёрку майму партнёру, за 50 еўраў, але так сабе паставіў мне каронкі. Але гэта не крытычна, гадоў 5 яны дакладна паслужаць. А яшчэ ўва ўсёй Албаніі няма мікраскопа, таму некаторыя працэдуры проста немагчыма зрабіць. Я б працягвала ездзіць ва Украіну, але гэта вельмі доўга і, з аповедаў сяброў, там значна падаражэла стаматалогія. Думала пра Грузію, але не так выгадна выходзіць. Аднак знаёмая, ёй трэба было ставіць масты, спецыяльна ездзіла ў Тбілісі да нейкай украінскай доктаркі. То бок гэта план Б, калі будзе трэба нешта вельмі сур'ёзнае», – кажа Ксенія.


Цяпер дзяўчына знайшла ў Польшчы беларускіх стаматолагаў, памяняла ў іх старую пломбу, якую ставіла яшчэ ў Беларусі. Кажа, цэны ў іх польскія, аднак Ксенія ўпэўненая ў якасці:


«Доктарка-беларуска хіхікала, што пломба няякасная, але дала рады. Палякі, я перакананая, істэрычна крычалі б «Не ведаю, што з вамі зрабіць». У нас іншыя пратаколы лекавання, і іх гэта ўводзіць у ступар».


Ксенія чула негатыўныя водгукі пра турэцкіх стаматолагаў, але адначасова можа апавесці шмат кепскага і пра польскіх.

,,

«Тая ж доктарка-беларуска параіла мне топ-3 краіны для стаматалагічнага турызму. Пры ўмове, што вам няма як трапіць ва Украіну. Арменія, Грузія і Албанія, з вялікім адрывам», – падсумавала Ксенія.


 Польшча


А што думаюць стаматолагі, якія працуюць у Польшчы, пра медычны турызм? Мы задалі гэтае пытанне адной з клінік, якую заснавалі ў Варшаве беларусы. Паводле яе прадстаўніка, усё залежыць не столькі ад краіны, колькі ад якасці матэрыялаў, брэнду, узроўню клінікі і доктара. Аднак «ёсць некалькі прычынаў, чаму лекаванне ў Польшчы ці іншай краіне ЕЗ можа лічыцца больш надзейным». Першая – кантроль якасці і сертыфікацыі.

,,

«У Польшчы імпланты праходзяць строгую сертыфікацыю паводле стандартаў ЕЗ. Гэта значыць, што матэрыялы, метады стэрылізацыі, даўгавечнасць сістэмаў правераныя. У Турцыі таксама ёсць добрыя імпланты: «Straumann», «Nobel», «Megagen» ды іншыя, але ў шэрагу клінік могуць выкарыстоўваць танныя мясцовыя аналагі без міжнародных сертыфікатаў. Гэта ашчаджае грошы, але ўплывае на надзейнасць», – кажа прадстаўнік клінікі.


Паводле суразмоўцы, у Турцыі ёсць рызыка падробак і танных брэндаў. Праз высокую канкурэнцыю і ціск у зніжэнні цэнаў там часам ужываюць менш надзейныя сістэмы, якіх няма ў Еўропе, а пацыенту могуць нават не апавесці, які менавіта яму ставяць імплант, і не выдаць на яго пашпарта.


Акрамя таго, калі штосьці пойдзе не так, у Турцыі складаней паскардзіцца і вярнуць грошы ці дамагчыся, каб перарабілі.


«Да нас некалькі разоў звярталіся пацыенты пасля ўстаноўкі імплантаў у Турцыі з праблемамі», – рэзюмуе прадстаўнік клінікі.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10